М а й с а к (Антанюку). Во, маеш!.. Скажу табе, Іване, калі гэтых бабаў там не аддзеляць ад мужыкоў, то і рай будзе не рай!
Антанюк (жонцы). А гэто, Соня, што ў цябе?
Ж о н к а А н т а н ю к а. Маткі. Буду сабе вязаць там.
А н т а н ю к. У раі вяза-аць?! Здурнела!
Ж о н к а А н т а н ю к а. Воўна з нашых марыносых авечак, надто файная і фарба добро ўзяласа — паглядзі сам!
А н т а н ю к. Не смяшы людзей!
Жонка Антанюка. А я з пруткамі схаваюсо дзе-небудзь за смакоўніцу тую ці пальму і буду панчохі рабіць альбо світар! Бо сумно стане без дзела, Іван! Ну, дзень-два пасплю, а потым?
А н т а н ю к. Ы-ы-ых, што ты выдумала! Нагараваласа за жызню, мы з табой варты лепшаго! Выкінь зараз жа гэту дрэнь!
X і м к а. Іване, дай пацешыцца ёй крыху, яна потым сама выкіне!
Г о л а с. Ой, няўжэ я сваю маму пабачу? Якія яны цяпер? Мама памерлі, а мне было пяць годзікаў— цяпер мае дзеці старэйшыя?
Ж а б р а к. Людзі на небе не мяняюццо. А я ўсё думаю пра бацькаваго дзеда. Шчэ з турэцкай вайны прывёз, кажуць, сярабра збанок і закапаў перад тым, як самого мядзведзь задраў. Я пераараў усё поле!.. Але стары здораво грашыў, зара не спытаеш, бо напэўно — у пекле на самым дне будзе.
Жонка Антанюка. Думаеце, адтуль нельга і да сваякоў выйсці? На мінутку хоць, калі папрасіць добро апостала Пятра, столькі ж не бачыліса!..
Ж а б р а к. Калі ўжэ трапіў туды хто — капут. Ат, цяпер і карысць малая, каб дзед і сказаў! Цікаво просто!..
Жонка Антанюка (да мужа). А як жа я буду жыць на тым свеце: там з'явіцца і твая першая жонка?! Гандзя маладзейшая і ты мяне адразу кінеш! Кінеш, бессаромныя твае вочы! А-а, дак во што ў цябе за душой!..
А н т а н ю к. Пабойса ж Бога, Сонька, што мелеш?!
М а й с а к. Не спрачайцеса! У Евангеллі ад Мацея гаворыцца, што на небе не любяць па-зямному, а прабываюць, як анёлы божыя!
П а л о с я. А мяне разбірае страх, калі падумаю, што трэ ляцець на небо кудысь! Я ж па драбінцы за бялізнай на гару баюсо лезці, а то — над хмары, звёзды і месяц!
М а й с а к. Будзеш, як усе, адна ты такая?
П і л і п і х а. Мілая сястрыца, архангелы возьмуць цябе ў белыя рукі і панясуць, панясуць у нябесныя высі, бы тую каралеву!..
Жонка Антанюка. А ўсё ж такі жуткавато! Чалавек сабе жыў-жыў і тут раптам — у раі! У Гродно ехаць і то страшно!.. Волесь, унь і Палося Канцавая! I гэтая рэзгіня прыперласа, каб спазнаць царство нябеснае!
М а й с а к. Кацёл з гаршчка смяецца, а чорныя абодва.
Антанюк. А ты, Соня, выкінь з сябе гардыню! Хрыстос умеў дараваць віны нават ворагам! Глядзі, бабо, дзіця унь улезло ў штось!
Жонка Антанюка (спахопліваецца). Яначка, на каго ты падобны?! Ці табе не гаварыла — не пэцкай касцюмчыка, не лезь нікуды? Дзе мне памыць цябе на небе? Там і карыта не знойдзеш!
А н т а н ю к. Ладно, не карай. Не можа таго быць, каб на небе не знайшлосо ў што малых пераапрануць. У кутку цвінтара — сасновыя плашкі. (Падпальвае іх.)
«Бом» — гучыць галоўны згон. «Цялям-цялям», — утораць меншыя.
У с е (падаюць на калені, горача моляцца). Госпадзі, памілуй! Госпадзі, памілуй!
Бом!.. Цялям-цялям!..
Госпадзі, памілуй! Госпадзі, памілуй!
Смольныя плошкі з трэскам шугаюць у неба полымя, асвятляюць заклапочаныя твары, кідаюць хісткія цені. Званы і енк напаўняюць паветра. З царквы, як з-пад вады, далятаюць галасы капэлы і ўплятаюцца гарманічна ў вэрхал, дадаюць журботы і суму.
X о р: Отве-ерзи, господи, врата в облака-а, вусти в блаженно Араратское цар-ство-о!..