— Не ведаю, тата.
— Не веру, сын. Ведаеш, ды баішся сказаць. Лынды біць ты хочаш, вось што!
— Не, тата. Я не хачу штодня хадзіць на завод не таму, што хачу біць лынды, як ты кажаш. Не такі я ўжо дурань. Я ўцёк з завода таму, што — нецікава. Кожны дзень адно і тое ж. Шасцяронкі, шасцяронкі, шасцяронкі... Станок — разумны, настроіш яго, і ён рэжа. А я? Дзеля чаго я? Каб зняць гатовую дэталь і паставіць новую загатоўку? Першыя тыдні гэта было цікава. А праз месяц, праз два? Даруй, тата, але дзецям і то час ад часу купляюць новыя цацкі, каб абуджаць у дзіцяці творчы пачатак.
— Усё ты ведаеш, усё разумееш. Нават і пра творчы пачатак у дзяцей недзе вычытаў! А ці падумаў, што гэты самы творчы пачатак абуджае ў дзіцяці не сама цацка, не сама па сабе?
— А што?
— Ты ж не дзіця, павінен разумець.
— Зноў павінен?.. А можа, я хачу рабіць тое, да чаго ляжыць душа?
— А да чаго яна ў цябе ляжыць?
— Каб жа я ведаў!
— Вось табе і маеш! А прэтэнзіі ў цябе — уга якія!
— Няма ў мяне ніякіх прэтэнзій. Я проста хачу жыць так, як людзі жывуць.
— Якія людзі? Як яны жывуць?
— А тыя, што жывуць самі па сабе, дзеля саміх сябе.
— А хіба гэта людзі, сынок?
— Тата, мы не на сходзе. Яны — людзі, яны самі жывуць і іншым даюць жыць.
— Ого, сынок, нават так? Радуеш ты мяне сёння.
— Тата, ну чаго ты? Што я такога сказаў? Ты многага не хочаш заўважаць, і табе цяжка зразумець...
— Што я не хачу заўважаць? Чаго я не магу зразумець? Я ведаю, сынок, што чалавек павінен працаваць. Каб быць чалавекам. Я ўсё жыццё рабіў. Сумленна рабіў тое, што ўмеў. А калі не ўмеў, дык вучыўся ад іншых.
— Я ведаю, тата, ты ўсё жыццё працаваў сумленна.
— Кінь, сынок! Ты кажаш, што я не хачу, не магу цябе зразумець. Ну а сам ты сябе разумееш? Мы з маткай стараліся, каб табе і Людзе было добра, каб вы не зазналі таго, што зазналі мы.
— Тата, я гэта ведаю! Толькі не трэба гаварыць пра лапці, пра чуні з трафейнай нямецкай аўтакамеры, у якіх ты прыехаў у горад. Ты ж цудоўна разумееш, што я ў лапцях хадзіць не буду!
— І дзякаваць богу, сынок! Дзеля гэтага мы з маткай і жылі і працавалі. Ніхто пра тое і не кажа. А вось адкуль у цябе гэтая фанабэрыя, гэтая пагарда да працы, да рабочага чалавека? Лапці — глупства, сынок, гэта гора наша былое. А работа? Як жа без яе? А вось жа здаецца мне, што каб можна было, каб грошы ні за што ні пра што даваліся, дык ты так бы і жыў, і думкі ў цябе не было б пра тое, што жыць так подла, брыдка.
— Але ж ёсць і такія, тата.
— Ёсць, сынок. Толькі — што з таго? Няўжо ты можаш пазайздросціць ім? Не жыццё гэта! Яны толькі здаюцца бесклапотнымі, шчаслівымі. А на самой справе іх ні на хвіліну не пакідае страх. Нутро іх бесперастанку точыць пранырлівы чарвяк гэтага страху. І нутро тое робіцца паступова гнілым. Чалавек такі — як агурок-насеннік, што заляжаўся на градзе. Абалонь цвёрдая, а ўсярэдзіне — смярдзючае гніллё. Яны адзінокія, такія людзі, адзінокія душэўна, а гэта самая страшная адзінота.
— Ну, тата, ты і даеш! Былі б грошы, а сябры знойдуцца.
— Не сябры, сынок, а хаўруснікі. Хаўруснікі па бутэльцы, па гэтай самай душэўнай адзіноце.
— Ты філосаф, татачка! Сапраўдны лектар!
— Не прыкідвайся дурнем, сынок! Усё ты разумееш, а — выскаляешся!
— Разумею я, тата, адно: ты засмучаны. Што ў цябе такі сын. А як бы добра было, каб ён пайшоў па тваіх слядах, каб стаў надзейным прадаўжальнікам нашай сямейнай рабочай дынастыі!
— Дурань ты, сынок!