Ну!
Дануся разгубілася і не магла даць рады вяроўцы.
Зараз! Я хутка!..— цвярдзіла яна.
Тонкія і жывыя пальцы паненкі доўгі час бездапаможна перабіралі тоўстую вяроўку, канец якой намок і стаў тугі ды непадатлівы, нібы карабельны канат. А калі нарэшце яна зрабіла нязграбны вузел, эмаліраваная пасудзіна не хацела ў студні тануць.
Толькі цяпер я падумаў, што трэба дапамагчы, і запрапанаваў:
Ану, я!
Сама ўмею!
Так я і паверу!
Але ж — даставала!..
Э-э!..
Праўда, праўда! — ледзь не плакала яна з крыўды.— Як бога кохам, даставала!
Ла-адна, паве-ерым! — кінуў я паблажліва, бесцырымонна адабраў канец вяроўкі і перадражніў яшчэ нават:— «Уме-ею», «Сама-а», «Як бога ко-охам!..»
Выцягнуў пасудзіну, выкінуў з яе трэсачку, наліў вады са свайго вядра.
Дзякуй пану! — сказала Дануся, чакаючы, пакуль я даставаў сабе ваду, і пачала апраўдвацца:— Кожны раз сюды ходзіць наша цётка Антося, але ўчора мамуся пусціла яе дадому!
На вёску? — удакладніў я, бытта мне важна было гэта ведаць.
Не-е! Цётка Антося на акраіне мае сваю хатку!
А-а...— не знайшоўся я што сказаць.
— Пойдзем! — запрапанавала яна зусім проста.
I мы пайшлі.
5
Мяне апапаваў страх: калі на працягу бліжэйшай хвіліны не здарыцца што-небудзь незвычайнае, калі чаго-небудзь не прыдумаю, Данута так і пойдзе дадому. Тады ўсё прапала! Наўрад ці здарыцца яшчэ такая сітуацыя. Як на тое ліха, думкі бытта хто выключыў: я нічога не мог скеміць, хоць ты трэсні! Я толькі глядзеў.
А яна ішла наперадзе, несла пасудзінку і часта мяняла рукі. Кі-нуліся ў вочы мяккія абрысы яе падбародка, кранутая загарам шыя...
Трэба гаварыць, але пра што? Ліха па цябе, як парушыць маўчанне?..
Дануся, відаць, перажывала тое самае. Як бы з гатоўнасцю яна часта паварочвала да мяне галаву, і я бачыў насцярожана вінаватыя вочы дзяўчыны, якая хоча зрабіць нешта добрае, але таксама не ведае як.
Так мы і рухаліся.
У цясніне панавала застылая цішыня, і выразна чуліся нашыя крокі; стукалі льдзінкі аб сценкі вёдзер, ды плюхала вада, выплёск-ваючыся на жвір. Час з кожным крокам убываў, а я ўсё дарэмна намагаўся нешта прыдумаць. Знячэўку выліць вядро вады пад ногі, ці што? Гэта было б ашуканствам, а я не мог абыходзіцца з паненкай несумленна — у яе было столькі добразычлівасці...
Уф-ф! — выдыхнула яна, паставіла пасудзінку і памахала рукамі, бытта яны замерзлі.
Цяжка?
Цяжка! — пажалілася яна.
Што вы! — шчыра здзівіўся я, ставячы і свае вёдры.— У гэтай банцы літры чатыры, не болей!