Агледзеўшы ўсё, я пачаў сумаваць.
На дварэ загрымела, збіралася на дождж. Успомнілася вуліца маёй вёскі пасля навальніцы. Цёпла і парна. Хмары яшчэ не разы-шліся, і таму змрочна. Прыемна хіліць да сну. За платамі заблытаныя дажджом і набрынялыя гронкі бэзавых кветак. На панадворках — хвалістыя лініі з трэсачак і кары — межы, дзе зусім нядаўна стаялі лу-жы. Уся прырода, напіўшыся дажджу, нібы ап'янела. Цішыня. Толькі жаласліва мэкае мокрае цяля, якое людзі забыліся адвязаць і ўпусціць у хлеў... А тут — смярдзючы горад, халодная кватэра генерала!..
Уцячы?..
Я ўсадзіў рукі ў кішэні і шалёна засвістаў, падрыгваючы нагой у калене. Мне і свістаць не хацелася, але рабіў гэта таму, што здавалася, бытта гэтак рабіў бы той, з каго я браў цяпер прыклад.
Янэчку, каханы! — выскачыўшы з кухні, палымяна зашаптала Дануся і павісла ў мяне на шыі.
Зноў я размяк. Нацалаваўшыся да ап'япення, паставіў яе на падлогу.
Будзь разумны,— узмалілася,— я цябе вельмі прашу, не крыўдзь Янусі...
Ого, так і пакрыўдзіш гэтую цытру!
Пацярпі! — горача зашаптала яна.— Тата выбраў мне яе ў сяброўкі яшчэ з першага класа гімназіі. Яна ведала ўсе мае сакрэты. Калі ішла да цябе на спатканне, дома казала, іду да Яніны, а яна потым пацвярджала... Мы ёй абавязаны... Будзеш разумны, праўда? Не задзірайся!
Што з вамі зробіш!.. А ты добранькая таксама! Пакінула тут аднаго з іконамі і Пілсудскім...
То ходзь да нас, мілы, будзеш дапамагаць! — пераконвала яна прыгожай інтанацыяй польскай мовы, якой, на жаль, нельга перадаць.— I цётку Антосю знарок адпусціла дадому, і пана Фелікса паслала ў Новую Вілейку — усё для цябе, дарагі!
Толькі яшчэ раз засмяецца — і тады няхай злуе на сябе!
Ну, ну, супакойся, вазьмі сябе ў рукі!..
6
На кухні ўсё выглядала так, бытта дзве дзяўчынкі, абвязаўшыся фартухамі, гулялі ў гаспадынь, маючы багатыя харчы. Няўмела адкрывалі яны банкі, ставілі на стол талеркі, запэцканыя ў муку, хадзілі ля пліты, перакульвалі каструлі...
Мужчына, рэзаць хлеб! — з робленай весялосцю загадала Дануся. Яна была паміж двух агнёў, але і ў яе пачаў прабівацца на сяброўку гнеў.
Я ўзяўся за нож. У мяне атрымаліся тоўстыя лусты. Убачыўшы іх, Яніна, вядома, не стрымалася, зноў пырснула смехам. Наогул яна тут прысутнічала нібы для таго толькі, каб заўважаць мае памылкі. Ад яе вачэй я не ведаў, куды падзець рукі, як паставіць нагу. З-за яе і маўчаў, бо баяўся нарабіць памылак у польскай мове і паказацца смешным.
Абрэзаў бы я паненку даўно, ды яна не прапускала моманту ўсміхацца да мяне, бліскаць зубкамі. А найлепш было б наогул не звяртаць на яе ўвагі: сапраўды, хацеў я таго ці не, але я так сябе па-водзіў, што было з-за чаго смяяцца. Аднак тады я сам шукаў зачэпкі.
Селі мы за стол.
У нас дома ежу клалі ў місы як папала. Паненкі ж расклалі на талеркі сыр, каўбасу, селядзец мудрагелістымі ўзорамі, ды такімі прыгожымі, нібы іх мералі цыркулем і лінейкай. Шкада было нават разбураць гэтую прыгажосць.
На гэта толькі трэба глядзець, а не есці! — дзівіўся я.
Яніна пырснула.
Усё тут для цябе, не сумнявайся! — Дануся першы раз сказала мне перад Янінай «ты».
Адкрывай! — падала яна штопар і бутэльку віна.
Я нязграбна дастаў корак, разліў ружовую вадкасць.
Ну, на здароўе... За цябе! — узняла яна чарку.
Яе вочы засвяціліся ласкай і адданасцю. Каб не паказаць Яніне, як мяне гэта кранула, я свае вочы апусціў.
Янэк, ты першы!
Я не п'ю.
Не п'е-еш?