— Не возьмем так, распранайся, Васька,— сказала Ненене.
I Васька распрануўся, адчуваючы нейкае дзіўнае, невядомае яму раней спачуванне да гусей і зайздрасць да іх вольнага жыцця... Але хутка спачуванне знікла, ён стаў злаваць, і не толькі на гусей, але і. на Ненене, на Махахеіху, якая так спрытна пад'ехала да яго, аблытала, а ён вушы развесіў, пабег гусак шукаць. I хто гэта толькі такі паклёп на гусей узвёў, што яны адны з самых бесталковых, хто бесталач, дык гэта ён, толк выйшаў, а бесталач засталася, гусі былі вельмі талковыя. Яны добра ведалі, што ім трэба трымацца вады, мітусіліся, валілі адзін аднаго на беразе, нібы скараліся, а самі, як ракі, адступалі да вады. I на вадзе, у рэчцы, здабывалі толк і спрыт, паспявалі не толькі выслузнуць з-пад носа, але схапіць яшчэ нейкую маляўку, падражніць усіх чацвярых, уключаючы і Дружка, гучным і радасным: га-га-га, у нас во рыбка, а вам дулю з макам і будзьце на тым здаровымі. Елі сваю рыбу, плавалі, ныралі, забаўляліся, весяліліся, а людзі бесталкова бегалі па беразе, пакуль не раз'юшыўся Дружок і гусак не дзеўбануў яго ў лоб, так дзеўбануў, што той заскуголіў і пачаў хапаць гусей за лапы, хвасты. I гэта прывяло гусей да памяці, яны ўспомнілі аб сваёй свойскасці і хатнасці, аб тым, што чалавек павінен бараніць іх, пацягнуліся берагам да вёскі. Яііы прыгналі тых гусей амаль у Свілёва, калі Ненене раптам сказала:
— Надзька, а гэта ўсё вашы гускі?
— Ты што, бабуля, якія яны нашы, гэта ж твае.
— Не-не-не,— адмовілася бабуля.— У мяне пяць толькі. Гэта вашы гусі.
— Нашы зялёным чарнілам пазначаны.
— А ў маіх крылы не абрэзаны, а гусак валяваты. Вунь падобна па тое, што мой гусак, а астатнія не-не-не.
Дык чые ж гэта гусі мы гонім? — абурыўся Васька.— Не хапала мне яшчэ гусей! За кабана яшчэ бацька не разлічыўся.
— Твая праўда, Васька, чые ж гэта гусі? — задумалася Ненене.— Ці не дадуць нам у рэбры за гэтых гусей? Вунь той, з чырвоным крылом, Шчура, добра ведаю, чырвоная краска толькі ў іх была. Валяваты, здаецца, мой... Гулі- гулі, гулі,— загулькала Ненене, і гусак павярнуў галаву на яе голас і вымавіў у адказ ёй нешта не вельмі добрае.— Мой,— узрадавалаея Ненене.— А тая гуска ваша, Надзька, бачыш, сіняе крыло, вада адмыла сіньку... Ды тутачкі ж з усяго сяла гускі. Вунь Цупрычыхі, гэта яе як падстрэленыя, як пабрытыя, толькі яна так коратка крылы падразае і пух дзярэ з жывога.
— Не паганю я далей гэтых гусей,— сказаў Васька, унурыўшыся.— Хай яны ўсе перадохнуць. Хай іх усіх меліяратары ў суп і Цупрычыхі — першага.
— Не-не-не, Васька,— уплялася бабуля за Ваську,— Гэта ж усяго сяла гусі, гэта ж усё, што засталося ад нашых чарод...
Тады Цупрычыхі аддзяляй,— сказаў Васька цвёрда. I стаяў бы на сваім цвёрда, але тут да іх прыйшоў Мацвей Роўда, як чорт балотны, увесь у твані, у торфе і машынным масле.
— Выцягнулі? — кінулася да яго Надзька.
— Цягнуць. А вы чаго тут, як гусі, вэрхал паднялі?
Гэта Васькавы гусі,— адмежавалася ад іх Надзька.— А табе ўмыцца трэба.
— Яму не адмыцца,— не так, як каля трактара, а ціха і горка сказала Ненене,— папярок горла стануць яму мае гускі.
Мацвей, пэўна, нічога не зразумеў ці не паспеў зразумець.
— Гані, Вася, гані гусей. I ты, Ненене, ганіце,— загадала ім Надзька.
— Гусі Рым выратавалі,— паспрабаваў наказаць эрудыцыю Васька, але гэта не дапамагло яму.
— А ты ратуй гусей, Брытан,— і Надзька амаль за рукаў пацягнула Мацвея да рэчкі.
А яны пагналі гусей, Васька патурыў іх так, што беглі як не галопам. Яго настрой, пэўна, перадаўся і Дружку. Той улягаў за імі што было сілы, збіваў у чараду, згуртоўваў і тут жа раскідваў гэтую чараду. Васька пасцёбваў дубцом тых, што адставалі, што спатыкаліся, біў па крылах, баках, што ў барабан, пакуль яго не пачала сарамаціць Ненене:
— Ці ж гусі вінаватыя, Васілёк, ты лепш ужо мяне, чымсьці птушку, што за правіна на ёй, безабароннай.
I яму зрабілася няёмка ад гэтых яе простых і проста вымаўленых слоў. Ненене, здаецца, і гаварыла не яму, разважала сама з сабой, вырашала нешта сама сабе ці, хутчэй, правярала нешта даўно ўжо вырашанае. I, праверыўшы, засумнявалася. I зараз размотвала, разблытвала гэтыя сумненні і спадзяванкі, як бабы разблытваюць пражу, сучыла, цягнула суравую нітку жыцця, выцягвала на белы свет сабе на пагляд тое, што было на другім канцы гэтай піткі. А там, як на грэх, мусіць, нічога і не было. Адзіны толькі кончык у руцэ, а другі ўжо даўно на верацяне. Верацяно яшчэ кружыцца, каб падхапіць на сябе і гэты другі кончык, і будзе кружыцца далей, толькі трэба часцей пляваць на пальцы, змазку даваць мазалям, трэшчынам, парэпінам, каб не перашкаджалі яны кружэнню, каб не спынялася гэтае кола-верацяно, каб і не прыкметна было яго кружэнне, інакш можа закружыцца галава, пойдзе колам, кругам, як тое ж верацяно. I пайшла, пэўна, ужо кругам галава ў Ненене, давялося ёй, мусіць, у свой час папасвіць чужых гусей, таму і азіраецца так вакол цяпер, бы баіцца чаго, як бы трапіла незнарок без перасадкі з сённяшняга дня, з старасці, у сваё дзяцінства. Як і ў дзяцінстве, стаяць вакол тыя ж самыя дубы, тая ж рэчка пакуль што яшчэ бяжыць, тое ж неба над галавою, як і раней, заходзіць на ім сонца, а хаты ўжо і не тыя, і яна, Ненене, ужо старая, а гусі ўсе яшчэ чужыя, і таму такі безабаронны яе твар, як голая яна зараз перад гэтымі гусямі. Безабароннасць, распранутасць адчуў і Васька, па мянушцы Брытан, і сорам, але не перад гэтай старой, не перад Ненене, хоць яна і была сведкай таго, як віла з яго вяроўкі Надзька, сорам не перад гусямі, з якіх так здзекаваўся ўжо сам ён толькі што, а перад чымсьці ці кімсьці мо і неіснуючым, а калі і існуючым, то без'языкім, невідушчым, нябачным, падобным на балотнага бугая, Жалезнага Чалавека ці Галоску. Усе ведаюць, што яны ёсць, і ў той жа час як і няма іх, бо ніхто іх не бачыў і нікому нічога благога не зрабілі яны; сорам перад тым, як заходзіць сонца, бо ён гэтае сонца і заход яго мо ўпершыню сёння і ўбачыў. Бачыў, канечне, і раней, але ж бывае і так, скрозь і паўсюдна: глядзіш ты на што-небудзь і не заўважаеш, не муляе яно табе вока, бо ведаеш — так павінна быць, гэта — вечнае. Сёння сонца зойдзе, схаваецца, а заўтра зноў выйдзе на свой круг і па крузе само круглае, што кола; што кола, следам за ім будзе бегчы, круціцца і ён, Васька Барздыка. Бяда толькі, што няма ў яго яшчэ свайго кола, добра гэта ці дрэнна, але няма. Ды калі разабрацца — не ўсё ўжо і такое вечнае на зямлі. Сваё Свілёва ён таксама лічыў вечным, а дзе яно цяпер — зруйнавалі, вымусілі пачаць плакаць за які-небудзь месяц-другі. А хто ведае — ці нельга і з сонцам так. Мо яно вечнае таму, што ніхто па-сапраўднаму не браўся за яго, а калі возьмуцца, то і замест сонца на неба бычынае вока павесяць, і само неба з аўчынку будзе. I ён ужо болей не падганяў гусей, проста брыў следам за імі, спяшаўся наглядзецца, налюбавацца на гэтае сонца, каб яно ўвайшло ў яго, адбілася ў ім, як тое ж самае неіснуючае ўжо Свілёва, што само па сабе справіла хаўтуры, на якіх былі не толькі людзі, але і птушкі, буслы. Заграбаючы нагамі пясок каля вёскі, глядзеў па вячыстыя княжборскія дубы, што ўвесь дзень трошкі і выхваляліся гэтай сваёй вячыстасцю перад сонцам, імкнуліся выглядаць больш статна і больш зграбна, чым былі на самай справе, а цяпер вось, калі адчулі, што дзень ужо адспяваў, адкінулі наноснае, мітуслівае, сталі самі сабой, дрэвамі, а не людзьмі. I, крочачы пад шатамі, гэтых дрэваў, рыжы княжборскі хлопец Васька Барздыка, па-вулічнаму Брытан, непрыкметна таксама нешта губляў і станавіўся самім сабою. Ён гнаў у вёску гусей і адчуваў, што, як гэтых гусей, яго таксама абкружваюць, спрабуюць некуды загнаць. I загоняць, ён усведамляў гэта, і не вельмі супраціўляўся. Так ужо было заведзена, не ён першы, не ён апошні. I ўсё ж чагосьці было і шкада, нешта згубіў ён сёння, згубіў і не заўважыў што. I ён упершыню не пайшоў у той вечар на танцы, хаця і памятаў пра тое абяцанне, што даў малодшаму лейтэнанту. «Няхай табе сёння Мацвей Роўда мазгі ўправіць,— сказаў ён, згадаўшы Надзьчынага ўхажора.— Ці ты яму ўпраў... Ён усім управіць...»
2.
Але Мацвей Роўда ў той вечар на танцы таксама не пайшоў, бо не хадзіў на іх у Княжборы ніколі. А вось што дзіўна: не было на танцах і Надзькі. I дарэмна малодшы лейтэнант, што прыкаціў сёння ў Княжбор разам з таварышам, такім жа як і сам новенькім, толькі што з іголачкі малодшым лейтэнантам, шукаў яе. Вынік яго пошукаў і адлучак меўся сумны: яму давялося зноў, праўда, цяпер ужо па пару з сябрам, піхацца з матацыклам да самага горада. Парупілі княжборскія хлапчукі, па сваёй ужо ініцыятыве, бо ніхто іх па гэты раз не падбухторваў, проста ім спадабалася, і яны заправілі матацыкл ваеннага чалавека, каб не парушаць традыцыі ўжо, каб ваенныя пераканаліся: ёсць і ў вёсцы Княжбор свае традыцыі. I малодшыя лейтэнанты пераканаліся: на світанні без якіх бы ні было здарэнняў і прыгод— на мосціках на гэты раз іх ніхто не сустракаў і не спачуваў — дапхалі свой матацыкл да часці, каб больш у Княжбор і нагою не ступаць. I тым самым далі волю і ежу языкатым княжборскім дзеўкам і маладзіцам, развязалі ім языкі: маўляў, гуляла Надзька з літэрам, а ён яе кінуў, кінуў, і ўсё. Уся вёска гаварыла, толькі сама Надзька ні сном, ні духам ні аб чым не ведала. I іншае было ў яе наўме, але аб гэтым ведаў толькі Васька Барздыка, ён сядзеў дома і кляўся, што ўрэшце ўсё будзе па яго.
А Мацвей у гэты час знаходзіўся каля магазіна, ішоў ён у той магазін, у карчму да Лявона Цупрыка, з адной і вельмі зразумелаю мэтай. Трывожна скончыўся для яго сённяшні дзень, і ўстрывожыла не здарэнне з трактарам, які, дарэчы, ужо выцягнулі, на буксіры толькі што на радасць дзецям, пад іх крыкі: тапельца вязуць, тапельца вязуць — прыцягнулі паўз магазін да майстэрні. Гэта была работа, а на рабоце выпадала ўсякае, і ўсё трэба было мець у галаве і на ўвазе, тое-сёе з непрыемнага нават планаваць: два пішам — тры ў галаве, такі закон прадпрыемства. Не бянтэжыла Мацвея і тое, што на месцы хлопца-трактарыста мог апынуцца і ён; праўду казаў дзед Дзям'ян: ён бы не спяшаўся выскокваць з кабіны, паспрабаваў бы на хуткасці мінуць небяспечнае месца, бо заўсёды ішоў насустрач небяспецы на фарсаж, каб наблізіць яе і развітацца з ёю хутчэй. Пазбавіла яго раўнавагі тое, што дзесь там, у Чортавай прорве, ляжалі яго бацькі. Ён заўсёды ведаў і памятаў аб гэтым, але гэта было такое веданне, з якім ён ужо звыкся, да якога ўжо прыцярпеўся, гэта было ўжо мінулым, даўнім: дзесьці, штосьці, калісьці. А цяпер жа ўсё раптам як падбегла, скочыла да яго і снынілася на адлегласці выцягнутай рукі, усё зрабілася вельмі выразным, канкрэтным і ўвасобленым: не дзесьці, а менавіта вось тут, не калісьці, а во зараз, і не хтосьці, а маці і бацька. I выяўлялася, што не бязродны ты, не горкі сірата, а былі, ёсць у цябе бацькі. I сёння ты сустрэўся з імі. I сустрэча не ўзрадавала цябе, і сум навеяла не той нармальна чалавечы, калі ты, як і ўсе іншыя, прыйшоў на родныя табе магілкі, усведамляючы непазбежнасць гэтых магілак, журботны, але адначасова адчуваючы ў сабе і нешта шчымліва-светлае, трымаючыся за святло і журботу, што сыходзяць ад гэтых магілак, падсвядома недзе ведаючы, што ў свой час нехта таксама, як і ты, прыйдзе і да цябе, у журбоце схіліць галаву перад тваім крыжам ці абеліскам. Але там, на балоце каля Чортавай прорвы, не было ні крыжа, ні абеліска, ні закліку, ні закону аб суме і журбоце, аб бясконцасці чалавечага жыцця, аб памяці, была проста зямля, балота, на якім касілі траву, было, мусіць, некалі возера, у якім лавілі рыбу. I ад таго возера засталася толькі дзірка, акенца па той свет ці з таго свету. I з гэтага акенца, з таго свету, такі засцерагальны крык, такі роў, нібыта ўсе заўчасна сканалыя княжборцы, і не толькі людзі, але і іх жыўнасць, раўнулі рантам у адзін голас і працялі яго, як не здольная была працяць ніводная самая дарагая магілка, ні адзін самы блізкі і дарагі голас, нават голас маці. То крычала сама даўніна, адмерлае, маўклівае мінулае. I тое, што гэтае мінулае можа мець голас, не той, што захаваны і данесены да пас на стужках і грампласцінках, калі ў голасе, як чыста ён пі гучыць, якім бы дасканалым ні быў запіс, адчуваецца ўсё ж небыццё, трэшчына, падрапінка, хрыпатасць, па якім ты пазнаеш — гэта гукі ўжо толькі колішнія, гэта голас таго, што ўжо аджыў сваё. А голас балотнага бугая, хаця браў свой пачатак у мінулым, палежаў сённяшняму, бягучаму дню, таму што бегла ў ім першароднасць і ўлада мінулага і рэальнасць сённяшняга, вечнае, але не састарэлае неба і сонца, старадаўнія, але без ведання гэтай сваёй старадаўнасці буслы, і, здаецца, нават Алена, што адышла яму ў мінулае, якое засталося назаўсёды маладым, і маладосць гэтая ўвасобілася яму цяпер у Надзьцы. I была ва ўсім гэтым нейкая дзіўная нез'яднанасць, непрыстасаванасць, вельмі неяк ужо рознілася тое, што адбывалася ў Свілёве, у параўнанні з тым, што адчуваў ён, што яму хацелася рабіць у тую хвіліну і што трэба было рабіць, што ён пачаў рабіць праз хвіліну, як толькі змоўк балотны бугай, пераступіўшы праз сэрца, праз памяць, забіўшы сэрца, заглушыўшы яго голас асэнсаванай неабходнасцю, голас маці, які ажыў у ім, калі ён як бы страціў прытомнасць, падвоіўся, быў крыху тут сёння ў Свілёве, як у паўзмроку, а больш там, у ночы, у мядзяным святле месяца, што трывожна глядзеў у сінія вокны іх хаты. Сярод хаты мітусілася маці ў белай сарочцы да ног, да падлогі, а адтуль, з-пад падлогі, здавалася, гучаў рык балотнага бугая.
— Пачакай, пачакай, Антоне. Іду ўжо, іду...
— Ты куды, мамо, не пушчу.
— Бацька кліча, чуеш, Мацвейка... Іду, Антоне, іду... Маці была нейкая чужая, незнаёмая, раскасмачаная, вочы гарэлі. Ён баяўся яе, але роў балотнага бугая палохаў яго яшчэ больш. Ён ускочыў з палка, учапіўся ў маці, ашчаперыў рукамі яе ногі.
— Не бойся, лажыся зноў, я пабуду з табою, з табою пабуду.