— Зразумеў ідэю. За народам слова. Народ вас падтрымае. Я мільянер. Я рызыкую...
Памаўчы, мільянер,— паспрабаваў спыніць яго гаспадар. Ало старшыня ці то не зразумеў, ці то свядома не паслухаўся.
— Мільянер. На першае сакавіка 989 тысяч рублёў. Праект, пра які вы гаварылі, прымаецца, таму што ён бароніць зямлю і жабу. Наш народ вас зразумее. Адарве ад сябе пяцьдзесят тысяч.
— Хадзіў да ўлад, да самых вышынь даходзіў. Глядзяць як на вар'ята: космас, кола,— бульбу выкапаць трэба. Прыйду да народа. Упаду перад народам на каленцы. Землякі ж, землякі...— аўтар праекта.
— Я адсюль родам. Я два гады тут не быў... Ужо два гады. I раптам гавораць: пойдзе машына сюды. Другая, не мая. Я сам напрасіўся. Хай мая машына следам. А раптам ды першая зломіцца. Дзед ключ ад хаты прытарабаніў. Бацька ключ даў ад хаты...
Яны гаварылі то кожны паасобку, то ўсе разам. I кожны аб розным, сваім. Але калі сабраць усё ў адно — аб адным. Толькі вельмі адцягнена, здаецца, нават знарок замагільна, незямно. Патубакова. Усё было незямным, патубаковым. I невядома, дзе сама зямля, дзе і які яе бок, хто і што па які бок. Расшчэплены мірным атамам, у друз, па атамы разбіты свет, па атамах разведзены ў розныя бакі свет.
Па той бок, за нябачнаю рысаю яго, засталося ўсё, чым яны жылі раней. Стары, пакінуты на дарозе фінішнай стужкай лясны — 86 вучэбны кінафільм аб грамадзянскай абароне. Яны паднялі яго і паглядзелі некалькі кадраў. Лухта, «чушь собачья». Адразу ж і кінулі. Ні па мінуту но спыняючыся, прайшлі міма недабудаванага Палаца культуры, нібыта разбуранага на ўзлёце касмічнага карабля, канторы саўгаса, з-за плота якой выглядвала Дошка гонару, аздобленая з двух бакоў заклікамі: «Да здравствует коммунизм!» і «Слава КПСС». Зайшлі ў школьбную майстэрню. Там акуратным радком, як трупы, стаялі зробленыя і яшчэ не зусім зробленыя шпакоўні. Выхапіліся на свежае паветра, як варам іх абварылі. Магазін сустрэў іх затхлай вільгаццю пустых, хоць шар пакаці, вітрын. Затое ж бібліятэка была забіта кніжкамі. Кніжкі на паліцах, кніжкі на падлозе, уперамешку з бітым шклом, цэглаю, тынкоўкаю. Дастаеўскі, Талстой, Быкаў, Брыль, Адамовіч і томікі сачыненняў Леніна. У бібліятэцы яны хацелі памераць радыяцыю. Няўдала. Дазіметр зашкаліла.
I падобна, усё тут было за той шкалой, за рысай чалавечага разумення. Адчуў гэта ці проста не вытрываў вадзіцель, кінуўся з бібліятэкі, крыкнуў у пралом акна:
— Я да хаты! — і бягом, набіраючы хуткасць, пакапацеў да дзвюх хат, што стаялі наводшыбе, як на хутары.
Калі яны падышлі да тых хат, вадзіцель, не заходзячы ў двор, усё яшчэ тэпаў каля веснічак:
— Не магу, хтосьці не пускае... Вот жа людзі, усе рамы павыломвалі...
— Не пускае хтосьці... Мы пускаем. Ідзі.— Адчынілі веснічкі, упіхнулі яго ў двор. Ало і ў двары ён раптам спыніўся, збіўся з кроку каля хлява:
— Глядзі ты, во дзіва, нават футбольная форма захавалася... Я капітанам каманды быў... Вось буцы засталіся...
З гэтымі буцамі, нібыта яны прыклеіліся да яго рук і прызначаны былі для таго, каб насіць на руках, ён увайшоў у хату. Па ўсяму, яна яго не вельмі ўзрадавала. Па крыку і стогну, што вырваліся з яго, здаецца, нават ударыла. Дала і па носе, і па галаве, і ў вока — прылажылася так, што яго аж у бакі павяло.
— Бацькаў шкап паламалі. За што яны яго, не разумею. Ён жа сваімі рукамі яго рабіў.
Паламаны быў не толькі шкап, паламана, перавернута дагары нагамі ўсё, што можна зламаць і перавярнуць.
Ахраняльшчыкі нашы і абаронцы, салдаты,— сказаў другі вадзіцель, зазірнуўшы ў хату,— што казённаму чалавеку трэба. Накармілі яго — выпіць дай. Гарэлку шукалі.
А машынку не кранулі. Маці наказвала, знайдзі і прывязі. Гэта ж памяць. Гэта ж яе маці машынка. Такую вайну перажыла. У зямлю была закапана, спраўна. Пасля вайны ўсіх нас карміла. А тут, у чым былі, у тым і з'ехалі. Усё кінулі, рынулі. I машынку. А гэта ж «Зінгер»... Прывязу, во рада будзе...
Але не толькі «Зінгер» мацерын ацалеў у хаце старога лесніка. Знайшлося там і гэткае, што здольна было падвесяліць і мужчын, што шукалі і не знайшлі салдаты. Невядома як і чаму, але салдаты не знайшлі лаза ў падпол. Ці то не ўгледзелі, ці то вельмі ўжо спяшаліся ўспароць мяхі з жытам, якія ляжалі ў куце хаты. Мо думалі ў жыце каштоўнае нешта схавана, грошы, золата. Засыпалі жытам усю падлогу і лаз прысыпалі.
Вадзіцель дастаў з пограба некалькі склянак з варэннем.
— Стаўляй назад,— загадалі яму,— пластмасавыя крышкі, бруднае будзе... Што там, больш нічога такі і няма?
— Ёсць, бярозавік.
— Колькі градусаў?
— Два літры. А крышка таксама з пластмасы.
— Калі сок сапраўдны, ён у любым посудзе не псуецца.
Сок аказаўся сапраўдны. На ўсякі выпадак яго праверылі ці, хутчэй, зрабілі выгляд, што правяраюць па радыёактыўнасць, наколькі праверыць усё роўна было немагчыма: дазіметр зашкалівала.
Машыны ў вадзіцелей былі абсталяваны, знайшоўся і посуд, і хлеб, і сала. А на бацькоўскіх градах ужо набірала стрэлку цыбуля.
— Ну, за што, за здравіе ці за ўпакой?
Вырашылі, што і за здравіе, і за ўпакой адначасова. I як заведзена на хаўтурах, капнулі па кроплі па зямлю, пад лямцавую вішаньку, каля якой размясціліся. Узнялі ўгору склянкі, узнялі ўгору, у неба галовы. I вочы туды ж узвялі, нібыта адмаўляліся бачыць перад сабою гэта ўбогае, раскіданае селішча, гэту ўбогую зямлю. Самога бога жадалі ўбачыць. I з богам.
Вось тут якраз і з'явілася пчала. Загула спачатку пад вухам адным, потым — другім. Злосна, жорстка, не прымаючы, пэўна, самагоннага духу. Абрала самага нялюбага ці, наадварот, таго, што найбольш быў даспадобы ёй, аўтара праекта. Літая, што куля, закружыла, закарагодзіла перад вачыма, калі ён зноў апусціў іх на зямлю. Калі зноў перад яго вачыма паўстаў убогі падворак, рассохлая, вывалачаная на самую сярэдзіну яго лодка. Дакор і боль. Немы плач і крык з выбітых вокан хаты, згрувашчаных каля хлява пустых вулляў.