X і м к а. То чаго марудзіш, покуль д'ябельская сіла пачне намі правіць? Толькі страшнае знаменне пакажы!
А л ь я ш. Найперш трэ радзіць Хрыста. Мусім знайсці дзеўчыну на мацер божую...
X і м к а. А — Нюрка з Забагоннікаў, дзеўка — бы ружа!
А л ь я ш. I трэ знайсці мужыка, ад каго яна панясе. (Думае, уздыхае.) Для гэтаго я — застары ўжэ.
Г а л а с ы. Не-е, шчэ не стары-ы, змо-ожаш і гэта... Паспрабуй і пабачыш, што змо-ожаш!..
Злева — домік Альяша, справа — Хімчын. Далей — царква са званіцай. Вакол домікаў бушуюць бабы. Хімка рыхтуе маці божую да святога зачацця. Стыне ў балейцы вада. На лаве — Нюрчына вопратка. Божая маці нацягвае гарадскі ліфчык, шаўковую кашулю з мярэжкамі. Кашулька ўвыдатняе поўныя, бы палавінкі футбольнага мяча, грудзі, такія ж габарытныя бёдры ды крутыя плечы.
Б а б ы (пяюць «Вершалінскі гімн»).
Наша цэрква — незямная!
Тут ўпраўляе херувім!
Гэта цэрква — залатая!
Гэта наш — Ерусалім!..
Г а л а с ы. То дзе яны там, чаму не ідуць, хопіць прыхарашувацца! Няхай, няхай! Прыйшлі, то пачакаем!
Н ю р к а. Слізкая, як вужака! А халодная, бы бляшаная! (З трывожнай радасцю.) Як дурныя жанкі паноў такую бялізну носяць?!
X і м к а. I я лічу — самая лепшая льняная: у гарачыню не парыць, зімой лепш грэе. Але ніц не зробіш, цяпер мода на шоўк! (Падае сукенку з малінавага аксаміту.) Нацягвай!.. (З-за Нюрчынага жывата ў сукенцы перад карацейшы, жанчына хвіліну мяркуе: счапіць на жывую нітку і падкараціць зад, адрэзаць лішняе?) Ат, не будзем псаваць, Нюрка, файны матарыял!
Н ю р к а. Такого нават і ў паноў не бачыла!
X і м к а. Дарагі! Калі будзеш, Нюрачка, ісці, то не надто напінайса, тады краі вісецімуць роўно!
Н ю р к а. Каб не забыць адно!
X і м к а. Толькі той бяды, як і забудзеш!
Н ю р к а. Ой, выпало чысто з галавы, што ў мяне там! (Вымае з пліты шчыпцы, слінявіць палец і правярае гарачыню жалеза. Падвівае перад люстэркам валасы і суне прыладу ў агонь назад.) Стынуць падто хутко. Перад адыходам шчэ папраўлю! (Спрабуе нацягнуць панчохі на тоўстую лытку.)
X і м к а. Абыдзешса без панчох, цалейшыя будуць!
Н ю р к а. Летам пават і паненкі так ходзяць па гарадах, сама ў Гродне бачыла, калі з татам бульбу вазілі!
X і м к а. Толькі ног не мачы, бо набрыняюць і туфель не нацягнеш. Вытры насухо, калі ўжэ ўсадзіла, на! (Кідае анучу.)
Н ю р к а (не слухае). Цётко, а ён, кажуць, надто велькі, праўда?.. Каб не задушыў шчэ, чаго добраго, мяне!..
X і м к а. Мой быў таксамо мажны мужчына, царство яму нябеснае. (Хрысціцца.) I мне здалосо — такі здаравяка ўзлезе на цябе ў ложку ды яшчэ задушыць. Ажно ён надто лёгкі аказаўсо, ой, лёгкі, бы хлопчык!
Н ю р к а (праз хвіліну). Гадко ўсё гэто, праўда?
X і м к а. Мо першы раз толькі. А потым, бывало, пасля работы дзеці ноччу пазасынаюць, надыдзе той час, і ўжэ не можаш аніяк без гэтаго... Ай, то калі мужык з жонкай жывуць, а ў цябе ж — іншае, грэх пра гэто і думаць нам!
Н ю р к а (паслухаўшы, як на двары збягаюцца жанчыны). Уй, што скажуць бабы з Забагоннікаў, калі даведаюццо, што мама скажуць, сёстры што пачнуць гаварыць?!. Я то, дурная, хоць і згадзіласа на гэто, але ж не знаю, не ведаю, цётачку, што шчэ будзе!
X і м к а. Маліцімосо за цябе, от што! Жартанькі, столькі дасі людзям, — боскае дзіця прывядзеш! Пра такое адно ў бібліях ды святых евангеллях пішуць, з паперці бацюшкі расказваюць!
Н ю р к а (уздыхае). Шчэ я так козыткі баюсо — не дакраніса! Як яно ссаці ў мяне будзе?!
X і м к а. Так бывае, калі цябе казыча хто другі. Як сваё дзіця — не пачуеш!