Адразу пасля няўдалага матча трэнер падказаў мне, што пану Матыку патрэбны разносчыкі, і даў мне яго адрас.
Я наняўся на работу. I цяпер кожную раніцу разносіў па багатых кварталах сотню поўных бутэлек, якія фурман пана Матыкі прывозіў з вёскі яшчэ да світання. За гэта я атрымліваў дваццаць злотых у месяц і кожны дзень бутэльку выдатнага малака. Цяпер я быў не галодны і багаты...
Такім чынам, я накіраваўся ў краму. Там купіў хлеба, бульбы, цукру і, прыціскаючы ўсё да грудзей, падаўся дадому. Каб не разарвалася папера і не высыпалася бульба, вымушаны быў крочыць памалу, асцярожна. Вузкая дарога між высокіх платоў ішла на гару. Мяне часта апярэджвалі людзі. Я заняў тратуар у адну плітку. I каб абагнаць мяне, людзі скакалі праз вадасцёкавы равок на брук, нездаволена бурчалі, а я вінавата маўчаў.
У адным месцы першакласніцы напісалі крэйдай на тратуары задачу і спрачаліся. Толькі я асцярожна абмінуў дзяўчынак, як раптам пачуў:
Прабачце!
Калі ласка! — адказаў я механічна, павярнуў галаву і сумеўся. Побач — прыціснутая мною да плота — Дануся!
Я адступіў, як мог, убок.
Дзякуй! — кінула паненка і ўзняла вочы.
Не, гэтага моманту апісаць нельга, яго трэба бачыць.
Яна паглядзела на мяне так, як можа глянуць дзяўчына толькі адзін раз і ў пэўную пару. Я адчуў у паненцы маладую і здаровую кабету. У яе позірку было штосьці жаноча-прыхілыіае, блізкае, заманліва-роднае і гуллівае. Адначасова ў глыбіні вачэй я заўважыў трывожны неспакой і выклік.
Ля брамкі Дануся паправіла ззаду борэт, абцягнула форменны фартушок і азірнулася яшчэ раз. Цяпер яна проста какетліва і крыху па-дзіцячы ўсміхнулася.
Пхі! — чагосьці яшчэ пырснула нават і паляцела.
— Ты паглядзі!..— вырвалася ў мяне здзіўленне. Пастаяўшы крыху, я падаўся дадому, адчуваючы, як у мяне вырастаюць крылы, як маю істоту залівае нейкая шчаслівая радасць і ўпэўненасць, а грудзям робіцца прастарней дыхаць.
Вось цяпер, у гэтую хвіліну, штосьці адбылося. Што — я яшчэ не ведаў і сам, толькі разумеў: адбылося напэўна і — надта важнае!
3
Нядаўна ў маёй гаспадыні курыца вывела ў кошыку куранят. Калі я з пакункамі вярнуўся з крамы і зайшоў на кухню, там стаяў неверагодны піск.
Глядзі, глядзі! — пазваў сястру маленькі хлопчык, унук прачкі.— Глядзі, дзядзя Ваня!
Я зірнуў туды, куды паказваў малы. Адно кураня ўпарта дзяўбло на падлозе сонечны зайчык, які падаў ад шыбы.
Во! — прамянеў хлопчык, шчаслівы ад свайго адкрыцця.
Першы раз за восем месяцаў мы з хлопчыкам зразумелі адзін другога і рассмяяліся.
«Яны добрыя дзеці! Завошта я іх так не любіў і праганяў ад сябе?!»
Пане Барташэвіч, стаўце абед, я пакінула вам месца на пліце,— сказала прачка.
Потым навару, калі наварыце сабе вы!
Занадта раскошна будзе! А дровы, думаеце, мне дарма хто выдае?!
Аднак мне было не да ежы.
«Ідзі ты, жмінда, да д'ябла!» — кінуў я на стол пакупкі і пайшоў на двор.
Яшчэ некалькі хвілін таму назад я быў вялы і абыякавы, галаву меў цяжкую — хацелася спаць. Цяпер усё гэта бытта рукой зняло. Я па-сапраўднаму адчуў вясну з усімі яе пахамі, птушыным шчабятан-нем. У вушах па-вясеннему звінелі кураняты. Яны нагадалі мне вёску, сіняватую рунь яравых, а за агародамі — луг, пакрыты ўжо лотаццю такой далікатнай жаўцізны, што дзіва брала, як гэткая прыгажосць можа ўжывацца з бруднай цінай.
Колькі часу я тады вартаваў на сваім панадворку, не адводзіў ад суседзяў вачэй, не памятаю.
Нарэшце за сеткай з'явіўся генерал. Ён цяпер быў у піжаме. Чорныя, пад Пілсудскага, маржовыя вусы яго грозна апускаліся ўніз. Гектар ляніва цёрся аб генералавы ногі. Данусін бацька, не спяшаю-чыся, абышоў клумбу, падняў грудку зямлі і адкінуў убок. Тады пад кранам спаласнуў рукі. Грудка магла сабе ляжаць, дзе ляжала, аднак генерал адкінуў яе, бо прыемна было яму адчуваць пахучую зямлю, халаднаватую ваду — іграць ролю гаспадара, наводзіць парадкі. Ён ствараў уражанне чалавека стомленага, занятага клопатамі, якому, дзякаваць богу, выпала вось хвілінка перадыхнуць. I генералам жывецца нялёгка?!.
Кубусь! — пазваў ён як чалавек, які прызвычаіўся, што кож-нае яго слова пачуюць тыя, да каго звяртаецца.