I выбег на двор.
8
У наступны дзень, калі я вярнуўся з горада, гаспадыня з таямнічым выразам твару паведаміла:
А ў вас былі госці і штосьці пакінулі!.. Я агледзеў пакой, але нічога не знайшоў.
Пад падушкай! — падказала яна.
Я прыпадняў падушку. Там ляжаў доўгі карабок з шакаладам. На шаўковай істужцы блішчала сярэбраная лічба «19» і мае ініцыялы. Тады толькі я ўспомніў, што сёння дзень майго нараджэння. У той час у маёй вёсцы дзень нараджэння ніхто не адзначаў. Нават не было такой звычкі памятаць, калі ты нарадзіўся.
Здзіўлены, я пастаяў, падумаў. Потым узяў падарунак пад паху і пайшоў на двор.
Якраз у гэты момант да генералавых дзвярэй набліжаліся Браніслаў і ксёндз, які некалі частаваў мяне слівай. Дануся трымала Гектара за аброжу і какетліва казала:
Прашу, праходзьце, ён не ўкусіць!
Калі ласка, айцец Валенты! — ветліва прапускаў Браніслаў госця ў чорнай сутане, нібы быў тут гаспадаром.
Дануся, упэўніўшыся, што я на яе гляджу, адпусціла сабаку, пабегла да Брэніслава і, як мне здалося, радасна праказала:
— Дзень добры, пане Бронэк!
Я вярнуўся на кватэру.
Вось і ўсё!— вымавіў я, цяжка ўздыхаючы. Азірнуўся навокал і ўпершышо ўбачыў, што мутна-зялёныя абоі на сценах з нейкімі тлустымі плямамі. Бр-р-р, якія агідныя!.. I як я тут жыў амаль цэлы год! Паўслухаўся. На кухні абедалі. Дзяўчынка карміла брата і павучала:
Чаму ты бульбу не абіраеш? З лушпайкамі толькі некалі дзікуны елі!
Ы-ы-ых!— са здзіўленнем уцягнуў у сябе паветра малы, робячы для сябе адкрыццё.— Тады хлеб людзі будуць есці калісь без скарынкі, так?!.
Не выдумвай, дурань!..
Малы з захапленнем ужо казаў:
А малако хало-однае, хало-однае, ну, проста нібы з-пад каровы! На, ты адно паспрабуй, Валя!
Ну і няхай, а ты еш!
Тут нешта стукнула, палілося, і дзяўчынка закрычала зноў:
О, разліў ужо! Выліжы, а то маме скажу!
Выліжу, Валечка! — вінавата і пакорна паабяцаў хлопчык.
Пачулася сапенне, потым стараннае сёрбанне. Праз хвіліну сястра накінулася на брата зноў:
Ты што бульбу раскідаеш?
Яна не ўпала, Валечка. Я затрымаў яе нагамі. Во, глядзі, калі не верыш...
Бедныя, нават не ведаюць, што малако з-пад каровы якраз цёплае, а старую жанчыну прызвычаіліся называць мамай!..
Калі, бывала, яны садзіліся сям'ёй абедаць, прачка ніколі не бра-ла ў рот цэлага кавалка хлеба. Ела толькі недаедкі. Распускала тлушч на страву, вылівала яго да кроплі дзецям у талеркі, а сабе налівала супу ў пустую патэльню — ёй даставаўся толькі пах ад тлушчу!..
Я ўстаў, пайшоў на кухню і аддаў дзецям каробку з шакаладам.
Назаўтра цётка Антося прынесла мне пісьмо.