Лявон,— сур'ёзна, каб адмесці ўсе іншыя пытанні, адсек Васька.
— Лявоне, ды што ета з табою? — Ненене ўсё ж паспрабавала зазірнуць пад прасціну. Кабан цяжка і сіпла рохкнуў. Ненене спуджана адскочыла: — I голас страціў ужо, ой, Лявоне, Лявоне, да дабра ж гарэлачка не даводзіць. Ой, Лявоне... мукі ж яшчэ вясною мне мех абяцаў.
— Ідзі, бабуля, дамоў,— сказаў Васька.— Не будзе мукі. Такія, брат, справы.
Ненене ашчаперыла галаву рукамі і пабегла. А яны на машыне пад'ехалі ўжо да лаўкі, узялі ў Цупрыка яшчэ чарнільца — і на сваё былое месца. Але пакуль яны ехалі, куплялі віно, Ненене на ўсёй вёсцы ўжо разнесла: Цупрык богу душу аддае, з белае гарачкі пры смерці. Дакацілася гэта да вушэй Цупрычыхі. Кінула-рынула яна ўсё ў полі, прыбегла ў магазін — мужык жывы, здаровы, хоць п'яненькі трошкі, але ж прыстойна, прыстойна. Цупрычыха, не зважаючы на гэтую яго прыстойнасць, кінулася да яго з кулакамі: віно жарэш, а кажуць, канаеш. Лявон жа Цупрык у адказ ёй: а ты смерці маёй хочаш... Сашчапіліся яны на смех людзям. Але пра гэта Васька Барздыка з Генадзем Шчурам даведаліся пазней ужо, калі ім не да смеху было. Кабан на жары, ды пад прасціной яшчэ, захлынуўся, задушкаваўся. Прыехала міліцыя на чале з самім начальнікам раённага аддзела. Заламалі рукі, падалі ў ногі яму Барздычыха са Шчурыхай.
— З табою ўсё мне ясна,— сказаў начальнік міліцыі Генадзю Шчуру, адразу ж забраў у яго правы.— Ну, а ты хто будзеш, дзе робіш? — спытаў у Ваські. Васька маўчаў, за яго адказала Цупрычыха:
— Лынды б'е, цюрма па ім даўно плача... Дваццаць пудоў сала...
— Ён у мяне на розных работах,— нечакана і невядома чаму заступіўся за яго тады Мацвей Роўда. Цупрычыха разявіла рот, хапіла паветра, але змоўчала, толькі апасліва лыпнула вачыма на Мацвея. I начальнік міліцыі з недаверам зірнуў на Роўду, але таксама змоўчаў, адвярнуўся, загадаў Шчуру:
— Вязі кабана гаспадыні.
— Ды нашто ён мне, ён ужо ваняе,— прарвалася ўрэшце слова і ў Цупрычыхі.
I тады начальнік міліцыі ўхапіў Ваську за каўнер сарочкі, падвёў да насілак з кабаном.
— Да світання каб рохкаў,— сказаў значна і цяжка.— А зараз пішы мне падпіску аб нявыездзе. Падпіску Васька напісаў і цяпер успамінаў аб ёй з сумам: не будзь гэтай паперчыны, не было б яго ў Княжборы. Надзька — гэта, канечне, добра, але дома ўжо заелі, загрызлі бацька з маткай. За таго кабана Цупрыку ўжо грошай плочана-пераплочана, а Цупрычыха ўсё ніяк не адліпне, а бацька ўжо нават на цыгарэты яму ні кап'я не дае. Сорамна прызнавацца, але ён ужо вечарам, калі цёмна, збірае на беразе бутэлькі. Добра, учора выручыў яго малодшы лейтэнант, забяспечыў курывам. А ўсё падпіска вінавата, калі б не трымала яна яго, толькі б і бачылі яго ў Княжборы, а бацька, каб не бачыць яго, і грошай бы яшчэ па дарогу даў. Грошы, праўда, здабыць можна і інакш яшчэ. Недзе тут, на беразе рэчкі, ляжаць яны, як у банку, як у сейфе, у борці яго грошыкі ляжаць. А борць тая, калодзіна-сейф, па высокім дубе, ведаць бы толькі — якім, у якой борці чакае яго спадчына, золата дзеда Саўкі. Вунь іх колькі тут дубоў і борцяў, процьма, дзе і чыя, хто і калі ставіў гэтыя калодзіны, і забыліся ўжо. Дубы маўчаць, не выдаюць гаспадароў, ніхто з княжборцаў, акрамя Аркадзя Барздыкі, яго бацькі, сваё ў яго наўме, не карыстаецца лясным мёдам. Ці то лянота напала, ці то на самай справе цяжка здабываць гэты лясны мёд, цягнуць гэтую гаспадарку, што заведзена яшчэ дзядамі і прадзедамі, прыглядваць за сем'ямі ўжо здзічэлых пчол, калі хатніх, свойскіх звялі. Але ж пчала, пра якую забыўся чалавек, пакінуў яе, працягвае рабіць. Дзеля каго, навошта? Яна ж нікому ўжо нічога не павінна і не абавязана. Ніякіх на ёй падаткаў, ні падаходнага, пі бяздзетнасці, а робіць, шчыруе нават без перакураў, без выхадных, адгулаў і прагулаў, ад цямна і да цямна. Гэта Васька ўжо спазнаў, вывучыў: сонейка ўстала, паляцела і яна, нібы сама гэтая яе праца мёдам памазана. Па кропельцы, па капельцы запаўняе соты. I дзесь пад гэтымі сотамі прапахлае ўжо мёдам, памазанае мёдам ляжыць золата дзеда Саўкі, ягонае, Ваські Барздыкі, золата. Дзед Саўка, паміраючы, не перадаў яго свайму сыну Аркадзю Барздыку, бацьку Ваські. Зазлаваў, дурань стары — сын яго дзяліцца ўздумаў,— схаваў золата ў борці: во, ні мне, ні табе цяпер, дзяліся. Так гаварылі княжборскія дзяды і бабулькі. Мо гэта і няпраўда, нагавор усё, адкуль тое золата ў Княжборы. Але ж магло быць і праўдай, свет жа вялікі. Васька хацеў верыць у золата дзеда Саўкі і верыў. I не толькі ён адзін, бацька, Васька прыкмячаў гэта, таксама шукаў тое золата. Адзіны толькі ён з усяго сяла караскаўся штогод на тыя дубы, браў мёд, і кожны год, кожны раз з новае борці. Значыцца, шукаў, спадзяваўся ўсё ж. Спадзяецца і Васька. I з гэтым золатам яму трэба прыспешваць, бо яго, таго і глядзі, могуць апярэдзіць меліяратары. Мацвей Роўда са сваёй хеўрай.
Аб Мацвею і меліяратарах Васька падумаў таму, што яны прыйшлі ўжо ў Свілёва і як трапілі ў іншы свет. Нічога ўжо не было там вясковага, княжборскага. Горад нейкі рос, уздымаўся на тым месцы, дзе ўчора толькі было балота і сенажаць. Хаця нічога пэўнага гарадскога тут яшчэ, здаецца, і не было. Зруйнаванасць толькі гарадская, будаўнічая, калі ёсць ужо будаўнічая пустка, а тое, што павінна вырасці на гэтай пустцы, толькі ў накідах, у штрыхпункціры індустрыяльнасці, у бязладдзі і развале, якія заўсёды папярэднічаюць будучаму парадку і арганізаванасці.
— А бацюхна ты мой,— стала як укопаная Ненене, уталопіўшыся ў экскаватары і бульдозеры, што варочалі торф і пясок, драпежылі, руйнавалі балота, рэчку.— Вавілон другі.
— А першы дзе? Ты першы хоць бачыла? — буркнуў Васька, цікуючы, ці нямашака тут Мацвея, і молячы невядома каго, каб яго не было тут. Але Мацвей стаяў каля трактара з вялізным прычапным плугам. Ненене яшчэ жахнулася з гэтага плуга:
— Дзе ж гэта толькі і навошта такога дурня скляпалі? Няўжо каб зямольку дзерці? Чорту бульбу садзіць...
Там жа каля трактара з плугам стаяў і дзед Дзям'ян, выгаворваў нешта Мацвею, яны, здаецца, спрачаліся, крычалі нешта адзін аднаму і не вельмі слухалі адзін аднаго. Потым Мацвей замоўк, адмахнуўся ад дзеда Дзям'яна, бы праганяў яго, скочыў на гусеніцу, схіліўся да трактарыста, мусіць, загадваў яму рухацца, таму што трактар крануўся, развальваючы на два бакі чорную з белым зямлю, пайшоў плуг.
— А божа ж ты мой, мой сенакосік,— пабегла насустрач трактару і Мацвею, які крочыў побач з ім, Ненене.— Мой сенакосік, Мацвейко, што ж гэта ты робіш?
Мацвей паспрабаваў адмахнуцца ад яе, як толькі што ад дзеда Дзям'яна, але яна заступіла яму дарогу.
— У другім месцы выдзеляць табе, цётка...— Мацвей спатыкнуўся, адвёў вочы ад плуга, зірнуў на Ненене, пэўна, згадваючы, як яе завуць, але так і не згадаў, падказаў дзед Дзям'ян:
— Тэкля яна, заві Тэкляй.
Але Мацвей Ненене Тэкляй не назваў, суха-афіцыйна, як бы адхіляючы гэтыя пытанні з сенакосам, ухіляючыся і ад самой Ненене, як яе і не было:
— Вам выдзеляць сенакос у іншым месцы,— і пакрочыў быў далей, але Ненене не саступіла яму, стаяла слупам на яго шляху. Ён паморшчыўся: — Ну што вам яшчэ трэба? — I нават пасля гэтых слоў Мацвей усё яшчэ быў далёкі ад тых, у акружэнні каго ён зараз знаходзіўся, ад Ненене, Ваські, дзеда Дзям'яна, Надзькі. Ён пільна ўглядаўся ў плуг, што развальваў зямлю, якая ведала да гэтага часу толькі касу, і таму непадатную, умацаваную, як жыламі, бледнымі жывымі і адмёрлымі ўжо, але ў вільгаці зямлі падобнымі да дратвы каранямі раслін і кустоў. I на распаленым твары яго згадвалася напружанне, з якім рабіў матор трактара, і па надбародку яго і пераноссі запасіўся пот ад гэтай шматважкай машыннай працы, надымаліся і ападалі бровы і губы. Здавалася, ён кожную хвіліну гатовы сам запрэгчыся ў плуг і цягнуць яго па балоце сваёй чалавека-сілай. Але плуг, уцякаючы ўсё далей, далей ад яго, і без яго дапамогі ўсё глыбей уваходзіў у зямлю, як намацаў там, у глыбі, нетрываласць, незмацаванасць, угрызся, уеўся ў гэтую незмацаванасць, у белы безабаронны пясок, і пяском з сярэдзіны лёгка ўжо бурыў і рваў непадатную паверсе лугавіну. Васька адчуў гэта раней, чым Мацвей, хоць і не так пільна назіраў за гэтым незвычайным плугам. Адчуў і пачуў боль і крык зямлі, але гэта не вельмі кранула яго. Уціхамірыўся і трактар, матор яго рабіў ужо роўна і спакойна, набыўшы ў працы ўпэўненасць і ў выніках яе. Не торгаўся больш тварам і Мацвей, ён нарэшце заўважыў каля сябе пабочных, толькі. не Ненене, што ўсё яшчэ не давала яму прайсці, а яго, Ваську Барздыку.
— Што, на працу прыйшоў уладкоўвацца? Малайчына, хвалю. Куды б ты хацеў?
— Я хацеў бы... — Не зірнуў бы ён тады на Надзьку, мо б усё і вырашылася, мо б Свілёва і вызначыла яго лёс. Але яму як хто выспятка даў, ён азірнуўся і паглядзеў на Надзьку, што стаяла за ім, яе вочы ўбачыў, як яны слухалі, лавілі кожнае слова, вымаўленае Мацвеем, яе палаючы і пад загарам такі дарагі яму твар, у якім было нешта і ад кошкі, рысі. Гэтае рысінае было ва ўсіх дзевак Махахея, хаця яны і не вельмі былі падобнымі адна на адну, толькі гэтая рыса выдавала іх пароду, тое, што яны сёстры. I яшчэ, яны не вельмі валодалі сабой і сваімі пачуццямі, не здольныя былі ўтаіць таго, што з імі зараз, вось на гэтую хвіліну, адбывалася. Ці злавалі яны, ці прыкрасць іх разбірала, радаваліся ці захапляліся яны, што лясныя звяркі, усёй сваёй істотай аддаваліся гэтаму і заўсёды былі гатовы ці то крочыць у агонь, ці то кінуцца ў яр уніз галавой, заўсёды былі падпарадкаваны ці то любові, ці то нянавісці. Зараз Надзька любіла, і не проста любіла — палала. Улегліся, набылі мяккасць і ільснянасць рысіныя Надзькіны бровы, іх можна было зараз толькі гладзіць і лашчыць, і яна б, пэўна, мурлыкала, яна і так мурлыча, вачыма, такое святло і такая пяшчота ліецца з іх. Васька захлынуўся, падавіўся словам і прысвіснуў: дарэмна б'е ногі малодшы лейтэнант, і ён, Васька Барздыка, па-вулічнаму Брытан, з-за нічога б'ецца з гэтым малодшым лейтэнантам.
— Дык дзе б ты хацеў рабіць? — нецярпліва перапытаў яго Роўда.
Васька зірнуў па яго мімаходзь, міма яго, як толькі што сам Мацвей глядзеў, і нікога не бачыў, дзёрзка, завучана, сам не чуючы таго, што гаворыць.
— Держи карман шире, лучше быть стройным тупеядцем,— адказаў так і не рызыкнуў паглядзець на Мацвея, ненавідзячы яго і баючыся ўбачыць па ягоным твары нешта такое, што ўбачыла Надзька, што так прывабіла яе ў Мацвею. Пачаў глядзець на Махахееву дуброву, на далёкія дубы з запаветнымі борцямі. I сэрца не ныла і не радавалася гэтым борцям і таму золату, што недзе знаходзілася ў іх. Ён убачыў іншае, і ад гэтага іншага сэрцу зрабілася па-сапраўднаму ўжо балюча. Сохлі дубы, сохлі лістом. На самай макаўцы лета ліст дуба ў самым нізе прыхапіла жаўцізною, як прыхоплівае жаўцізною і гурковае націнне, што адрадзіла ўжо сваё, усё, што было ў ім, аддало гурку. I ад далёкіх дубоў па Ваську дыхнула восенню, той восенню, што яшчэ без пахаў, без турбот, якая не выклікала яшчэ задумення і трывогі, абірае сабе менавіта гурок, гурковую граду, і ўсім сваім цяжарам навальваецца толькі на адну гэтую граду, а вакол яе яшчэ паўсюдна буяе лета.
— Што гэта ты, Махахееву дуброву таксама пад плуг? Бацьку майму не далі яе звесці, дык цяпер ты з'явіўся.— Васька нават зарагатаў, калі гаварыў гэта; ён быў абыякавы і да Махахеевай дубровы.
— Дубняк не кранём,— сказаў Мацвей.
— А тут, Мацвейко, што тут, на маім сенакосіку, будзе? — нясмела падала голас аціхлая і журботная Ненене.