Дачка дырэктара шклозавода вярнулася з рынку і праспявала фразу, якую пачула ад п’янай бабы:
Ах, калхознічкі, канарэечкі,
Усё ро-обім мы за капе-ечкі!
Сястра паўтарыла другую п’яную:
Шла ў калгас – юбка нова,
Шла з калгаса – попа гола, ух, ух!
Абедзвюх блізнятак ноччу забралі, і больш іх ніхто не бачыў і не чуў.
Неўзабаве яшчэ некалькі дзесяткаў студэнтаў выключылі з інстытута бытта бы за дапамогу акупанту ды за тое, што ўтаілі мінулае, – бачыце, яны былі дзецьмі «ворагаў народа».
Студэнтку Ліду Перагуд прыперлі, бо, выходзячы замуж, шлюб брала ў царкве. З-за канспірацыі абрад рабіць ездзіла ў Вільню, аднак знайшліся даносчыкі, і хітрасць Лідзе не дапамагла.
У лік выключаных трапілі нават інваліды ВАв (М.Якімовіч ды іншыя), а таксама хлопцы, якія ў вайну маглі быць толькі пастушкамі. Яны вучыліся пры немцах у беларускіх школах, там іх механічна залічылі ў Саюз беларускай моладзі, і энкэўсаўцы завялі на іх справу як на падсобнікаў акупанта.
Кожнага з іх я добра ведаў. Абвінавачанні супраць хлопцаў і дзяўчат былі недарэчнымі. Але ж зноў ніякіх афіцыйных тлумачэнняў – ні рэктарату, ні родным, ні мне, старшыні прафкама.
Пад уладай чырковых
Усведамленне таго, што ўзятыя і выключаныя з інстытута нічым абсалютна не адрозніваюцца ад астатніх, у тым ліку і ад цябе, што існуе нейкая пачварная, усемагутная сіла, якая творыць беззаконне, чалавека аглушала ды паралізавала. Ты ўвесь час быў наструнены ды чакаў: вось-вось і да цябе, голуба, дабяруцца. Напэўна дабяруцца, як ні круціся. Што ж, па іхніх мерках і ты гэтага варты: жыў не так, як ім хацелася б. Выходзіць, я шкоды нарабіў?
I я зноў перабіраў усе падзеі мінулага да дробязей, так і гэтак смакуючы, ды зноў нічога не знаходзіў. Хоць ты пад зямлю залазь.
На калісьці ціхай, з пышнымі кустамі бэзу вулачцы Лермантава віднеўся масіўны асабняк. У ім цяпер азотна-тукавы камбінат абсталяваў гасцініцу на 35 чалавек. Па горадзе папаўзла раптам вестка, што ў будынку тым пасяліўся начальнік НКУС Гарадзенскай вобласці – грозны Фралоў. Што менавіта ад яго ідуць усе тыя страхі. Таму будынак за бэзам, хто толькі мог, абыходзіў.
I смех цяпер у гэтым прызнацца, але надалей мяне ўвесь час мучыла, тачыла і свідравала непераадольнае жаданне – эх, трапіць у Маскву, дабрацца да таварыша Сталіна ды расказаць ЯМУ пра ўсе-ўсе злачынствы, якія ад яго імя твораць тут розныя самадуры! Хто падкажа, як гэта зрабіць?
Вядома, пасля апошніх «вывазак» знайшліся зноў такія, што не змаглі перажыць той атмасферы ды ўцяклі ў лес, павялічыўшы банды. Аднак пераважная большасць усё ж цярпела. Бо і дагэтуль людзі перажылі шмат. Народ паступова прызвычаілі існаваць у якімсьці здранцвенні, вечным страху, маўчанні. Разам з усімі маўчаў і я. Тым больш, набліжаліся дзяржаўныя экзамены. Затым меўся адбыцца выпуск, а разам з ім і надта знамянальная для мяне з’ява – атрыманне дыплома, аб якім у маёй вёсцы да вайны гаварылі, як аб нечым недасяжным і магутным: ён бытта бы ўсюды для цябе адкрывае дарогу. За 25 кіламетраў на захад ад Гародні знаходзіўся раённы цэнтр Сапоцкіна. У ліпені 1949 года мяне накіравалі туды загадчыкам раённага аддзела народнай асветы.
Будучы студэнтам, я ўсё ж такі быў далёкі ад рэальнага жыцця, бо на самай справе яно аказалася куды страшнейшым, чым мне здавалася. З ім давялося сутыкнуцца ўжо пры афармленні на работу ў абласным аддзеле народнай асветы. Выседжваючы ў прыёмнай аблана, пакуль афармлялі мне накіраванне, я стаў сведкам, як загадчык аблана ўгаворваў нейкага чалавека згадзіцца на пасаду дырэктара дзіцячага дома ў Парэччы.
– Майсей Герасімавіч, – адмаўляўся сярэдніх гадоў самавіты мужчына, – на гэтай пасадзе – мізерная зарплата, а ў мяне хворая жонка, куча дзяцей. Як я ўтрымаю іх за такія грошы, што вы мне плаціць будзеце?
Загадчык аблана пачаў яго пераконваць:
– Ты што, здурэў?! Пасада дырэктара дзетдома – цёплая! Вельмі цёпленькая! Яна заўсёды дасць табе магчымасць што-небудзь скамбінаваць! Дурань, гэта – залатая жыла! Харчы будзеш браць з іхняй кухні, апал – таксама дзетдомаўскі, як і транспарт, як многа-многа чаго іншага! Там кожны дзень камбінаваць сабе здолееш, калі лапухом не будзеш!
I гэта рабілася адкрыта, пры сведках. Мяне аж перакасіла ад такога інструктажу, а дыплом здаўся звычайнымі вокладкамі з кардону, абклеенымі чорным дэрманцінам.
Аднак то былі толькі кветачкі.
Менавіта ў Сапоцкіне я зблізку назіраў поўны аб’ём таго катаклізму, які зваліўся на мой край. Менавіта там давялося трапіць пад яго бязлітасныя колы, спаўна сербануць яго горыч.
Касмапаліты i мужыкі
Сапоцкінскія вёсачкі былі надта бедныя і знебарачаныя. Што ж, у гэтай мясціне на працягу апошніх дзесяці гадоў пяць разоў змянялася ўлада – польская, нямецкая, савецкая, другі раз нямецкая, а тады – зноў савецкая надоўга. Улады прыходзілі ды адыходзілі з баямі, ахвярамі, арыштамі. За кожным разам пакідалі свае крывавыя сляды, ваенныя папялішчы, растрывожаныя раны.
Тут, мажліва, больш, чым дзе, не згас боль ад перажытага. Людзі не вылазілі з касцёлаў ды цэркваў. Калі ж іх не стала, не пераставалі кленчыць перад крыжамі на ростанях. А калі народ найбольш моліцца? Як яму баліць невыносна душа, як перажывае вялікае гора. У гэтым я пераканаўся за сваё жыццё цвёрда.
Уздоўж граніцы яшчэ стаялі наглуха замураваныя (каб дзеці не цягалі для забавы снарады, гранаты ды кулямётныя ленты) жалезабетонныя бункеры (доты) самога генерала Карбышава, у якіх не паспелі стлець целы пагранічнікаў. Але да іх тады нікому, абсалютна нікому, не было справы.
Адразу я з галавой пагруз у стварэнні школ раёна. Было гэта складана. Раённы аддзел народнай асветы не меў ні адпаведных будынкаў, ні настаўнікаў, ні падручнікаў, ні пісьмовых прылад. У вёсцы Новікі, напрыклад, над ганачкам вісела фанерная дошка з наклеенай газетай, а на ёй фіялетавым чарнілам было выведзена: «Пачатковая школа».
У канцы лета І949 года і пачатку зімы 1950 дадалася яшчэ кампанія арганізацыі калгасаў. Кампанія тая праходзіла ў атмасферы, як цяпер прынята называць, жорсткага казарменнага падпарадкавання і тэрору. Ані крыху не лепш, чым апісана ў Барыса Мажаева ў яго «Мужыках і бабах».