Званок у дзверы перапыняе бацькавы думкі. Маці крычыць з кухні, бы ён не чуе:
— Ідзі адчыні! У мяне рукі заняты. Чуеш, Андрэй?
Бацька падымаецца, ідзе ў калідор, на хаду кажа:
— Чую, чую.
З калідора ён неўзабаве высоўваецца ў пакой спінаю, а за ім, прытанцоўваючы, заходзіць іх малады — амаль Эдзікаў равеснік — сусед. Ён ляскае ў далоні, спявае:
Если б я был султан,
Я б имел трех жен
И тройной красотой
Был бы окружен...
— Што здарылася, Рома? — пытае бацька.
— Дзядзька Андрэй, віншуйце! У мяне — сын! Разумееце — сын! — крычыць сусед.
— Віншую, Рома. Сын — гэта добра. Тым больш калі ён — першынец. Рады за цябе, Рома, ад душы рады.
— Дзядзька Андрэй, вы ўяўляеце? Паўтары гадзіны назад я стаў бацькам! Гэта што-небудзь ды значыць? Га, дзядзька Андрэй?
З кухні выходзіць маці з белымі ад мукі рукамі. Яна таксама кажа:
— І я рада, Ромачка! А як жа Нэлачка? Як малы? Ці ўсё ж хаця добра?
— Парадзіха адчувае сябе здавальняюча, Антаніна Васільеўна. І парадзіха і нованароджаны! Так мне сказалі.
— Ну, дык і дзякаваць богу, Ромачка!.. А ты, гляджу, ужо і выпіць на радасцях паспеў?
— Э, не, Антаніна Васільеўна, не! Але... Эўрыка! Добра, што напомнілі. Дзядзька Андрэй, га? То ж, мусіць, трэба? Дзе Эдзік? Вы не зачыняйцеся, я зараз, адна нага тут, другая там! — Сусед выбягае.
— Ашалеў хлопец ад радасці,— кажа маці.— Чакаў жа сына. Нэлка мне казала. Усё наказваў: прыеду забіраць з сынам.— І спахопліваецца: — А я, дурная, як хто за язык цягнуў, пра выпіўку ляпнула! Замест таго каб стрымаць...
Са спальні выходзіць сын, пытае:
— Што тут такое? Нехта, здаецца, выйграў па спортлато? Колькі, калі не сакрэт? На «Жыгулі» хопіць?
Маці смяецца:
— Але, выйграў. Рома. У яго сын.
— І з гэтага выпадку такі гвалт? Скажыце, калі ласка! Да трох мільярдаў двухногіх далучыўся яшчэ адзін, і гэта — радасць! — сын паціскае плячамі.
— Эдзік, прытрымай язык! — гаворыць бацька.
— Маўчу, тата, маўчу. Я проста не падумаў аб тым, што гэта нарадзіўся яшчэ адзін, няхай сабе будучы, рабочы чалавек, прадстаўнік яго вялікасці, так сказаць, стваральнік, каваль, будаўнік і гэтак далей.
— Эдуард! — бацька ўжо крычыць.
— Маўчу! Усё! Кропка!
— Маці, у мяне ёсць нервы ці няма? — паварочваецца бацька да маці.— Няўжо я павінен трываць гэта бясконца?
Маці падбягае да сына, хапае яго белай у муцэ рукой за вуха: