Давайце сходзім! — не задумваючыся запрапанавала яна.
Можна...
Але ісці ў гэтую хвіліну мне ніяк не выпадала. Па-першае, дома чакалі вады. Па-другое, пада мной гарэла зямля, я баяўся за вёдры: пакінулі ж мы іх на дарозе; ёй, генеральскай дачцэ, вядро — глупства, а мне?.. Да ўсяго, мой ідэал пачаў блякнуць. У той час, калі сталы чалавек шукае прадмет свайго абажання, каб зліцца з ім, юнаку патрэбен сам працэс скрытнага і маўклівага абажання. Уся прыгажосць для яго тоіцца ў безнадзейнасці яго кахання. Надзвычай лёгкае збліжэнне мяне раптам расхаладзіла. Адначасова гэтая шчуплая, з тонкім профілем паненачка ў просценькай сукеначцы ў сінюю клетачку выклікала ў мяне пашану і прыцягвала ўжо неяк па-новаму. Я ўжо і не ведаў, што гаварыць.
Не-е, не цяпер. Калі іншым разам! — супакоіла яна, убачыўшы на маім твары нерашучасць.
Дануся нешта перажывала, а я выбіраў яшчэ лепшае месца недалёка ад таго, дзе мы былі.
Прабачце, калі пан Залескі вам гэтак сказаў,— раптам прамовіла яна.
Дзіва — думае ўсё пра тое?
То было восенню... Ну яго да д'ябла з Залескім — шавініст тупы!.. Вам кусты перашкаджаюць, хадзіце сюды, во!
О-ей, колькі вежаў! Адна, дзве, тры, чатыры...— лічыла Дануся, паказваючы пальцам удаль.— Аж трыццаць два касцёлы і цэрквы ў пашай Вільні. Божа!
Я налічыў сорак. Адсюль усіх не відаць, бо гэтая гара занізкая. Во, з той!..
Але паненка болей не цікавілася маёй гарой.
Я пашкадаваў ужо, што адразу не злавіў Данусю на слове і не прапанаваў, напрыклад, сёння яшчэ схадзіць на гару. Чорт іх бяры з вёдрамі, калі і прапалі б! I з прачкай бы нічога не страслося б без вады...
Але прыдатны момант вярнуць было ўжо немагчыма.
Трэба ісці, дома будуць хвалявацца! — спаважнела Дануся.— Надта доўга затрымалася. Хадзем!
Лёгка і адважна збегла яна з гары, зняла тапачкі і дакладна так, як робяць дзяўчаты ў нашай вёсцы, стукнула адна аб адну, зноў надзела і падалася да вёдзер.
Нездаволены сабой, следам павалокся і я.
На вуліцы акуратна на палавіну раздзялілі мы чаромху, ветліва кіўнулі на развітанне галовамі і разышліся.
6
Вярнуўся я з пустымі вёдрамі ў яр і задумаўся пад студняй. Гэтае месца стала для мяне цяпер незвычайным. Як добра, што няма калаўрота, як на вёсцы, бо тады вісеў бы тут ланцуг і я з Данусяй не сустрэўся б.
Палез на гару, знайшоў ляшчыну. Гэта быў не проста кій. Яго карычневая кара з ружовенькімі вочкамі пабыла таямнічую значнасць. Вось за гэтае месца Дануся трымалася, калі я ўзяў ад яе кій, ён яшчэ быў цёплы.
Я нават пагладзіў ляшчыну і чамусьці захаваў яе ў кусты.
Нанасіўшы вады, пайшоў на вуліцу.
Усё пачалося вось адсюль. Каб тратуар быў крыху шырэйшы, а вадасцёкавы равок не такі глыбокі, яна магла б мяне і не заўважыць, гэтак не паглядзець,— проста абышла б брукам. Зрабілася страшна, што ўсё адбылося дзякуючы звычайнай выпадковасці, якой магло і не быць. Магчыма, Данусю да студні прыцягнула падсвядомае пачуццё, абуджанае нашым спатканнем на тратуары?
Я ад прыроды такі: калі мяне нешта ўсхвалюе, збіраюся і куды-небудзь іду.
У гэтую нядзелю я хадзіў па Вільні больш за ўсе дні. Хадзіў як бы падросшы, цяжэйшы, дужэйшы, разумнейшы ад таго, што нёс у сабе новыя ўяўленні, пачуцці і радасць. Дзе там хадзіў! Узрушаны ўвагай Данусі, я насіўся па горадзе як на крылах, а ва мне ўсё калабродзіла. Адначасна было так прыемна, бытта Дануся ішла побач. Усюды бачыў яе прысутнасць.
Вось — кіёск. Па дарозе ў ліцэй яна кожны дзень глядзіць на яго. Быць таго не можа, каб чалавек не пакідаў на прадмеце штосьці ад свайго позірку. На сініх фанерных сценках абавязкова ёсць сляды і Данусіных вачэй. Вось і я гляджу на кіёск...
Цікава, калі глядзець на яго Данусінымі вачыма, ён дакладна такі сіні, якім здаецца мне? Магчыма, у яе ўяўленні сіні колер выглядае зусім інакшым?..
Мне, нібы пасля першай вясенняй навальніцы, зрабілася лягчэй дыхаць, весялей жыць. Я прамянеў здароўем і шчасцем, з пачуццём перавагі сустракаў залётныя позіркі дзяўчат. Каб яны, бедныя, ведалі, якімі вартымі жалю, смешнымі і наіўнымі мне здаваліся!..
Я быў упэўнены, што абавязкова зноў сустрэнуся з Данусяй. Яна ж такая простая, зусім не падобная на фанабэрлівых паненак віленскай знаці, якія не лічаць цябе нават за чалавека.
Ад радасці, што ўсё наперадзе, захацелася бегчы дахаты, легчы на ложак і праспаць увесь гэты час, абы толькі не пакутаваць ад чакання. Эх, каб які чараўнік зрабіў мяне на гэтыя дні нячулай скалой, як бывае ў казках!..