Пасля такой «акцыі», якая да твару былі толькі лютаму акупанту, а не тым, хто прынёс вызваленне, на бедных сялян напаў гэткі страх, ад якога нават у генах, відаць, адбываюцца перамены. Хутаране нагвалт разбіралі свае трухлявыя халупкі, гаспадарчыя будынкі ды перавалакалі іх у вёску, а вяскоўцы, хто застаўся нявывезеным, зараз жа паперлі ў калгас заявы. Народ адразу перамяніўся. На сходах цяпер той самы мужык, які яшчэ нядаўна сем разоў падумаў бы перад тым, як выказацца па якім-небудзь пытанні ды прагаласаваць «за», цяпер у любым выпадку цягнуўугару руку. А наогул – стаіўся, маўчаў, упаўшы ў якісьці анабіятычны сон, бы тая кузурка на зіму.
А ўсе газеты, радыё цяпер сталі аж захлынацца ад пераможных рэляцый. Вось дзе ілжывасць была ўзведзеная да нябёс! Газеты і радыё ўсяму свету дружна абвяшчалі аб небывалым росквіце вёсак Прынёманшчыны і росце свядомасці іх сялян. Аб «здзяйсненні волі народа і партыі ў галіне сельскай гаспадаркі». Аб «бязмернай любві народа да Правадыра і Настаўніка за яго мудрую і чалавечную палітыку, накіраваную толькі на шчасце народа». Размалёўвалі ды кляймілі лютых капіталістаў, якія вартуюць днём і ноччу, каб у савецкага чалавека адабраць шчасце.
Пасада загадчыка райана – малапрыбытковая і не з лёгкіх. Таму, хоць аблана меў катэгарычны загад неадкладна замяніць, як Вінаградава, і сапоцкінскага загадчыка аддзела народнай асветы, задачу выканаць было няпроста: не маглі падабраць іншую кандыдатуру. Справа цягнулася, пакуль я сам сабе не дапамог – выступіў з адчайнай прамовай на партактыве, якую падрабязна апісаў ужо ў «Маёй Джамалунгме».
Знялі мяне з працы аж вясной 1951 года. А пакуль што я з кіем у руцэ (бо тэрор, як вядома, нараджае тэрор, і, асабліва пасля апошняй вывазкі, з-за «бандытаў» ноччу па вёсцы надта проста маглі прыстрэліць «лясныя людзі» як лішняга сведку; таму пасля заходу сонца з Сапоцкіна і нос высунуць было страшна!) крочыў днём па вёсках і з жахам назіраў вынікі кіравання краінай Мудрым Правадыром і яго камандай. Яшчэ ў пачатку трыццатых, падсумаваўшы вынікі калектывізацыі, Сталін самаўпэўнена сцвярджаў, што «...цяпер сяляне патрабуюць клопатаў ды разумнага кіраўніцтва не ад сябе, а – ад старшынь калгасаў».
Які знайшоўся добразычлівец, скажыце, калі ласка! Прафесія селяніна, калі ўвогуле можна назваць яе гэтым казённым словам, не без рызыкі і патрабуе творчага падыходу да жывёлагадоўлі, земляробства. Яна вымагае вопыту пакаленняў і нават не абы-якой інтуіцыі. А ў камандна-адміністрацыйным рэжыме з вынаходніка, эксперыментатара, селянін адразу пераўтвараецца ў паслухмянага папіхайлу.
Наш мужык сам мог не паесці і дзяцей часта трымаў напалову галоднымі, але, напрыклад, конь у яго быў як звер – адкормлены, сыты. Так праяўлялася сялянская душа селекцыянера, паэта, вынаходніка і творцы. Пазбыцца гэтага ён згадзіўся б хіба толькі развітваючыся з жыццём.
Падумайце, раптам знайшоўся мудрэц, які няпрошана ашчаслівіў дзядзьку: усё гэта адняў, а, каб селянін з месца на месца не пераязджаў, шукаючы лепшай долі, яшчэ пазбавіў яго нават пашпарта.
Страх, як безадказна сталінскія бюракраты тады сябе паводзілі. Ігнаравалі прасцейшую ісціну: калі і бярэшся за калектывізацыю, ствары хоць сякі-такі фундамент, падрыхтуйся да гэтага.
Без матэрыяльнай і кармавой базы, без кваліфікаваных спецыялістаў для вядзення калектыўнай гаспадаркі абагуленыя свінні, быдла, авечкі ды коні пачалі пагалоўна здыхаць…
Страшная бяда навалілася на Прынёманскі край! Каля Ласосна аднойчы я назіраў такую кабылку ў адхоне. Яна ляжала трыбухом уверх. Да яе капытоў была прымацавана паперка, вырваная з вучнёўскага сшытка, з надпісам: «Няма фуражу, задрала ногі дый ляжу!»
А тыя кароўкі, што засталіся, ад бяскорміцы не маглі трымацца нават на нагах. Даводзілася іх падвязваць на вяроўках да бэлек, аб чым мясцовыя людзі дагэтуль толькі чулі, але не давалі веры, што бывала так перад вайной на Смаленшчыне, пад Курскам, Разанню і Саратавам.
Не ратавала быдла і салома з дахаў, якія на маёй Гарадзеншчыне для гэтага ўжо не абдзіралі, а хлявы і гумны не вышчараліся гэтак крыкліва аголенымі кроквамі да латамі, прынамсі, з часоў нашэсця шведаў.
Такім чынам, гінулі ў галодных пакутах коні – той самы гонар нашага селяніна. Асабліва пачалі здыхаць, калі з-за антысанітарыі напаў на іх яшчэ і сап.
Не стала раптам гною, і няўгноеная ніва збяднела, стала даваць мізэрны ўраджай.
З рынкаў знік сялянскі гандаль. Цяпер у мястэчках можна было ў магазінах купіць толькі солі, цукерак-падушачак, мыла ды запалак – тое, што прадавалася ў крамах, а рынак знік. Да 1939 года, вёскі нашыя атакавала прага «абноўленых ікон», апісаных мною ў іншых творах. Цяпер, як калісьці іх праваслаўныя аднагодкі, імкнучыся да ілюзорнага цуду, сапоцкінскія полькі то там, то сям абвяшчалі аб абнаўленні Маткі Боскай, святой Барбары, збягаліся да іх, бы на пажар, ды ўсё маліліся, маліліся, маліліся.
Ва ўрадавых колах задумацца над з’явай не было каму. Пакуль энкэўсаўцы цягалі гаспадынь «абноўленых ікон», заводзячы на іх крымінальную справу, сродкі масавай агітацыі ды прапаганды і далей аж захлыналіся ад пераможных рэляцый ды заклікаў цераз розныя пачыны, размаітыя сацспаборніцтвы дамагчыся яшчэ большых поспехаў.
І чым толькі людзям не мыдлілі вачэй!
Апісвалі лесаахоўныя палосы, што стануць для ўраджайных палёў на поўдні надзейнай заслонай ад сухавеяў. Для беларусаў размалёўвалі «аграгарады», якія бытта бы вось-вось вырастуць, замест нашых вёсак, ды таксама пераўтвораць усіх у багацеяў.
Друкаваліся схемы вялізных і даўжэзных каналаў, якія з краю ў край парэжуць чарназёмныя землі СССР, стрымаюць ліўневыя воды і адораць нівы вільгаццю.
Абрабаваным, адарваным ад зямлі і быдла, раптам збяднелым, пазбаўленым свабоды дзейнасці, напалоханым людзям падрабязна размалёўвалі тэхнічныя дадзеныя экскаватараў грузапад’ёмнасцю на 3, на 5 і нават на 15 кубаметраў пяску і тое, якія каналы яны будуць капаць.
Але ні адзін чалавек тае пісаніны ды выступленняў па радыё ўжо ўсур’ёз не ўспрымаў. Чыталі ў недаўменні, слухалі ды ківалі галовамі, тоячы на ўсё сваю думку.
Аднойчы каля Селіванаўцаў я на ўзгорку ўбачыў засеянае бульбай поле. Яно было надта ж недагледжанае. Я з абурэннем сказаў спадарожніку, пажылому селяніну:
– I навошта было піхаць бульбу тут, у чысты пясок без гною? Ад сонца ён ужо цяпер гарачы, як прысак, і яе папячэ! Тут жа бульбы і на дзесяць цэнтнераў з гектара не збярэш!
Селянін з горкай усмешкай супакоіў:
– Нічога, сынок, радзіво дабавіць!
Калі б цяпер пакапацца ў навуковых працах пасляваенных гадоў, то, я ўпэўнены, без ніякай цяжкасці колькі хочаш знойдзеш такіх, дзе з запалам апісваецца той перыяд як час бурлівага развіцця сельскай гаспадаркі на Прынёманшчыне. Маўляў, стымул такому росквіту дала супольная калектывізацыя ды знішчэнне праклятага ворага сялян – класа кулакоў і падкулачнікаў.
Мабыць, у гісторыі краю не знойдзеш больш падобнага выпадку, каб свая ўлада, бытта бы праяўляючы клопат аб вёсцы, аж так разбурала яе ды рабіла людзей няшчаснымі жабракамі. Гэтак прыкладна выглядаў той катаклізм зблізку, калі апавядаць пра яго збольшага. Не бачыць тае трагедыі мог толькі фанатык-сталініст альбо тып, на якім «креста нет». Між іншым, апошнія, калі нас потым яшчэ захліснула і «эпоха застою», расквітнелі пышным квеццем.
Але я пачаў ужо не пра тое.
Вось такая была сітуацыя. У маім сапоцкінскім жыцці што мне заставалася рабіць, як ні таіць у душы бунт, так і гэтак разбіраючы тое, што пачуў і ўбачыў. Фактаў для гэтага жыццё падкідвала ўсё больш.
Напрыклад, выклікалі мяне ў райкам, далі тэкст са словамі не каго-небудзь, а самога Леніна, прыкладна такога зместу: «Наша задача цяпер, калі ўладу ўзяў сацыялістычны ўрад, – усюды арганізоўваць сацыялістычнае спаборніцтва».