Так здарылася і на гэты раз. У паступны дзень яна прыйшла ў хусцінцы і спыталася:
Нічога не заўважаеш?!. Не?!.
Абсалютна! — здзівіўся я.— А што?
Тады пачакай тут, а я зайду на гару першая.
У гэты дзень я наогул мала бачыў з таго, што рабілася навокал. Калі я ўзабраўся на гару, Дануся была ўжо без хусцінкі.
Ну, а цяпер? — спыталася яна зноў.
Нібы іншай канфігурацыі твар?.. Не, мабыць, мне так здаецца.
А ў чым справа, вытлумач!..
Па-твойму, сёння я такая самая, якая была ўчора? Толькі цяпер я спахапіўся, што ў яе не было кос. Валасы Данусі былі падстрыжаны так, як стрыгуцца кітайскія ці карэйскія дзяўчаты.
Я іх спецыяльна... Яны табе не падабаліся...
Выдумала нешта!..— адвярнуўся я, нездаволены. Яна пакрыўдзілася зноў. Крыўда была ціхая, бяссільная. Дануся пайшла на край гары, села, апусціла галаву і заплакала.
Слёзка мая...— вырвалася ў мяне, калі я яе прытуліў да грудзей.
Дануся захлябнулася ад шчасця:
Як ты сказаў? Скажы яшчэ раз!
Я паўтарыў.
О-ох, як мне добра! — выдыхнула яна з набалелай асалодай.— Толькі цяпер бачу, які ты да мяне нераўнадушны!.. Ты сваёй грубасцю прыкрываеш пачуцці, праўда? Чым ты грубей са мной, тым больш...
Так у нас на вёсцы...
А ты кінь дзеравеншчыну!.. Выкінь яе, добра?.. Я нічога кепскага не думаю пра вёску, але ты не будзь такім!..
Я і сам бачу, часамі раблю ці гавару не тое, што трэ... А ты разумная, Дана!.. I дзіўна падобная на маю маму! — упершыню я гэта заўважыў і далонню адгарнуў навісшыя ў яе валасы.
Праўда? — узрадавалася яна.
Лоб — дакладна як у маёй мамы, сур'ёзна!..
А ты, Янку, як глыба!.. О-ей, як я цябе такога люблю!.. Скажы, мая прычоска табе падабаецца?
Ужо адно таму, што яна твая!
Гэткую насілі ўсе рэваліоцыянеркі! I Эмілія Плятэр. I Марыя Канапніцкая. I пані Пілсудская, калі яе муж быў у Сібіры... Нават твая Вольга носіць такую!
Ну-у?!.— здзівіўся я.
А ты, дурненькі, і не заўважыў?!.
Калі ўсе рэвалюцыянеркі пачнуць аднолькава падстрыгацца, лёгка будзе дэфензіве працаваць!
Вядома, і тут ты свой практыцызм прымяніў!.. Што з табой сёння?.. Ты ўсё нешта ўтойваеш ад мяне, нібы не давяраеш!..
Дапуся,— пачаў я апраўдвацца,— зразумей, ёсць такія справы, пра якія я не маю права гаварыць!
Не верыш мне? Так? Не верыш?.. Няўдзячны! — расплакала-ся яна па-сапраўднаму.