А тады са студэнткай над Віліяй? Думаеш, дурная, нічога не бачу?
Расчырванелая і злосная, Дануся цяпер чамусьці нагадвала раз'юшаную кошку. Нешта прыгожае было ў яе гневе. Але пра гэта я ўспомніў потым.
Ты што, ачумела? — не знаходзіў я слоў.
Янэк, я, мажліва, і праўда ачумела, сказала глупства. Але ж гэтак далей нельга! Ты заўсёды такі грубы, няўважлівы... Узяў мяне лістоўкі разносіць, а пры сябрах сваіх не адважыўся падысці нават... Добра — іншыя зжаліліся, падабралі мяне!.. З-за цябе я столькі цярплю кожны дзень, кожную гадзіну, а ты гэтага нават не хочаш заўважаць...
З-за мяне?
З-за цябе!
Гэта ты з-за мяне церпіш?
Спецыяльна выправадзіла ўсіх з дому, каб ты лепш сябе адчуваў...
Выправадзіла? Бо баялася, што цябе хто ўбачыць са мной. А вечарам, пры людзях, пойдзеш у тэатр з Любецкім!
Ты несправядлівы! Я з ім нават...
Ну?
Я для цябе...
Што ты для мяне? Ага, няма чаго і сказаць? У кіно днём і то баішся ісці!
Відаць, рэдка не памыляецца той, хто зробіць важны крок у сва-ім жыцці ў парыве злосці. I ў мяне тады злосць затуманіла мазгі. Я раптам убачыў і адчуў яшчэ раз усю ганьбу, якую перанёс у Вільні, і звязаў гэта з генералам і яго сям'ёй.
Вы нават за чалавека мяне не лічыце! — закрычаў я.— Хто я для вас? Скажы, хто?!.
Няпраўда...— У голасе Данусі пачуліся слёзы.— Ты не маеш права на мяне так гаварыць!
Мо не, скажаш?
Не!
Не?
З кухні выйшаў белы і пушысты кот. Ён, як нічога но было, пытальным знакам выгнуў хрыбет, ляніва пацягнуўся, грэбнуў кіпцюрамі паркет, пазяхнуў ружовенькім роцікам, паставіў хвост трубой і накіраваўся да мяне.
Мурэк! — пазвала яго Дануся і нагнулася, каб схаваць слёзы.
Кот прамурлыкаў.
Бедны Мурэк, змок увесь на дажджы...
Мяне апанаваў новы прыступ злосці.
А-га? Няма чаго больш сказаць? Хто я для цябе? Я скажу, калі маўчыш! Я для цябе — забава! Бы гэты кот!
I я з усяе сілы ўдарыў яго нагой.
Вя-аў! — прарэзліва віскнуў ён у паветры, грымнуўся аб сцяну, а пасля куляй сігануў пад шафу.
Грубіян! — пачырванела ад абурэння Дануся і кінулася да шафы.— Што ты нарабіў, дзікун?!
Мяне гэта раззлавала яшчэ больш. Я зноў гнеўна загаварыў. Гаварыў на вясковы манер, не думаючы, што могуць пачуць суседзі, махаў кулакамі:
Ды ідзі ты, урэшце, к чортавай мацеры са сваімі Янінамі, Любецкімі, Станеўскімі, буржуйка ты няшчасная! Гуляй тут са сваімі сабакамі, катамі, лялькамі! Або едзь у сваю Швейцарыю, там цябе чакаюць такія ж самыя!