Н ю р к а (недаверліва). Вы думаеце?!
X і м к а. Вядомо! Тваё цело, твая крывінка дзіця — сама ж ты сябе не баішса, казычы, не казычы!
Н ю р к а. Дальбо, мусіць, праўда!.. (З Хімкай апускаюцца на калені, моляцца.)
X і м к а (устае). Амант! То пойдземо! Як ужэ яно будзе, Нюрачко! Чакаюць, мусі, яны з Альяшом нас...
Н ю р к а (у паніцы). О, што ж гэто я нарабіла, дурная, не пайду, цётачку, хібо я здурэла?!
X і м к а. Будзе табе, не маленькая! Вытрыса, на!
Н ю р к а. Я баюсо вельмі! (Уся калоціцца.) Я — грэшніца! Хібо мне радзіць божаго сына?
X і м к а. Бог безупынно ўвасабляецца ў народ, таму і Хрысты, Нюрачко, могуць раджацца ў многіх бабаў!
Нюрка (ад стрэсу зявае). Ы-ы-ыэах!.. Вы так думаеце?
X і м к а. Пра што тут думаць? Паглядзі, колькі Багародзіц ведаем: і Казанская, і Журовіцкая, і Чанстахоўская, і ў яўрэяў, мусіць, свая!.. Шчэ Яшка, бывало, пытаўсо: «Мам, колькі Багародзіц, столькі і Хрыстоў было?»
Н ю р к а. Страшно як!.. Ай, куды мне, цётачку, учыніць такое, грэшнуй?! Ой, цёточко, сутарга рукі-ногі зводзіць, баюсо!.. Што мне рабі-іць, мамо-о, падскажэце?!.
У істэрыцы падае на падлогу. Хімка б'е яе па твары і вядзе на двор. Натоўп бабаў неахвотна расступаецца. Зайздросныя жанчыны бесцырымонна разглядаюць яе, каб да чаго-небудзь прычапіцца. Нюрка ідзе, бы па дроце.
Г а л а с ы. Замаладая! Дзева Марыя павінна быць файная баба ды высокая, а гэта— як пянёк! — У самы раз. Дваццаць тры ёй! — Кажуць, ніхто не згаджаўсо! — Было ахвотніц шмат, Альяшоў крыж на гэту паказваў! — Адзначана святым духам! I пасціласа, і моліцца, як трэ, яе бацькі таксамо бедныя! — Гляньце, сукенка тапыршчыцца! Шчэ і ніткі тырчаць якіясь!.. — I лякеркі абула, бы на вялікдзень! — Не чапляймосо, бабы, ёй і так страшно, спатнела ўся, бач! — Каб толькі ўсё добро было! — Паслухае нас Гасподзь! Аднаго Альяша слово што значыць! — Грэх языкі распускаць! Не кудзелю папрыходзілі прасці! — Дзе той хлопец, чаму не ідзе ўжэ! — Унь, а малыя, а малыя, — як плот абляпілі! Шчэ і на ліпу ўзлезлі! Дзеці, марш дахаты! Ну, што сказано? — Ага, так яны цябе і паслухаліса — не тыя цяпер дзеці! Сабак каб нацкаваў, хібо!..
Хімка з Нюркай знікаюць у доміку. З'яўляецца прарок з божым жаніхом. Апонші — з кепкай набакір і цыгарэтай, якую перакатвае паміж вуснаў. Ён дзёрзка азірае бабаў. Жанчын раптам бытта падмяніў хто. Прысмірнелыя, глядзяць з захапленнем і звычайнай бабскай цікаўнасцю.
Г а л а с ы. Вядуць! — Гэ-эны, дачака-аліса! — Мой мужык шчэ ўчора паказваў мне на вёсцы, я пазнаю! — Бач, і папяроску курыць! — Казалі ўсе, што файны, аж ён такі і е! — Ах, як валасы кучаравяцца! — А стройны — бы таполь! — I дужы надто, кажуць! Мажны мужчына! — А вачыма, а вачыма — так і стрыжэ!
Альяш вядзе малойца па калідоры, утвораным бабамі. Са звар'яцелымі вачыма ад прыступу ўзбуджанасці некалькі бабак рынуліся да божага жаніха, пачынаюць хапаць яго.
Г а л а с ы. Ой, пусціце мяне гэтыя святыя ножанькі пацалаваць! Дайце мне святыя ру-учанькі!..
Божы жаніх (выплёўваючы цыгарку і з усмешкай, бытта ад козыткі). На, дурная, патрымайса, думаеш, пашкадую такой крале?!
Жанчыны змаўкаюць. Альяш з хлапцом заходзяць у дом, куды зайшла божая нявеста. Станкевіч-званар наматаў вяроўкі на руку, чакае сігналу. Напруджаная цішыня.
П і л і п і х а. З Госпадам яны там якраз дамаўляюццо!
Выходзіць Альяш з Хімкай, спыняюцца на ганку. Хімка трымае запаленую свечку. На твары старога — усмешка дабрадзея.
А л ь я ш. Браты і сёстры! То пастаньмо на калені, памолімсо Богаві, хай Гасподзь праявіць міласць і сатварыць сваё таінство!
Усе бухаюць каленьмі ў пясок, шэпчуць малітвы. Затым цягнуць да неба рукі, лямантуюць.
Г а л а с ы. Ісусе Хрысце, сыдзі ў Нюрку Сабэсючку! — Спашлі сваё знаменне, выслухай лішне смелыя малітвы сірот сваіх, унемлі просьбам нашым, Госпадзі! — Дай сілу Адама, спашлі яму цярпенне, каб ён мог зрабіць сваё, Госпадзі! — Усемагутны пане неба, які ўтварыў цуд і даў магчымасць нарадзіць дзіця Саары, калі ёй было сто гадоў, уваж і нашы малітвы, пашлі цуд на зямлю шчэ раз! — Дай ім лёгкае зачацце, госпадзі, явісь благадаць божая! — Блаславі святое чэрава, у якім будзе другі сын твой расці!
X і м к а. Блаславі і сасцы дараженькія, што стануць яго карміці! Блаславі і вусны анёльскія, вочы серафімскія, што яго песціць будуць! Блаславі і рукі, якія насіць яго будуць! Блаславі голас яе чысты, што лашчыць дзіця стане! Блаславі рабыню божую Нюрку Сабасючку з Забагоннікаў— новую мацер божую!
Людзей разбірае дрыготка. Яны агорнуты гэткай жа ўзнёслай радасцю ды адчуваюць сябе часткай маці-прыроды, бы далёкія нашыя продкі ў «ночы кахання» на Купалу.
Жаночы віск(зхаціны). А-а!..
З грудзей у баб вырываецца ўздых палёгкі. Б'е звон.
Б а б ы (крычаць яму ўрытм). Госпадзі, дзякуй табе, што нас уважыў!
Бом!