Ты куды гэтак спяшаешся?
За мной не так будуць цябе штурхаць, Стась!
Вельмі ты ўжо стаў аба мне клапаціцца, што і казаць! — з хваравітым раздражненнем заўважыла яна.— Чакай, чакай яго пад магазінам, тырчы ва ўсіх на віду...
Дык не ты ж мяне, а я цябе чакаў, Стася! Ты ж прыйшла ў палове восьмай, спазнілася на цэлыя паўгадзіны!
А-га, ты мяне чакаў таму, што я цябе мелася чакаць, якая розніца!
Ну і логіка ў цябе, не дай бог! — паціснуў я плячамі.
Папрацаваў бы ў школе, тады пабачыў бы, якая ў цябе была б логіка. Падумаеш, пачакаў крыху... ногі яму адпалі!..
Я прамаўчаў.
У апошні час Стася стала занадта нервовай. Найменшае глупства можа вывесці яе з раўнавагі. Што ж, на гэта былі прычыны. Пасля вайны нам з ёю шмат давялося перажыць. Амаль на адной стыпендыі канчалі інстытут. Пажаніліся — ні кватэры, ні вопраткі, ні лыжкі. А тут пайшлі дзеці. Фактычна мы сталі на ногі за апошпія гады. На мне мінулае амаль не пакінула следу, а ёй, беднай, дасталося! Адны дзеці колькі забралі сілы і здароўя.
Я разумеў жонку і стараўся не даваць прычын хвалявацца. Як на бяду, трэба было мне кучэрынскім расказам разварушыць старую рану!..
Замкнёныя дома сыны-дашкольнікі абрадаваліся нашаму прыходу і кінуліся насустрач:
Што купілі? Семкі, ура-а!
Не лезце! — абрэзала маці і іх.
Справы дрэнь.
Я ўдзень слаба паабедаў, і мне захацелася есці. Паклікаў на кухню сыноў, разагрэў на пліце суп, заслаў стол чыстай паперай, паставіў на яго міску.
А ну, хлопцы, давайце падрубаем. З адной пасудзіны, па-партызанску, добра? Стась, хадзі перакусім да вячэры!
Садзімся за стол.
Што ты мне ўсё тыцкаеш кулаком у твар? Не мог разліць кожнаму ў талеркі? Да чужых ты клапатлівы, што і казаць...
Я хацеў, каб табе было менш пасуды мыць! I да каго чужога я клапатлівы больш, як да цябе?!
— Бачыла, з якой галантнасцю ты расшаркваўся перад прыгажуняй ля магазіна: «Калі ласка, праходзьце!»
Ну, ведаеш!..
Гэта было ўжо занадта. Я кінуў лыжку, лёг на канапу, падлажыў пад галаву рукі і ўтаропіў вочы ў столь.
Кажуць, мужык і жонка — самыя блізкія людзі. Гэта так. Але чамусьці ніхто не скажа, што яны могуць быць і самымі далёкімі. Пра некаторыя рэчы, напрыклад, скажаш чужому чалавеку, але ніколі не скажаш жонцы. Цьфу!..
Падышоў старэйшы сын, працягнуў мне жменьку семак і спачувальна запрапанаваў:
На, татка...
Я залускаў.
Ты чаму на падлогу кідаеш? — убачыла Стася.
Добра, буду на столь!
Я паклаў семкі і павярнуўся да сцяны. Не, хопіць з мяне!.. Чым я вінаваты, што на свеце была такая Данута Янкоўская, што я закахаўся?
5