Мне загадалі цераз настаўнікаў раёна наладзіць гэтае самае спаборніцтва паміж калгасамі. Рабілася смешна, калі падумаў, як да гатага падступіцца. У спаборніцтве – элементы чагосьці нясціплага і паказнога, а нашаму народу гэта зусім чужое.
Хіба ж мог я сабе ўявіць бацьку, які заходзіць да суседа і аб чымсьці такім аб’яўляе ўголас? А калі б наш сусед здурэў і выклікаў бацьку сам на спаборніцтва, то мой стары толькі ўсміхнуўся б сабе ў вусы ды хмыкнуў бы:
– Ну, вядома, ты мяне абгоніш, я ведаю! Э-э, куды мне з табой цягацца!
Затое восенню, атрымаўшы ўраджай куды лепшы, усё гэтаксама маласлоўна і з той жа хітраватай усмешкай апраўдваўся б:
– А ты ведаеш, сам не разумею, як гэта ў мяне атрымалася!
Інакш сябе паводзіць мой бацька, як і кожны наш селянін, быў не здольны – тады ён не быў бы беларусам.
Самае прыкрае, што я, разумеючы ідыятызм гэтай усёй задумы, вымушаны быў загад выконваць. Праз дырэктараў школ абавязаў настаўнікаў спаборніцтвы такія арганізаваць і кожны месяц даваць справаздачы аб іх рэалізацыі. Рабіў усё гэта я, а на душы было пагана.
З гэтай прапагандай заўсёды атрымлівалася не па-людску. Калісьці да нас, членаў камсамола Заходняй Беларусі, прыбывала прапагандысцкая літаратура з СССР. I многа яе прыходзіла. Я быў хлопцам дасціпным, мяне ўсё цікавіла, асабліва – друкаванае слова. А ў сваёй ячэйцы якраз мне і даручылі падпольны друк. Ён выходзіў на мелаванай паперы экстра-класа і меў прыгожы шрыфт. Такія паперкі з літаркамі прыемна было нават браць у рукі. Пакуль такую брашурку аддаць каму, я заўсёды браўся прачытаць яе сам. Але ж тэкст у ёй напісаны быў такой дубовай мовай, што з першай старонкі хіліла на сон.
Памятаю, ніякай сілай волі не мог сябе прымусіць дачытаць такую брашурку да канца – хоць бы адну.
У падполлі практыкаваліся маёўкі. Сыходзілася на іх да паўсотні сялян. На іх вельмі заканспіраваныя асобы чыталі лекцыі. Звычайна гэта адбывалася ноччу ў лесе альбо ля балота ў хмызняку. Твару лектара ніхто не мог разглядзець. Толькі было вядома, што з-за нашай маёўкі ён спецыяльна прыбыў цераз граніцу з СССР. Тэмы лекцый былі розныя, затое адбываліся заўсёды аднолькава.
Вось чалавек пад сасной роўным і гладкім голасам начынае нам выкладаць як па пісаным работу Леніна «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм». Твор яго я потым ледзь змог адолець у інстытуце з дапамогай выкладчыкаў, а што гаварыць пра неадукаваных слухачоў-сялян. Сядзелі яны, не кумекаючы ані слова, і ўпіваліся мудрагелістымі рускімі фразамі. Пакуль заснуць, па-дзіцячы шэптам дзівіліся:
– Ай, смаліць, ты чуеш?
– О-о, яшчэ як! Каб прывёў сюды нават ксяндза, бацюшку ці войта – і яны нічога не зразумелі б!
– У Саветах амаль кожны такі вучаны!..
А выклік тых 50 сялян слухачоў у лес ці на балота з паролямі, з далёкай дарогай спалучаны быў яшчэ са страшэннай небяспекай – кожнаму ўдзельніку таго збору пагражала 5 гадоў. Каб хоць якая карысць была ад такога мітынгу! Ён быў патрэбны, толькі каб той, хто за гэта адказваў у верхніх эшалонах КПЗБ, мог паставіць птушачку, што праведзена яшчэ адно мерапрыемства, як і гэта спаборніцтва паміж калгасамі. Па аналогіі прыпаміналася наша прапаганда сярод варожых войск у другую сусветную вайну.
У 1942 годзе каля Вялікіх Лук для немцаў быў наладжаны гэтак званы Дзямянскі «кацёл». Дзевяць дывізій праціўніка там трапілі да нас у акружэнне. Мне давялося пазнаёміцца з улёткай, якую нашая контрпрапаганда пры дапамозе авіяцыі рассейвала сярод акружаных немцаў.
На сінім лістку маленькімі, як макавыя зернеткі, літаркамі было казённай тарабаршчынай сказана аб неўміручым вучэнні марксізму. Сярод гэтых літарак праз кожныя дзесяць слоў віднеліся надрукаваныя вялізным шрыфтам словы: Маркс – Энгельс – Ленін – Сталін, Маркс – Энгельс, Ленін – Сталін. Наўрад ці хоць аднаму немцу хапіла цярпення дачытаць той шэдэўр савецкай публіцыстыкі да канца!
Аднойчы мне трапіла ў рукі ўлётка, якую вораг рассыпаў з самалётаў на нашыя войскі каля Умані (Украіна). На ёй віднеўся вялізны малюнак разлютаванага Сталіна, які шуфлем бязлітасна кідаў у печ тысячы нашых байцоў, дзе яны гарэлі, як лучына. Печ лічылася сімвалам вайны. На ўсёй паперцы віднеўся толькі адзін надпіс: «Вось што чакае і цябе, Іван! Лепш падумай і з гэтай улёткай– пропускам пераходзь да нас!»
У аднаго калекцыянера я бачыў іншую нямецкую ўлётку.
Вясной 1940 года яе кідалі на пазіцыі французскай арміі. Але тут патрэбна тлумачэнне.
У трэцім эшалоне французскіх войск стаяла на тэрыторыі Францыі вялізная англійская армія генерала Патона. Англічане не прымалі ўдзелу ў баях, толькі ахоўвалі тылы.
На нямецкай улётцы віднеўся адно невялічкі надпіс на французскай мове: «Мусье, паглядзі паперку на святло!» А калі зірнеш праз яе на сонца, убачыш выразна воднымі знакамі выведзеную голую францужанку ў ложку, а да яе крочыў, здымаючы на хаду фрэнч, англійскі вайсковец. Ніжэй кідаўся ў вочы надпіс: «Мусье, не будзь дурнем! Пакуль ты гібееш у акопах, вось што хітры Тоні вычаўпляе ў тваім доме!» Ну, добра, рабіла глупствы наша прапаганда ў вайну, але ж чаму яна нічому не навучылася?!
Частка другая
Усёдазволенасць
Калісьці мая дачка-пяцікласніца (цяпер урач) прыйшла надта вясёлая са школы ды пахвалілася:
– Ага, а сёння не трэба зубрыць англійскую! Была камісія, і вучыцелька пыталася ў нас па старым уроку, бытта мы праходзілі яго ўпершыню! Усім пяцёркі паставіла!
Дзяўчынка не вінаватая, што не бачыла ў гэтым выпадку нічога заганнага, а толькі смешнае. Стан маралі таго нашага грамадства быў аднолькавы на ўсіх узроўнях. Для нагляднасці прывяду яшчэ адзін прыклад.
ЦК ВЛКСМ абвесціў конкурс: які раён найбольш адновіць магіл людзей, загінулых у другой сусветнай вайне. З «Комсомольской правды» мне патэлефанавалі каб я тэрмінова пашукаў Быкава і папрасіў напісаць крытычны артыкул. Справа ў тым, што недзе ў Малдавіі райкам камсамола, каб узяць першынство ў конкурсе, нарабіў у лесе дзесяткі ліпавых магіл. У гадавіну вызвалення Кёнігсберга наша група пісьменнікаў-ветэранаў сустракалася з першым сакратаром Калінінградскага абкама Раманавым. Я задаю яму пытанне: «Колькі нашых салдат і афіцэраў загінула пры вызваленні Кёнігсберга ў 1945 годзе?» Раманаў маўчыць – не ведае. Тады адзін яго памагаты з абурэннем нападае на мяне:
– Мы не скажам! А гэта неістотна! Галоўнае, мы ведаем, колькі тысяч байцоў і камандзіраў атрымалі ордэны за гэтае фашысцкае логава.
Раманаў з памочнікамі адказам вельмі задаволены.