А л ь я ш. Ат, вазіса тут з вамі! Трэ Вершалін канчаць, — канец усяму хутко і тады ўсе з мёртвых паўстануць страшнаго суда чакаць!.. (Збіраецца ісці.)
Уваходзіць Данілюк.
Д а н і л ю к. Пачакай, Ілья! Рабіць штось трэбо з (паказвае на пісара) яго Рэгісам! Айцец Мікалай так напіваецца, што без нагавіц па вуліцы лётае!
А л ь я ш. Бо ён — бас, а такія мусяць піць! Думаеш, адкуль голас бярэцца? Ад гарэлкі. Усе басы п'юць! Ат, мало нам тут засталосо, на тым свеце рассудзяць нас усіх!..
П і л і п і х а (улятае). Ілья, ты тут таўчэшса, а там унь — Хрыстос ходзіць па полі! Пастухі бачылі, як раненько апускаўсо па воздусі з хмары на зямлю! Дарожкай сабе гэтак ідзе ды жытам кланяецца, птушачак бласлаўляе!..
Д а н і л ю к. Цьфу, дурная баба — ёй толькі адны забабоны! Гэта — Іван Мурашка з Валыні.
А л ь я ш. Чаго той мурашцы тут трэ?
Д а н і л ю к. Адзінаверцаў пад Сарнамі сабраў ён шчэ больш, чым ты! Ды абшчына яго ўзняла бунт і распаласа, а самому прароку бабы морду расцарапалі — у струпах увесь. Іван ходзіць па тваім Вершаліне, на ветракі дзівіцца, у ставы тычку садзіць, глыбіню вымярае.
П і л і п і х а. Зайздросцяць цяпер табе яны, Альяш!.. Бо надто ж ладныя дамы атрымаліса, з ганачкамі, у ставах чырвоная дахоўка файно так глядзіцца — вачэй не адарваць!..
А л ь я ш. Буду яднацца з хахлом — от шчэ!.. Усе выйшлі на работу з раніцы?
Д а н і л ю к. Каменшчыкаў з Крэва — трыццаць шэсць. Пільшчыкаў з Ліды — восемдзесят чатыры. Шаснаццаць сталяроў і цесляроў з-пад Слоніма. Дваццаць два бляхары і восем шкляроў з Беластоку.
А л ь я ш (паказвае торбу). У Крынках палічу грошы і ў Гродна скокну. У заапарку куплю лебедзяў, а тады ў Бярозаўцы — каляровае шкло на ганкі". Да канца свету пяць тыдняў, зашкліць паспеем.
П і л і п і х а. I станем мы жыць у Вершаліне, бы птушкі нябесныя, што не сеюць, не жнуць, а ўсё маюць!..
Ж а б р а к (не адводзіць вачэй ад торбы з грашыма). А лічыць возіць іх рэстараншчыку ў Крынкі, сваім не давярае!.. О-о, нашым толькі такое давер — так і аббяруць цябе!
X і м к а. Ілья надто гаспадарлівы!
А л ь я ш (ідзе па хамут, але спахопліваецца). Ха!.. У беластоцкіх шкляроў дзісь палучка!.. Сколькі ім плаціць?.. Трэ падлічыць... Восем чалавек та-ак!.. (Бярэ восем бульбін і выкладвае іх на лаву.) За днёўку кожнаму — два злотых. (Каля кожнай бульбіны кладзе па дзве залатоўкі.) А за тыдзень — па шэсць разоў яшчэ... (Грошы раскладвае, як карты пры раздачы.) Ра-аз, два-а, тры-ы, чаты-ыры, пя-аць, ше-эсць, хопіць!.. (Бульбіны кідае ў кошык, адлічаныя купюры згортвае ў кулак, глядзіць на пісара.) Паслаць цябе, каб ты ім раздаў палучку?.. (Хвіліну думае.) Шчэ ўцячэш з капіталам, бы Янох, я вас ведаю, лепш аддам сам! (Бярэ хамут, збрую і торбу з грашыма.) Ну, так я паехаў!
Вісяць аб'явы. На плакаце — вялізнае факсіміле ад «Зварота Прарока Альяша да Народаў з выпадку Канца Свету». На царкве — жахлівы малюнак: у смале кіпяць грэшнікі, ля іх чэрці з віламі. Перад царквой сцякаюцца на канец свету «альяшоўцы». Людзі здаюць прыёмшчыку грошы. Пераапранаюцца ў свежыя кашулі і сукенкі, кідаюць на траву торбы, лахманы. Да «канца свету» рыхтуюцца грунтоўна, без спешкі, бытта да касьбы ці жніва. Ля іх — камсамольцы. Відны новыя будынкі Вершаліна.
Камсамолец першы. Цётку, так вы — на небо збіраецеса?
П і л і п і х а. Пасмейса, пасмейса!
Камсамолец другі. Уваскрэснуць умерлыя, то куды змесцяцца — іх столькі жыло да нас?! Навыцяжку хібо пастануць, упрытык!
Ж о н к а Антанюка. Бог ім адкрые новыя міры! Зрабіў гэты свет, наробіць шчэ, бо гэто ў яго моцы!
Камсамолец першы. Царква ваша ўзнімецца на неба са званамі, а Вершалін — з каровамі, сабачымі будамі, нужнікамі?
А н т а н ю к. Нехрысці, ваду муціце? Цэнцну зара па тваіх акулярах!.. (Актывістаў выштурхваюць.)
X і м к а (з-пад далоні выглядае людзей). Няўжо з намі болей ніхто не пойдзе? Шкадаваць потым будзеце — позна будзе!
Д а н і л ю к. Перад усямірным патопам людзі елі, пілі ды весяліліса, высмейвалі старого Ноя, калі каўчэг збіраў!..
Камсамолец першы (на авансцэне). Жывыя персанажы з біблейскага патопу! Раскажы каму ў горадзе — не павераць!
Камсамолец другі. Цішэй, шчэ раздзяруць тут нас!.. (Хаваюцца.)
Разадзетыя багамолы ўрачыста кіруюць да Альяшовай святыні. Адпетыя фанатыкі перад храмам кладуцца ніцма на траву, чакаюць ракавой хвіліны.
А н т а н ю к. Глядзі, Соня, дзіця, каб не надто перапалохаласо, калі грымець пачне і зямля валіцца! I сама не бойса! Распачнецца ўся неразбярыха, то стань і — ні з месца! Народу будзе прорва, але нас Бог не кране! А цяпер давай будзем развітвацца! Жылі мы з табой душа ў душу дваццаць гадоў, цяпер давай, бабо... (Цалуе.) Хто ведае, ці ўбачымса на тым свеце?
Жонка А н т а н ю к а. У цябе е грэх які, што ў пекло рыхтуешса? Бо я перад Госпадам чыстая, як слязінка! Так што ў цябе за душой, ну?