Ідзе Пленум Гарадзенскага абкама партыі. Начальнік абласнога аддзела Камітэта дзяржаўнай бяспекі выступае з сенсацыйнай заявай. Расказвае пра выдатныя дасягненні сваіх чэкістаў. Маўляў, усе яны так старанна нясуць службу, што праз граніцу мыш не праскочыць. Заўсёды ім трэба быць насцярожанымі. Напрыклад, нядаўна на кантрольна-прапускным пункце станцыі Гародня яны, дзякуючы сваёй пільнасці, выявілі значную кантрабанду, якая б прынесла незлічоную шкоду нашай дзяржаве, калі б яны хоць на хвіліну страцілі пільнасць.
Начальнік гаворыць:
– Канадзец, нейкі Чурыла, наведаў свайго брата ў Смаргоні. Многія цяпер прыязджаюць да сваякоў. Але, як выявілася, гэты мярзотнік ехаў да нас са шпіёнскай мэтай – хацеў вывезці ў Канаду нашую зямлю, каб за граніцай змераць у ёй ступень радыяцыі. Вораг з трэскам пагарэў. Нашы чэкісты ў чамадане шпіёна зямлю знішчылі і адабралі. Уявіце сабе, таварышы, на такім вастрыі нажа мусім мы працаваць!
А я слухаў высокапастаўленага махляра, і мяне аж падмывала ад абурэння – людзі, ён брэша! У той час я быў загадчыкам агенцтва «Інтурыст» і якраз прысутнічаў пры рэвізіі чэкістамі таго канадца, які ўвесь час, пакуль яго трэслі, бездапаможна плакаў. Што здарылася? Васьмідзесяцігадовы смаргонец выехаў з бацькамі за граніцу яшчэ да рэвалюцыі. Знаходзячыся ў сваякоў у гасцях, у Смаргоні, ён з магілкі дзеда зачэрпнуў горстку чарназёму і загарнуў яго ў насоўку, каб дзеці, калі старому прыйдзе апошняя гадзіна, паклалі яму ў дамавіну.
Слухачы абураліся нахабствам канадца. Здаволены сказаным начальнік ад трыбуны зноў пайшоў займаць месца ў прэзідыуме, а мне хацелася закрычаць на ўвесь зал: «Народ стварыў байку пра дурня, які спрабаваў сваю карову завалачы на гнілую страху, каб рагуля выскубла там траву! Хіба ж шпіёны так робяць? Для вымярэння радыяцыі існуе прылада ў выглядзе ручкі да пісання, шпіён хутчэй змерае рэнтгены такім апарацікам, чым павязе пясок за граніцу!»
Аднак пустабрэха і я выслухаў ды прамаўчаў. Бо, каб заікнуўся ў абарону дзядзькі Чурылы, на мяне абрынулася б уся зала, да таго была яна абалваненая. Людзі дружна накінуліся б, чаму бяру пад абарону чужога нам па духу эмігранта, а не радуюся прынцыповасці слаўных чэкістаў!
Вось якая была сітуацыя.
Атрымаўшы належны грунт (пакорлівасць, запраграмаванасць на пэўную хвалю і запалоханасць людзей), караючы сталінскі меч бязлітасна сек галовы ўсім, хто спрабаваў выйсці за межы. Раскладанне грамадства ў застойны перыяд пайшло на ўсіх узроўнях. Гібель ды вываз самых лепшых і дастойных прывялі да прытуплення народных традыцый, дэградацыі маралі і нават змены ў генафондзе народа. З таго часу я не прыпамінаю ні аднаго кіраўніка, з якім можна было б, як з роўным, пагутарыць на маральна-этычныя тэмы, аб літаратуры, гуманізме, – не было такіх там! Да ўлады прарваліся самыя хітрыя, самыя карыслівыя, самыя слізкія, самыя лядашчыя, самыя бессаромныя, якія ў адпаведны час здагадаліся павярнуць нос па ветры, і нармальных людзей у сваю кампанію яны і блізка не прымалі.
У другой палове шасцідзесятых выбухнула навала ўзнагарод. Спачатку ў абласной газеце з’явілася аб’ява аб узнагародзе Вярхоўным Саветам небывалай колькасці людзей ордэнамі. Затым на старонках газеты ўказы пайшлі касякамі. Стваралася ўражанне, бытта ў Маскве назбіралася замнога ордэнаў, і, каб дабро такое не марнавалася, яго жменямі пачалі раздаваць налева і направа, а то і, як жартавалі на вёсцы, раскідвалі з верталётаў.
Да якіх толькі казусаў не даходзіла з узнагародамі!
Напрыклад, наш новы сакратар гаркама партыі Уладзімір Сямёнаў, пераведзены з Менска, не папрацаваў у Гародні на сваёй пасадзе і года, а ўжо атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
З Указа (за 1965 год) мы даведаліся, што сакратар абкама партыі па прапагандзе А.Ульяновіч атрымлівае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (цытую Указ) за «арганізацыю штучнага апладнення быдла», а першы сакратар абкама партыі У.Міцкевіч – ордэн Айчыннай вайны І ступені «за ўдзел у падпольным руху на Гарадзеншчыне ў часы Вялікай Айчыннай вайны». Між іншым, я набраўся нахабства, зайшоў да высокапастаўленага Уладзіміра Фёдаравіча ды з абурэннем яму заявіў:
– Вашу біяграфію, таварыш Міцкевіч, публікавалі ў газеце перад выбарамі ў Вярхоўны Савет, таму яе ўсе ведаюць. З публікацыі відаць: у часы вайны вы служылі толькі ў войсках аховы аэрадромаў у глыбокім тыле!
Не разумеючы яшчэ, куды я вяду, Міцкевіч ахвотна пацвердзіў:
– Усю вайну.
– О! – падхапіў я. – Дый кожны партызан у нас выдатна ведае, што вы на акупаванай тэрыторыі праціўніка і дня не былі – вобласць невялікая, мы ўсе адзін аднаго ведаем як аблупленага! Цяпер былыя падпольшчыкі прачыталі ў газеце інфармацыю і плююцца! Як вы маглі атрымліваць высокую ўзнагароду за перыяд акупацыі, нават не панюхаўшы партызанскага вогнішча?
Перад гэтым я сабе ўяўляў, як чалавека такімі словамі ашаламляю, як ён пачынае перада мной чырванець ды апраўдвацца тым, што выйшла непаразуменне: падхалімы перастараліся.
Нічога такога я ад Міцкевіча не пачуў.
Даволі спакойна ды гэтак жа ўпэўнена ён мне, несвядомаму, растлумачыў, што для ваенкамата прыйшла разнарадка на ордэны толькі падпольшчыкам, а перамяніць тэкст Указа ваенкамат, як і газета, не мог, і тэкст мусілі даваць як у арыгінале.
З паводзін Міцкевіча вынікала, што такога тлумачэння павінна было быць дастаткова. Чалавек крыху нават здзівіўся, што я такі тупы і не разумею гэткай простай справы. Між іншым, потым ён мне бязлітасна за гэта адпомсціў. Калі рыхтавалі на мяне матэрыялы для выключэння з партыі, калі выключалі, менавіта Міцкевіч стаяў за кадрам усёй справы і спрытна ёю кіраваў. Рабіць гэта яму было тады зручна, бо ўжо з’яўляўся сакратаром ЦК КПБ і членам бюро ЦК КПБ. Але пад канец жыцця ён здзівіў сваёй запозненай сумленнасцю.
У 1982 годзе ў Вялікім тэатры Масквы адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, і я знаходзіўся ў прэзідыуме. Міцкевіч да таго часу захварэў невылечнай хваробай і проста з крамлёўскай лякарні прыйшоў нас праведаць. Падабраўшы адпаведны момант, ён адвёў мяне за кулісы, абняў за плечы і сказаў:
– Аляксей, даруй мне!
А тады ў кабінеце Міцкевіча дыялог наш станавіўся падобным на гутарку сляпога з глухім, і я яго абарваў.
«Карыфеі» навук
У канцы шасцідзесятых наша абласное кіраўніцтва ў адзін час пагалоўна загарэлася ідэяй абароны дысертацый. З’ява гэтая набыла буйныя памеры.
Старшыня аблвыканкама М.Малочка, яго намеснік, сакратар абкама А.Ульяновіч ды іншыя, раптам палічылі, што для поўнага камфорту ім не хапае толькі навуковых ступеняў. Інструктараў сваіх вызвалілі ад прамых абавязкаў ды пасадзілі рыхтаваць дысертацыі.
Паручэнцы і не супраціўляліся. Іншыя нават з гонарам яшчэ і хваліліся:
– А што мне? Затое машына ў маім распараджэнні. Куды хачу і на колькі ўздумаю, еду! I сам вырашаю, калі на работу ісці, як адпачынак праводзіць. Пасля завяршэння рукапісу шэф павышэнне абяцае!
Перад абаронай патрабуецца ад прэтэндэнта, як вядома, атэстат за сярэднюю школу, дыплом аб вышэйшай адукацыі ды здача мінімуму, у які ўваходзіць і замежная мова. Атэстаты яны прыдбалі раней, дыпломы – таксама, дружна скончыўшы завочна інстытуты, а мінімум – нічога не папішаш – трэба было цяпер здаваць. А як яго здасць такі Малочка, які скончыў некалькі класаў пачатковай школы пры Польшчы? Недалёка адышлі і астатнія.
I пры педінстытуце для такіх прарэктар Б. Фіх тэрмінова наладзіў здачу экзаменаў экстэрнам, для чаго рэктар нават вызваліў свой кабінет.