Не люблю, каб мне прыслужвалі. Го, цяпер і я тут нібы пан!..
Спускаючыся з перона ў тунель, я аж пакратаў рукой белыя кафлі на сцяне — знаёмыя, родныя. I ўцалелі ж у вайну!..
Наверсе я анямеў: замест цеснага і змрочнага будынка вакзала — гмах! — У агромністай зале з манументальнымі калонамі я адчуў сябе маленькім, кволым, старамодным.
З прывакзальнай плошчы адкрылася мне незнаёмая панарама дамоў з прыязным бляскам новенькіх шыбаў. Над жылымі блокамі дзесьці ў раёне Пагулянкі неба падпіралі тонкія ажурныя мачты, і ўжо яны, а не цэрквы і касцёлы, стваралі сілуэт горада. Кінуліся ў вочы густое перапляценне правадоў і незвычайныя для Вільнюса тралейбусы. Але мне хацелася прайсціся па горадзе пешшу. Для цікавасці я спытаўся ў нейкага хлопчыка:
Слухай, братка, і на Антаколь яны таксама ходзяць?
Малы ад здзіўлення паціснуў плячамі, як зрабіў бы некалі я, калі б у мяне спыталі, ці кожны дзень цячэ Вілія.
Я ніяк не мог прызвычаіцца да новага горада.
Проста з вакзала накіраваўся на старую кватэру, да прачкі. У двары пад плотам — той самы лопух. Той самы дом. Тая самая бардовая шалёўка прыкрывала спарахнелыя сцены. Толькі цяпер жылі тут ужо незнаёмыя людзі. I я накіраваўся да генералавага дома.
Па развешанай на вяроўках бялізне на панадворку зразумеў, што ў доме цяпер жывуць некалькі сем'яў і прытым не надта багатых.
Брамкі не было.
Я мінуў перакошаныя і парысаваныя бартамі грузавых машын бетонныя слупы і пастукаў у парадныя дзверы. Выйшла маладая жанчына, на хаду захінаючы квяцісты халат,— відаць, толькі што карміла дзіця. Яна квітнела маладосцю і здароўем.
Янкоўскіх? — здзівілася.— Такіх тут няма.
Яны тут жылі!
Не-е, не жылі ніколі!
Убачыўшы маё расчараванне, жанчына захацела дапамагчы:
Быць можа, не тут? А які нумар дома вы шукаеце?
Нумар гэты. I дом напэўна гэты. Я-то ведаю!..
Усе трынаццаць год мы жывём тут, я тут і вырасла, замуж выйшла, а такога прозвішча не чула...
Я хвіліну пастаяў. Добразычлівасць у вачах маладзіцы паступова змянілася разгубленасцю:
То, можа, у дом зойдзеце...
Жанчына, відаць, думала, што на яе ветлівасць я адкажу таксама ветлівасцю і пайду сабе туды, адкуль прыйшоў. Але я злавіў яе на слове і пераступіў парог.
Разгубленая да рэшты, маладзіца павяла мяне, не ведаючы куды і нашто.
У калідоры, які некалі быў прасторны і блішчаў лакам, цяпер тырчалі звычайныя скрыні, клункі, веласіпеды, жалезныя карыты: гэта быў калідор рабочых людзей.
Каб крыху супакоіць жанчыну, я вымавіў:
Калісьці тут я...
Ах, дык вы тут, няйначай, самі жылі!
Амаль...
— Так бы і сказалі адразу! — падхапіла яна з палёгкай.— Калі ласка, праходзьце сюды... Толькі ў мяне яшчэ не прыбрана...
Нічога, я трошкі...
Увайшоў у былую генеральскую гасціную, дзе я страляў у Станеўскага і Данусю. Малое дзіця з соскай спала ў калысцы пад адчыненым акном.