У Трухана засвярбела раненая спіна. Ён прачнуўся, падлажыў пад сябе аўтамат, паспрабаваў пацерціся аб дыск, ды было нязручна. Хлопец вылаяўся, устаў, падышоў да слупа, які падпіраў столь, і пачаў церціся аб сучок.
Здурэў?! — выбухнуў я.
А табе што? — агрызнуўся ён сонны.— Ляжы, калі ляжыш!
Пясок у вочы сыплецца, дубіна!
Ад яловага пня чую! — Ён спакойна працягваў занятак.
Гэта мяне яшчэ больш раззлавала.
Што вы, хлопцы! — мірылі нас партызаны.— Пеця, не чапай слупа, і праўда, сыплецца!..
Халерная рана зажывае, ведаеш, як свярбіць? Каб табе гэтак, ты на сцяну палез бы!
Ідзі на двор, патрыся аб сасну!
— Паны, маць вашу... пяску збаяліся, чорт вас бяры!..
Трухан упаў на салому і адразу захроп.
Што з табой, Ваня? Чаму ты такі стаў раздражнёны, змрочны? — звярнулі ўсе ўвагу на мяне.
Хіба няпраўда?!. Чухаецца як слон, а яшчэ агрызаецца! Во, нават на зубах трашчыць!..
Я ведаю, чаму ён такі,— у яго баліць сэрца! — пажартаваў нехта, нават і не падазраючы, як блізка да праўды.
Гэта іх усіх радыстка параніла, пакуль прывялі з возера!
— А нічога не скажаш, спрытная полечка! -- Адна фігурка чаго варта!
Штосьці нездаровіцца...— прамовіў я.
Хлопцы, даць любоўных капель Барташэвічу!
Кладзіся ля печы! У маёй біклажцы малако ад шалёнай каровы — пяршак! Глынеш — да раніцы нібы рукой здыме!
Добра, толькі схаджу да начальства...
Усё раптам здалося мне малазначным, агарнула дзікае нецярпенне пабачыць Данусю: вось зараз, у гэтую хвіліну — я не мог чакаць ні мінуты!
Я накіраваўся ў зямлянку камандзіра брыгады. Не палена, зразумее і адпусціць з брыгады на два тыдні. Больш мне і не трэба... Эх, каб пусціў, панёсся б у Вільню як на крыллях!
У камандзірскай зямлянцы над рацыяй сядзела Стася. У яе пышных валасах блішчала нікеляваная палоска навушнікаў. Дзяўчына ўся ператварылася ў слых.
У вас работа сама...— замяўся я.
А, заходзь, Ваня, заходзь, чаго стаў на парозе?
Я думаў, што вы...
Ды заходзь і зачыняй дзверы, холаду напусціш! — зашаптаў камбрыг і паказаў вачамі на радыстку: — Не перашкаджай адно!..
Мо по-отым...— не выпускаў я дзвярэй.
Як ведаеш, упрошваць не буду. Хутчэй — туды або сюды!
Лепш у наступны раз, таварыш камандзір! — злосны на сябе за такое бязволле, вылецеў я з зямлянкі.