Праз некалькі мінут жонка апамяталася:
Янка, і не сорамна табе так валяцца без работы?
Вельмі. Вазьмуся за сон.
Хлопцы, сцягніце з таты туфлі!
Ляжу і не звяртаю ўвагі на тое, што хлопцы робяць з маімі нагамі.
Сцягнулі? Малайцы! Цяпер бяжыце на двор, пагуляйце сабе крыху!
Дзеці выбеглі, і яна паведаміла:
Сёння выхавацелька расказала, што старэйшы прыходзіць у дзіцячы сад з засаджанай за пазуху рукой. Быццам яна ў яго зламаная...
Я ўсхапіўся з канапы і зарагатаў.
О, ён яшчэ смяецца!
— А чаго ж не смяяцца? Фантазіі багата! Сам быў такі! Калісьці ў школе, каб стаць героем, выбіваў патыліцай дошкі ў ганку!
Жонка цяжка ўздыхнула. Затым без ніякага пераходу, з падазроным спакоем заявіла:
Пасля вайны, Янка, ты яшчэ ні разу не быў у Вільні. З'ездзіў бы...
Чаго там не бачыў?! — разгубіўся я.
Не-е, ты з'ездзіш! Трэба, Ваня, каб тваё сумленне супакоілася. Ты павінен дакладна даведацца, што з Данусяй. Мо яна жыве яшчэ...
Знайшла важнасць...
Важна!.. Ды... хопіць, наслухалася я тваіх практыкаванняў у нямецкай мове — думаеш, дурная і глухая, нічога не бачу і не чую?!
Я нібы ў рот вады набраў.
Добра! Ідзі да загадчыка аблана, папрасі водпуск на пару дзён, з'ездзі і высветлі ўсё. Горад жа ад нас недалёка.
Пустое гаворыш...
Я добра ведаю, ты хочаш гэтага, толькі хаваешся. Магчыма, Данута яшчэ жыве там! Няўжо, думаеш, я бусурманка?
Тады чаго ж ты пілавала мяне цэлы дзень?
Мужчына, вытрываеш! А перад кім яшчэ я магла выказаць свой настрой, перад вучнямі? Сынамі?.. На тое ты мне і муж!
Я прамаўчаў.
Не мучай сябе, Ваня, едзь. Не ведаю, як цябе раней не выпх-нула ў Вільнюс. Але і цяпер не позна. Між іншым, дзецям што-небудзь купіш, хутка ж у школу старэйшаму...
Жонку апанавалі старыя крыўды. Але супроць таго, што цягнула мяне ў Вільнюс, мы абое былі бяссільныя.
1
Быў пачатак чэрвеня.
Поезд спыніўся, я вылез з вагона.
— Паднесці? — спытаўся насільшчык.