Хвала табе, Госпадзі!
Бом!..
Звон змаўкае. Альяш узнімаецца з кален, ідзе ў домік, за ім, прыкрываючы ад ветру свечку, тэпае Хімка. Бабы шчыльным натоўпам ціснуцца да ганка, на тварах — цікаўнасць і бессаромныя ўхмылкі.
Б а н а д ы к. Ото ж смеху будзе, калі Нюрка дзеўку родзіць, куды Альяш яе дзене? Пагарыць, бы Заблоцкі на мыле!
Станкевіч. Ужэ не раз гарэў — жывучы, зараза!
Б а н а д ы к (рагоча). А то шчэ тройню родзіць!
Станкевіч. Жарты — жарабец такі!..
Б а н а д ы к. Ну, родзіцца малое і які ж з яго Хрыстос, з малого?
Станкевіч. Стары дурань сам не разумее, куды яго заносіць, хочаш зразумець ты? Пайшлі іграць!... (Абодва знікаюць.)
Жонка Антанюка. Куды маладыя падзяваліса?!
П а л о с я. Канчалі б мілавацца, выходзілі б!
П і л і п і х а. Не для распусты пайшлі якой!..
М а й с а к. Ха, іншым толькі дай волю!..
У дзвярах — хлапец без шапкі.
М а й с а к. О, жаніх паказаўсо, глядзіце!
Ж о н к а А н т а н ю к а. Чаму адзін?! Трэ і яе вывесці!
А л ь я ш. Нюрка хай ачуняе. А вы, брацця і сёстры, цяпер слухайце, што вам скажу. Аб'яўляю вам найдрошчую ва ўсім свеце весць! Бо дрошчай весці за гэту быць не можа! Аб'яўляю ўсімі народам другое прышэсце Госпада і канец свету! (Бярэ тоўсты фаліянт, водзіць пальцам па пергаменце, чытае.) «..Калі паўстане царство на царство, настануць глады і землетрасенні! Палі і лясы ўсцелюць трупы, збяруцца арлы і глытаць іх стануць! Звёзды з небі спадуць, сілы нябесныя пакалеблюцца, зямля расколецца, як арбуз, дымы і агні з яе паваляць, а ўсё жывое праваліцца ў агонь, згарыць! (Жах. Енк. Крык. Плач. Завыванні.) Але раней на ўзгорку пад Ляшчыной я пабудую горад Вершалін. Хто верыць у мяне, пасля туды пераселіцца, бо гасподзь бог Вершалін не кране, а заменіць яго ў рай! I будзем, брацця і сёстры, жыць у Вершалінскім раі ва векі вякоў, амін!
Н а т о ў п (хорам). Амін!
Г а л а с ы (скрозь плач і завыванні). Ратуй нас, Ілья! — Вядзі ў зямлю абетаваную! — Бяры нашыя душы, бяры сэрцы, грошы бяры, кароў і коней ды гаспадаркі забірай, адно ратуй нас, Альяш! — Не аддавай нас арлам! Не хачу ў аго-онь!!!
ЧАСТКА ДРУГАЯ
Хата Альяша. Стол, пад лавай кошык з бульбай. На сцяне рэшаты, хамут, збруя. Над сталом іконы, каляровыя партрэты «Айца Альяша», лампады. У кутку — жабрак з Хімкай — поўныя набожнай пашаны да свайго ідала. Прарок з пугай за халявай кленчыць перад іконамі. Ля стала пісар з тоўстым блакнотам збіраецца абмакнуць пяро ў чарнільніцу. Ля ног прарока — конская торба, з якой вылазяць камы грошай.
А л ь я ш (б'е паклоны). Ангел божы, храніцель святы, жывот мой саблюдзі ва страсе Хрыста, разум зацвярдзі ва ісціным пуці...
П і с а р. Айцу Мікалаю Рагісу для новай Бібліі пра вас патрэбно слово ваша! Усё абяцаеце, а не кажаце яго! Бо хоць і канец свету настае, але ж Біблія і тады, мусіць, патребна будзе!...
А л ь я ш. Шчэ і ты са сваім!.. Біблія, вядомо, патрэбна, заўша. Ладно, пытайса, пра што хочаш ведаць.
П і с а р. Хто, па-вашаму, дастойны ў Бога?
А л ь я ш (шкрэбае пад пахай). Ва сне ікона мне казала: той дастойны Усявышняго, хто зніме шапку перад крыжам.
П і с а р. Так і пісаць? (Макае пяро.) А яшчэ — на пропаведзях вы гаворыце заўша, што пасля смерці людзі ў сабак пераходзяць. Як гэто разумець?
А л ь я ш. Не датумкаеш? Шчэ і вучаны! Што такое, па-твойму, сабака? Цело чалавека пасля канчыны ў магіле на пыл рассыпаецца, вадой сцякае, а душа на сёмым небе чакае страшнаго суда. Гэто ў такіх, бы мы з табой, у каго іскра божая. А грэшнікі — тыя без іскры, таму бобікамі робяцца. Потым лётаюць па вёсцы ды золато за хлявамі збіраюць, покуль да пекла! (Пісар з недаверам ківае галавой.) А як ты хочаш? За добро было б ім інакш!.. А машкары, гусеніц розных, лярваў чаму так развялосо? Таксамо з-за грахоў! Сяджу раз пад хатай на прызьбе, а Гасподзь мне шэпча: «Альяш, хай людзі сэрцы свае аслабаняць ад грахоў, то свет ад паскудства я ачышчу!»
X і м к а. Не любіць Альяш гаварыць, надто не любіць. Калі ж пачне — бы вузялкі вяжа!
Ж а б р а к. I міністар другі такое не прыдумаў бы!