– Во, зробім гэтак, і нашыя ў калгас пабягуць як міленькія!
– Шчэ прасіцца будуць!..
Трэба было бачыць тыя кволыя халупкі з саламянымі стрэхамі, абкружаныя хлеўчыкамі ды гуменцамі, праз гнілыя бярвенні якіх выцякаў не тлушч на падворкі, а гной, тыя няшчасныя нівы, прымітыўную абстаноўку бедных хацінак, каб зразумець бязглуздасць вывадаў бюракратаў.
«Жывуць – як паны!» – падумаць жа такое.
Але дыягназ мясцовымі ўладамі быў пастаўлены. Кропка. Патрэбна было толькі рашэнне самага высокага начальства. А яно пажадала ўсё бачыць уласнымі вачыма.
Нечаканы візіт
Цёплым вясновым днём 1950 года, калі яшчэ месцамі ў ямах і бароздах белягцеў снег, але падагрэтае паветра напаўняў сярэбраны звон жаўрукоў, прыбыло высокае начальства ў спаленую амаль датла немцамі, прытоеную між узгоркаў ля заходняй граніцы мясціну – у гарадскі пасёлак Сапоцкіна. У кабінет першага сакратара райкама сталі па чарзе выклікаць раённых кіраўнікоў для гутаркі.
Падымаўся я да іх на другі паверх, а сэрца маё было ў пятках. Галоўнай прычыны таго развалу, неразбярыхі і лютай бессардэчнасці, якія нам цяпер аж надта відочныя з апублікаваных матэрыялаў, я тады поўнасцю не разумеў. Многія думкі, якія я зараз выказваю, прыйшлі да мяне значна пазней. Тады ж ува мне сядзеў закаранелы комплекс Сталіна, які, паводле майго глыбокага пераканання, абсалютна не ведаў, што творыцца пад яго іменем.
Цяжка сабе нават і ўявіць, як комплекс той валодаў мною і падпарадкоўваў.
Аднойчы на бюро райкама партыі я адстойваў свае пазіцыі.
Адстойваў горача, упарта і доўга. Калі вычарпаў усе доказы і аргументы, кінуў членам бюро казырнога туза:
– Я глыбока перакананы, калі б тут зараз сярод нас прысутнічаў сам таварыш Сталін ды ўсё слухаў, ЁН бы мяне напэўна падтрымаў!
Жарты, я прыпадобіўся да мудрага Правадыра ўсіх народаў! Як гэта так: «калі б ЁН тут быў»? А чаго таварышу Сталіну тут быць? Калі б і выдарылася такое, ці ж ЯМУ гутарыць ды слухаць гэткага замухрышку, як загадчык Сапоцкінскага аддзела народнай асветы? У таварыша Сталіна мала глабальных клопатаў?..
Але, відаць, у маёй інтанацыі было столькі шчырасці і перакананасці, што мой аргумент у прысутных на секунду выклікаў штосьці падобнае на чалавечую ўсмешку. За сказанае мяне потым нікуды не цягалі і не папракалі нават. Толькі некаторыя паглядзелі на мяне, бытта ўпершыню ўбачыўшы, а ў вачах іхніх чыталася: «Ты глядзі які! Ну, але што ты зробіш – «заходнік».
Неяк у мой кабінет зайшоў муж настаўніцы – афіцэр пагранвойск, грузін. Ён здаўся мне да таго падобным да вядомай АСОБЫ, што, калі яшчэ і загаварыў з такім акцэнтам, ногі мае падкасіліся, і я вымушаны быў сесці. Потым дні тры хадзіў з адчуваннем, бытта мускулы мае працяло токам.
Ці мушу пасля гэтага казаць, што ўсе тыя злачынствы і недарэчнасці, якія не мог не бачыць і я з псіхікай абмежаванага сектанта, не звязваў з асобай Мудрага Правадыра ўсіх народаў і Настаўніка чалавецтва?
Вось у чым была трагедыя таго чалавека!
Праўда, на дне душы штосьці ўжо адкладвалася – ішоў працэс назапашвання матэрыялаў, каб майму светапогляду неўзабаве ўзняцца на новую вышыню ды набыць іншую якасць.
Адным словам, ішоў я па сходах з верай у таварыша Сталіна ды з глыбокай перакананасцю ў слушнасці яго дзеянняў. Па дарозе спаткаў не менш дзесяці маёраў, падпалкоўнікаў і палкоўнікаў, якія мяне як бы перадавалі з рук у рукі. Усе былі чамусьці замухрышкаватыя, дробныя ростам, з гнуткімі спінамі ды з такімі пажаванымі тварамі, што ў гэтым я ўлавіў для сябе кепскі знак.
Зрабілася яшчэ больш не па сабе. Але выйсця не меў, мусіў ісці.
Тым часам нават дзверы адчыніў мне палкоўнік. Пры гэтым ветліва сказаў:
– Сюды, калі ласка!
Такой пашаны я яшчэ не меў.
Вырадак
Начальнікаў у кабінеце было трое. Адзін з іх – надта высокі, сялянскага складу мужчына ў вышыванай кашулі і ў новым касцюме, які тапырыўся на ім.
Знаходзіўся там і да смешнага маленькі, але жыватасты генерал-грузін з малінавымі лампасамі.
Трэцім быў старшыня нашага райвыканкама – Аляксандр Вінаградаў.
Калі я пераступіў парог, генерал, пырскаючы слінай, перасыпаючы сваю мову адмысловай мацяршчынай ды з моцным каўказкім акцэнтам, роў на нашага Вінаградава – чалавека сумленнага і ўсімі паважанага:
– Почыму ў тэбэ па раёну выяўлена толкі 37 кулацкіх сэмэйстваў, когда ў Воранаўскім раёне – 100?! Почыму такое безобразые? Отвычай мнэ?
Вінаградаў маўчаў, і ён залямантаваў яшчэ мацней: