Ішоў тыдзень за тыднем, а варожыя адносіны людзей да яе не змяняліся: сяляне хаваліся, калі арганізатары ў вёску ехалі, увільвалі, прыкідваліся дурнымі і глухімі. Што ж, нашаму мужыку ўласцівы практычны розум. Калі ён бачыць, што справа вартая, не пашкадуе ні сябе, ні сям’і і не толькі стане ў ёй з запалам дзейнічаць – жылы з сябе ды сваіх дзяцей стане цягнуць. Але калі ўбачыць, што яго водзяць за нос, то прыкінецца глухім, дурным і хворым. Толькі часамі надта злоснай і кароткай рэплікай, затое вельмі трапнай, выкажа свае адносіны. Але зрушыць яго ў такім выпадку з прынятага рашэння амаль немагчыма.
Адным словам, справа ў арганізатараў застопарылася, працэнт абагуленых гаспадарак усё быў невялікі. Сяляне не давалі заяваў, як ні распісвалі для іх, несвядомых, райскае калгаснае жыццё сродкі масавай агітацыі і прапаганды цераз радыё, газеты і лектары з абласнога цэнтру і з Менску. Не дапамаглі ўздзеянні, ні прамыя, ні ўскосныя. Зрэшты, яны былі самыя недарэчныя.
Аднойчы з нашага педінстытута прыехаў чытаць лекцыю на сяле выкладчык Корзін. Мяне паслалі яго суправаджаць, берагчы ад бандытаў ды самому вучыцца ў вопытнага прапагандыста, як гутарыць з народам.
Спачатку госць з трыбуны ў захудалай хаце-чытальні закляйміў несвядомых пісьменнікаў, якія, замест таго, каб маляваць у сваіх кніжках звеннявых па кок-сагызу, выводзіць цялятніц, старшынь калгасаў альбо гераічных сакратароў райкамаў, усё імкнуцца апісаць жахі вайны – цягнуць у мінулае.
Аблаяў украінскага паэта Сасюру за нацыяналістычны верш «ЛюбіУкраіну». Заадно пакрытыкаваў Максіма Танка, які, бачыце, цягне туды ж. Параўнаў Танка з украінцам – «падсасюрыў», як тады называлася. Аблаяў акадэміка Мара за антысталінскую канцэпцыю паходжання моў. Абліў граззю план Маршала, які на нашых вачах пераўтвараў Заходнюю Еўропу ў амерыканскую калонію, меўся, нягоднік, з еўрапейцаў вось-вось парабіць новых нявольнікаў ды смактаць з іх кроў. Нарэшце, раскрытыкаваў ушчэнт бязродных касмапалітаў, фармалістаў і на гэтым рэгламент вычарпаў.
Лекцыю тады абавязкова трэба было ўвязаць з бягучым момантам, існаваў цэлы такі рытуал, ім шырока карысталіся, інакш – вартасць лекцыі зводзілася да нуля. Толькі лектару брудную работу самому выконваць не хацелася. Корзін даў магчымасць выказацца мужыку-актывісту з тых, якія любяць выступаць пры кожным выпадку, а ў часы выбараў у мясцовы Савет ужо з ночы займалі чаргу перад выбарчым участкам прагаласаваць першымі, каб іх прозвішчы ў наступны дзень красаваліся ў газеце, гучалі па радыё, а самі яны маглі хадзіць гогалем.
У той час наверх вылезла надта многа розных лайдакоў, дэмагогаў, п’яніц і прайдзісветаў, што не любілі працаваць, затое, трымаючы нос па паветры, ведалі, як быць на добрым ліку ў начальства.
Ух, як яны ўмелі гэтым карыстацца!
Танклявы ды самаўпэўнены дзядзька з такой пароды балбатуноў і прайдзісветаў сказаў прыкладна так:
– Мой сусед, Мікодым, касмапаліт таксама.
Корзін яму падыграў:
– Ну-у, што ты кажаш, Франак? Не можа такога быць!
– Касмапаліт, таварыш лектар, і яшчэ які, я добра ведаю, калі гавару!
– А чым ты пацвердзіш?
– Бо касмапаліты жывуць за граніцай, так?
– Ну, так.
– I яны супроць савецкай улады ды калгасаў, так?
– I гэта верна.
– А наш Мікодым заявы ў калгас не падае, хоць жыве тут, бо такі самы касмапаліт і антысаветчык!
У вачах лектара і прадстаўніка райкама, які прыехаў з намі, я заўважыў захапленне і зразумеў, што, паводле іх меркаванняў, дзядзька з «бягучым момантам» «увязаў» здорава – у самую кропку трапіў.
Адным словам, мужыкі ўпарціліся.
Тады надта разумнае наша начальства складаную сацыяльную структуру сапоцкінскай зямлі, народжаную вопытам многіх пакаленняў, правераную не раз жыццём, стала падганяць пад свае бюракратычныя каноны.
На саўпартактыве яно нам аднойчы аб’явіла:
– Нашыя мужыкі занадта добра жывуць, каб ісці ў калгас!
На сваіх хутарах яны – як паны! Не намнога горай жывецца ім і на вёсках! Бо зашмат тут кулакоў розных ды падкулачнікаў, таму і рэзультат нашай кампаніі марны! А хто лясных бандытаў корміць? Таксама яны! Заплываюць самі тлушчам, кароў і свіней кормяць садавінай, а мы з вамі не можам нават яблычка дзецям купіць!
З залы начальству пачалі падтакваць:
– Узяцца за іх трэба як след!
– Распанелі ўсе!
– Прыціснуць трэ іх як належыць!
– Як ва ўсходніх абласцях прыціснулі! Там наваліліся на іх гэтак, што аж запішчалі!