— Ага, сур'ёзна,— бацька сядае ў крэсла.— Ты таксама сядай, у нагах праўды няма.
— Дзякую, тата,— кажа сын і апускаецца на тахту.— Я ўвесь увага.
— А ты без выбрыкаў усё адно не ўмееш!
— Я сур'ёзна, тата. Слухаю цябе.
— Праўду маці кажа — балабон!.. Слухай, сынок. Калі ты школу кідаў, я, помніш, асабліва не ўпіраўся. Хочаш самастойнасці, на свой хлеб пайсці — ідзі, паспрабуй. Пайшоў на завод — ідзі, я не пярэчыў. Ведаў: там благому не навучаць. Ну, а цяпер што?
— А што цяпер?
— Што рабіць думаеш? З аднаго завода ўцёк, з другога... Мо хопіць, сынку?
— Мо і хопіць, тата.— Сын памаўчаў і нечакана спытаў: — А скажы мне, тата... Толькі не думай нічога благога. Скажы мне: раніцаю ты на работу з ахвотай, з радасцю ідзеш?
— А чаму ты пытаешся?
— Проста цікава мне, з якім настроем ідзеш ты раніцаю на работу.
— Не, сынок, ты не прыдурвайся, кажы, што ўдумаў.
— Нічога, тата. Проста — цікава мне.
— Цікава, кажаш? Калі сур'ёзна, сынку, дык — не ведаю. Ніколі не думаў пра гэта. Раней не да таго было, каб думаць, а цяпер... Звычка, сынок. Трэба, значыць, вось і ўстаеш, і ідзеш.
— Ага, звычка! Прывык уставаць раніцаю і ісці на работу... А калі ў мяне такой звычкі няма?
— І ў мяне не заўсёды была. Будзе, пачакай.
— А цяпер няма, і ўсё тут! Што тады?
— Што ты, як дзіця, заладзіў: няма і няма? Разуменне ж павінна быць! Трэба, значыць!
— Ты хочаш сказаць — абавязак?
—Ну а як жа! Што гэта за чалавек, калі ён без работы? Чалавеку без работы нельга!
— Трэба! Нельга!.. Як помню сябе, во такім яшчэ,— сын паказвае рукою на стол,— заўсёды гэтыя словы вымаўляліся побач. Гэта — трэба, тое — нельга, тое — трэба, гэта — нельга... З дня ў дзень, з году ў год: трэба — нельга, трэба — нельга!
— Ну а як жа, сынок? А што ты хацеў?
— Не хацеў, а хачу, тата!
— Што ж ты хочаш?
— Хачу калі-небудзь пачуць слова «можна»!
— Што — можна?
— Абы-што! Хоць бы якую дробязь, хоць бы што ерундовае, але — можна!
— Што — можна? Марожанае табе калісьці можна было, веласіпед — можна, цяпер вось — магнітафон можна... Што яшчэ?
— Тата, не пра грошы я!
— А пра што?
— Пра жыццё.