Адбывалася такое, што я пераставаў разумець.
Часамі варта было Данусі пусціць слязу або выказаць якую-небудзь просьбу, і ўвесь мой холад да яе адразу знікаў. Калі ж я бываў найбольш няўважлівы, яна яшчэ мацней імкнулася да мяне.
5
Аднойчы, калі мы гулялі за горадам, на Віліі, Дануся ўважліва паглядзела на мяне і загадала:
Павярні твар!
Я не зразумеў, для чаго яна дастае хустачку — маленькую, пахучую — і разгортвае яе, нібы пялёсткі кветкі.
Нагніся, Лёнгінус! Штосьці ў цябе тут...
Старанна выцершы мой твар, яна загадала зноў:
Здымі кашулю, я прапалашчу!
Ты?..
Думаеш, не здолею? Здымай, здымай!
Калі ласка, на!
Праз хвіліну я назіраў, з якім захапленнем і любоўю паненка церла ў рэчцы маю кашулю, і падтруньваў:
Умееш, умееш...
Мне так хочацца зрабіць што-небудзь добрае табе!.. О-ей, каўнерык ужо трэба зашыць!.. Заўтра прынясу іголку і ніткі! — Заклапочаная, яна ўжо развешвала кашулю на куст.
Го, выдатна! Такой работы я табе падкіну, будзеш яшчэ не рада! — прамармытаў я вяла.
I праўда, прынось!
Мяне зусім размарыла на сонцы і апанавала дрымота. Я выцяг-нуўся пад кустом і прыкінуўся, што сплю. Дануся падсела побач і заптаптала:
Паспі, Янэчку, паспі. Ты сёння рана ўстаў, бедны, напрацаваўся, табе трэба адпачыць. Паспі, любы, я цябе павартую...
Хоць я ўжо амаль і не валодаў сваім целам, але ўсё чуў і бачыў. Скрозь прыадчыненыя павекі я назіраў, як яна ўважліва разглядае мой твар, вопратку. Потым асцярожна, каб не разбудзіць, пакратала далонню мой падбародак, шчаку, лоб, нос — чула і ласкава, нібы хацела ўкласці ўсю сябе ў гэты дотык. Да мяне прычапілася муха. Дануся датуль махала рукамі, пакуль муха не паляцела. Тады пачала кранаць мае плечы, затым прыклала шчаку да маёй рукі і замерла.
А то аднаго разу было так: сядзеў я на гары вельмі маркотны. Дануся, убачыўшы ў мяне пісьмо, папрасіла:
Дазволь...
Я падаў канверт.
З вёскі пісалі, што маці Сцяпана Рамановіча лягла на аперацыю і старой спатрэбіліся сродкі. Нават самая нескладаная аперацыя ў Польшчы тады каштавала столькі, што можна было купіць на гэтыя грошы карову. Каб памагчы жанчыне, мае сябры хадзілі ўжо касіць да памешчыка, але зарабілі яшчэ недастаткова.
Сцяпанаў наган — таксама грошы, і цяпер я не меў права яго трымаць.
Давядзецца развітацца з ім! — паскардзіўся я.
Разумею цябе,— з павагай вярнула яна пісьмо і задумалася: — Пачакай, Янку, нешта прыдумала!..
Пад вечар пайшоў я на ўрокі і паведаміў аб сваім клопаце Суткусу. Альбінас узяўся дапамагчы.
I праўда. Не прайшла і гадзіна, як ён прадаў рэвальвер Генрыху Станеўскаму за пятнаццаць злотых. Я не дасядзеў да канца заняткаў: пабег на пошту адсылаць грошы.
Вяртаўся я назад нібы пасля развітання з дарагім чалавекам. Дома ляжала запіска: мяне выклікалі.