— І на гэтым дзякуй, татачка!
Крыўдна, балюча бацьку. Вось табе і блазнота матчына. Такое бацьку гаварыць!.. Аднак жа добра, што не сарваўся, не кінуўся ўшчамляць яго між ног. Біццём не дакажаш. Не вучыў малога біццём, тым больш цяпер не будзеш. Шарсцістыя яны ўсе зараз. Ледзь што — на дыбкі. Толькі не верыць ён, што сын усё тое сур'ёзна казаў. Здзекаваўся з бацькі, ведама, але — без злосці. Ён жа ведае Эдзіка! Душа ў сына добрая. Чэсная душа. Вось толькі мітусні ў галаве шмат. Тыцкаецца, як сляпое кацяня. Казаў жа яму ісці да іх, у іпструменталку, дык — упёрся! Бацька яму, ці бачыце, замінаць будзе, ён хоча самастойнасці... Але ж — такое бацьку ў вочы казаць! Што гэта ўсё ж — хлапечая гарэзлівасць ці чэрствасць?..
Сын, седзячы на тахце напроці бацькі, думае пра тое ж. Адчувае — перабаршчыў! Любіць ён бацьку і шануе па-свойму, але і пасміхваецца. Найперш з гэтай бацькавай дзівакаватай просталінейнасці. Няма ў яго цяперашняй выкрутлівасці, спрытнасці. Шэрага не заўважае — толькі чорнае і белае. А колькі ж шэрага развялося! Толькі бацька не зважае, гне сваё. Трэба — вось і ўвесь ягоны адказ. А тое, што гэтае самае «трэба» можна па-рознаму ўспрымаць і рабіць, яму няўцям. Маці — не такая. Росціка Людчынага яны абое не любяць — і бацька і маці. Але бацька — адкрыта, як неўзлюбіў спачатку, дык і не хавае таго. А маці толькі мо сама сабе ў тым прызнаецца, больш нікому не пакажа, усё Росцік ды Росцік. А як жа — Людку ашчаслівіў!.. Але ж ці не за гэтую прамату ён і любіць бацьку найперш? І ці не таму карціць яму часам паназаляцца бацьку? Ён жа ведае наперад, што бацька скажа на ягоныя шпількі, а вось жа ўсё адно — быццам прыемна яму бачыць, як бацька злуецца і абураецца. Вось і цяпер. Мо досыць ужо, пацешыўся? Дзе там!
— Ведаеш, тата, кім бы я хацеў быць?
Бацька, набычыўшыся, маўчыць, але сын ведае, што ён слухае, і, напускаючы на твар паболей сур'ёзнасці, кажа:
— Пайшоў бы я, тата, у дворнікі. Цяпер гэта — прэстыжная прафесія. Для інтэлігентаў. Зранку дзве гадзінкі дзеркачом памахаў — замест зарадкі, а потым цэлы дзень вольны: займайся духоўным узбагачэннем.
Бацька не азываецца. А сыну як бы тое і трэба — бацькава маўчанне свербу языку дадае.
— А яшчэ лепш, тата, прадаўцом стаць. Цяперашнім часам гэта, скажам шчыра, пасада міністэрская. Уяўляеш перспектыву? Іду я, скажам, па вуліцы, а да мяне падкочваецца гэтакі гладзенькі, кругленькі таварышок. «Эдуард Андрэевіч, выбачайце за турботы, ці не змаглі б вы зрабіць мне такую ласку — дастаць дублёначку? Неабавязкова канадскую, згодзен і на мангольскую і на балгарскую. Аддзячыць не паскуплюся...» Уяўляеш, тата?
Бацька ўрэшце не вытрымлівае, кідае коратка:
— Зубаскал ты, сынок!
— Ну, што ты, тата,— ледзь не лагодна адбрэхваецца сын.— Вышэйшы прэстыж! Выдумкі, скажаш? Дык вось табе газетны факт. Самы большы конкурс зараз не ў медыцынскі ці радыётэхнічны інстытуты, а ў народнагаспадарчы, на аддзяленне таваразнаўцаў. Вось табе і зубаскал! Проста ты нічога, акрамя свайго слясарніцтва, не заўважаеш. Дарэчы, слесар — таксама прэстыжная прафесія. Толькі не проста слесар, а — слесар-сантэхнік. Асабіста ведаю аднаго сантэхніка, які атрымлівае прафесарскі аклад — у трох месцах, канечне,— і мае ўласныя «Жыгулі».
— Вушы баляць, сынок.
— Закругляюся, тата. Апошняе, што хацеў бы табе сказаць. Заўтра я іду на работу.
— Няўжо?
— Як мама кажа — яй-бо!
— І куды ж? Дворнікам?
— Не ўгадаў. Вучнем у фотаатэлье.
— Чаго раптам?
— Тата, чаму раптам? Забыўся? Я яшчэ ў пятым класе хадзіў у фотагурток.
— Мо хоць на цыгарэты прасіць не будзеш.
— Як піць даць — не буду.
— А ўцячэш адтуль праз месяц ці праз два?
Адказаць сын не паспявае — у калідоры зноў звініць званок. Бацька падымаецца, кажа:
— Мусіць, зноў Раман...
Аднак гэта не Раман. Разам з бацькам у пакой з калідора заходзіць дзед. Ён перадае бацьку авоську і кашолку, сам сцягвае з плячэй пінжак. Падыходзіць да іх сын, выходзіць з кухні маці.
— Здарова, Тоня! Здароў, Эдзічак! — кажа дзед.
— Тата? Як гэта вы надумаліся? — падае яму руку маці.
— От надумаўся. Старая ўсё — з'ездзі, ды з'ездзі!.. Вазьмі во, Тоня, у Андрэя, а то яму прыставіць няма куды. Нічога такога ў гасцінец і нямашака. Масла крыху старая сабрала, яечак. А ў кашолцы ягады. Учора вырвалася, збегала ў Ельнік, пад пасёлак. На лякарства будзе.
Маці забірае ў бацькі авоську і кашолку, кажа:
— Дзякую, тата! Толькі нашто турбаваліся? Мама яшчэ ў Ельнік хадзіла! Гэта не няблізкі свет... Купілі б на тое лякарства,— ідзе на кухню.