В а р'я т. Ха!.. Ха!.. (Ловіць паветра, бытта кінулі яго ў вар.)
А л ь я ш (людзям). А вы не ў ціятры папрыходзілі на туманныя карцінкі! I не дрыжыце так! Лепш сцісніце моцно рукі і ногі, каб нячысты і ў вас не залез, і дапамагайце! Паўтарайце за мной! Ну, — сатана, выйдзі!
Н а т о ў п (ацапянелымі вуснамі). Выйдзі...
А л ь я ш. Смялей!.. Ну — сатана, выйдзі!
Н а т о ў п (ужо мацней). Сатана, выйдзі!..
В а р'я т (перасохлым горлам). А куд... Куд-дой?!
А л ь я ш (з пагрозай). Якое мне дзело? Кудой зайшоў!
В а р'я т (плаксіва). Не вылезу тудой, дзядзьку!
Н а т о ў п (зларадна). Выйдзі!
В а р'я т. Іэ!.. Іэ!.. Я праз галаву залез!
А л ь я ш (замахваецца крыжам). Цацкацца з табой буду?
В а р'я т (вішчыць). Не-е, дзядзечку, не-е! Я выйшаў ужэ увесь, болей мяне не трэ! (Ужо рахманы піхае галаву ў мацерыну кофту.)
М а ц і в а р'я т а. Ты — цаца, Пятручок, сціхні, родненькі!
Людзі з палёгкай уздыхаюць ды з падзівам глядзяць на прарока.
Г а л а с ы. А дым з вушэй як паваліў у дурного, бачылі? Клубамі! I серай засмярдзело! Шчэ і загрымело штось, заляскатало! I ў маёй галаве звон стаяў! А я нічого не бачыла і не чула! Бо калі сказаў так зрабіць, то я з усяе сілы сціснула рукі і ногі, каб нічого ў мяне не ўлезло, так і прастаяла!
С л я п ы. I на гэты раз сатана яго паслухаў!.. (У роспачы.) Альяш, ты толькі прыбядняешса, што не ўсё можаш! Сілу маеш велькую, памалі-іса за мяне!..
М а ц і в а р'я т а. Ой, дзякуй табе, святы айцец, за выздараўленне сына! Ён жа адзіны ў нас, так было цяжко!..
А л ь я ш. Богаві дзякуй.
М а ц і в а р'я т а. Як табе з мужыком каня пакінем за гэто!..
Вар'ята выводзяць. Да прарока паўзе з сарамлівай усмешкай маладзіца ў расхлыстанай кофце.
А л ь я ш. Ну, а табе чаго?
Т э к л я. Адпусці мне, грэшнуй, віны!.. Закінь слоўцо перад Богам за распусніцу, божы чалавек, пашкадуй!
А л ь я ш (хапае яе за нос і водзіць). Прыперласа, шлюха, хвастом круціць і тут? Марш з маёй цэрквы! Няма табе дарогі да Госпада, праклятая ты ім!
Т э к л я (да распяцця). Госпадзі, не слухай яго!..
А л ь я ш. Ну, пачакай жа, сука!.. (Выбягае.)
Т э к л я (вые на каленях). Я нікуды адгэтуль не пайду-у! Чарвяком буду поўзаць, як сабака рукі-ногі яму лізаць, а за віны ачышчэнне склапачу-у!
X і м к а. Склапочаш, Тэклечка, не адступай, Бог літасцівы!
А л ь я ш (улятае з вяроўкай). Цыцкі свае выставіла і думае — купіла мяне?!. У горадзе цябе саўрацілі?
Т э к л я (бухае на калені). У Гродне! У грэх увялі, бы чатырмя коламі пераехалі!
А л ь я ш. Афіцэры?