Естэм, пане генерале,— з'явіўся на парозе прыгажун ад'ютант.
Пошту прынясі!
Слухам, пане генерале!
Ад'ютант вынес крэсла-раскладушку і рознага фармату канвер-ты. Генерал пакасіўся на галчыны гнёзды, выбраў месца далей ад іх ды сеў на раскладушку. Тады ён разарваў вялізны канверт, разгарнуў, як прасціну, газету і замёр. Ля ног гаспадара прымасціўся Гектар. Па загалоўку я ўбачыў, што газета замежная. Генерал глядзеў у яе заклапочана, насцярожана, трывожна хмурыўся, як хмурыліся тады, гледзячы ў газеты, мой бацька і ўсе старэйшыя людзі.
Я доўга назіраў, а генерал усё чытаў. Дзіва. Я праглытваў ста-ронкі газет з бесклапотнай асалодай, а для генерала чытанне іх — складаны рэбус, цяжкая работа. Часамі ён нешта крэсліў алоўкам на паперы, неспакойна варушыўся, соп, бурчаў, ківаў галавой і час ад часу лаяўся ўслых:
Ах, пся крэў, хо-ле-ера я-асна!.. То неможлівэ!..
До пе-ру-уна!..
А-яй-яй, но, про-ошэ!..
Нарэшце Гектару надакучыла з гаспадаром. Сабака ўстаў і пайшоў за дом. Мне здалося, што там ёсць абавязкова нешта цікавае і для мяне. Я асцярожна пачаў прабірацца ў канец драцяной сеткі.
За ўвітай дзікім вінаградам агароджай пачуліся дзявочыя гала-сы. Я стаў на пянёк і зазірнуў цераз вінаград. Там загаралі Дануся з Бэтай.
Яшчэ ў спартыўнай школе я доўга не мог прызвычаіцца да хлопцаў у майках і трусах. У нас на вёсцы паказаць голае цела можна было адно ля ракі. Нават стары дзед, косячы на балоце, накідаў на сябе зашпіленую на ўсе гузікі кашулю і белыя порткі. А тут у цэнтры горада ў адных купальных касцюмах бессаромна валяліся жыватамі ўніз паненкі, надзеўшы на галовы папяровыя каўпакі і наклеіўшы на насы лісты бэзу. Дануся нешта ўголас чытала, а Бэта слухала. Яшчэ яны бестурботна памахвалі ў паветры ружовымі пяткамі. На мяне гыркнуў Гектар, і я ўцёк.
Ідзіце, я вам нагатавала супу! — паклікала гаспадыня.
Дзякуй...
Унь, я наліла ўжо.
Ладна. Мне не хочацца яшчэ есці!..
Ой, што з вамі, Янку, вы не захварэлі часам? Штосьці вы з раніцы сам не свой!..
Але я кабету не надта слухаў. Мне не верылася, што сёння сустракаўся перад брамкай з Данусяй. Але ж гэта быў не міраж!.. Падрабязнасці сустрэчы так і стаялі перада мной. Толькі не прападаць жа страве, і жанчына прывязалася як смала!.. Вельмі неахвотна я накіраваўся дадому.
4
Назаўтра вярнуўся я з работы а дзевятай гадзіне раніцы і пайшоў па ваду. Яе бралі ў глыбокім яры. Там, дзе была студня, горы ўтваралі маляўнічую цясніну, панавалі цішыня і спакой, бытта цясніна была ў глухім полі.
Яшчэ здалёк я ўбачыў, што побач з цэментавым кругам стаіць новенькая эмаліраваная пасудзіна з ручкай: высокая, унізе шырэй-шая, а ўверсе вузенькая, з раструбам. Але я не звярнуў на яе ўвагі. Мала хто мог паставіць. Горад. Навокал тысячы людзей. Паставіў і возьме, калі будзе трэба.
Нічога не падазраючы, падышоў я да студні і пачаў прывязваць да вядра вяроўку.
Дзень добры! — раптам пачуўся крыху як бы знаёмы голас.
Я аж уздрыгануў ад нечаканасці. На адхоне стаяла Дануся і трымалася за ствол клёна.
Я марыў сустрэцца з ёю ў фае тэатра, у краме, на параходзе, нават на самалёце, калі зраблюся славутасцю. Марыў спаткаць яе ў доме ваяводы пасля таго, як перамагу рыжага капрала. Падрыхтаваў нават словы, з якімі звярнуся да яе. Але спаткацца гэтак?..
Гэта вы-ы? — вырвалася ў мяне.— Сэрвус...
Я разгубіўся да рэшты, не ведаў, што рабіць і што гаварыць, падрыхтаваныя словы ніяк не падыходзілі. Мяне апанаваў нейкі жах. Хацелася даць драла, але ногі бытта анямелі, нібы прыраслі да зямлі.
Пан дазволіць сваёй вяроўкі, калі дастане сабе вады? — папрасіла яна і пажалілася:— Я не ўзяла!
Вазьміце...
Думала, хто-небудзь будзе тут абавязкова... Прыйшла, чакаю, чакаю, і ніхто, як па злосць, не з'яўляецца. Таму, мусіць, што нядзеля. Першым прыйшоў пан...
Бярыце...— паўтарыў я няўпэўнена, стрымліваючы ў сабе радасць, што Дануся звяртаецца да мяне за дапамогай.— Вы носіце адгэтуль ваду таксама? У вас жа свой водаправод! — ускрыкнуў я з папрокам і адразу ж спалохаўся.