— Куды гэта — куды? — азываецца сын.— Без манет, мама, нікуды не пойдзеш. Хіба толькі туды, адкуль не вяртаюцца. А ў мяне ў кішэнях ні звону, ні шамацення. На цыгарэты няма.
Бацька зноў узгараецца:
— Ага, нават на цыгаркі няма? А дзе ж твой заробак? Што, хіба бацьку аддаў ці мацеры? Усё да капеечкі аддаў, а сабе нават на цыгаркі не пакінуў? Ай-яй-яй, які харошы ў мяне сынок! Вось бог паслаў анёлка... Што, можа, чакаеш, што раздобруся ды табе траяка дам, каб было з чым на вуліцу сашвэндацца?
Сын, усё лежачы на тахце, пасміхваецца:
— А мог бы і даць. Не чорту лысаму, а сыну.
— А кукіша не хочаш? За якую трасцу?
— Не крычы, тата. Усё і без крыку ясна: не дасі! Значыць, трэба абысціся.
— Ведаю, як ты абыходзішся! У мяне не выпрасіш, дык у маткі вымантачыш!.. Прэч з маіх вачэй, дармаед!
Сын, падымаючыся, намацваючы нагамі тэпці і падцягваючы штаны, гаворыць усё з тым жа посміхам:
— Прыкра, канечне, што бацька не хоча ліцазрэць роднага сына, ды што зробіш. Знікаю, тата, зараз жа знікаю!
Ён ідзе ў спальню, зачыняе за сабой дзверы. Бацька зноў апускаецца ў крэсла, бярэ ў рукі газету, кажа да маці:
— А ты пазаступайся, пазаступайся. Маленькага шкадавала, пашкадуй і цяпер. Пашкадуй!
— Ну чаго ты заладзіў: пашкадуй, пашкадуй... Чаму ж ты як бацька не пагаворыш з ім спакойна, а ўсё — гыр ды гыр? А можа, бяда якая ў хлопца, нявыкрутка? Ты ж бацька!
— Я, ведама, бацька. Цяпер і ты гэта кажаш. А яму цяпер і на бацьку начхаць і на цябе. Чула, як гаворыць? «Кумір тваёй маладосці, татачка!..»
— А ты як на яго? Абібок! Смаркач! Яму ж, Андрэй, таксама крыўдна. Васемнаццаты пайшоў, а ты ўсё як на дзіця, як на малога!
— Ага, усяго васемнаццаты... Я ў пятнаццаць нароўні з мужчынамі ў полі араў, на сенакос хадзіў... Гэта ты, Тоня, усё глядзіш на яго, як на маленькага. «Сыночак, сыночак...» А гэты сыночак хутка і на галаву сядзе!
— Супакойся ты, Андрэй, супакойся. Што тое ўспамінаць? І ты ў пятнаццаць рабіў, і я ў лялькі не гуляла. Трэба было, дык і рабілі. Тыцкаць яму штораз пра тое мо і не трэба... І не такі ён ужо благі, Эдзік. Што ён такое і зрабіў? З работы сарваўся? Дык — ліха з ёй, з работай! Другой хіба не знойдзе?
— Не пра тое я, маці. Работу, ведама, знойдзе, хоць, здаецца мне, не надта ён яе і шукае... Не пра тое я... Кінуў школу, не схацеў у дзевяты хадзіць — ладна, змірыўся я. Думаў, канечне, што іначай будзе, што мо пасля школы ў інстытут пойдзе... Людзе тое замуства перашкодзіла, шкада дзеўкі было, не дурнейшая за іншых... А тут і ён, Эдзік, ды яшчэ па сваёй ахвоце! Але ж — змірыўся. Спадзяваўся, што паробіць, пасталее, сам зразумее, што да чаго. Ажно...
— Ну, а што — ажно? Ці ж ён украў што, ці, не дай бог, скалечыў каго? Ён жа хоча...
— Каб жа хацеў! Ты думаеш, не гаварыў я з ім? Уга, колькі разоў! А што толку? Ці я дурнець пад старасць пачынаю, ці гэта свет такі стаў, а не магу я, Тоня, зразумець. Сына роднага зразумець не магу. Гаворыць мне адно, а сам, бачу, пра нешта іншае думае. Ты, кажа, бацька, адстаў. Адстаў ад веку, ад прагрэсу, мысліш старымі катэгорыямі, жывеш уяўленнямі сваёй маладосці, а зараз век тэхнікі, эмоцыі даўно пара адкінуць... Ты, бацька, кажа, застаўся на ўсё жыццё рамантыкам, летуценнікам, а цяпер век практыцызму, чалавечай ініцыятывы, праяўлення індывідуальнасці... Нічога, Тоня, не разумею! І каб гэта хто іншы казаў, а то ж — сын. Жылі мы з табой, Тоня, жылі, працавалі, дзяцей гадавалі, стараліся, каб як найлепей усё было, а вось бачыш — аказваецца, адсталі.
— Ты супакойся, Андрэй, супакойся. І цішэй кажы... Ну, ведама, мы з табой жылі, дык не пра тое думалі. Жылі, рабілі, не выстанчалі лішне, бо яно і не было за што выстанчаць, то адна дзірка, то другая — каб хаця залатаць... А цяперака ж, мусіць, і праўда век такі настаў, што і дзіця сваё не заўсёды зразумець можна. Леську во вазьмі. Якіх сем гадкоў, а паспрабуй давядзі ёй што! Яна ўжо табе ўсё ведае, ва ўсім разбіраецца. Я і ў пятнаццаць, пэўна, верыла, што дзяцей бусел прыносіць ці ў капусце іх знаходзяць, а яна? «Як выйду замуж, нараджу сабе дваіх — хлопчыка і дзяўчынку. Тата кажа, што ў нармальнай сям'і павінна быць двое дзяцей...» А пра маці сваю, пра Людку, што кажа? «Мая мама — тыповы прадстаўнік сучаснага мяшчанства!» Я і слоў такіх не ведаю...
— Леська — малайчына! Разумніцай расце... Вось толькі ладу між імі няма, маці, між Людай і Расціславам. Адкуль, ты думаеш, словы тыя? Відаць, Расціслаў казаў, а малая падхапіла. Яны ж усё падхопліваюць, малыя!
— Ну, бачыш! Росцік — не раўня Эдзіку, а таксама абы-што кажа.
— Абое рабое. Эдзік твой яшчэ мудрэй кажа. Часам, Тоня, аж боязна робіцца. Помню, на работу неяк разам ішлі. Там, ля трамвайнага прыпынку, новы дом якраз закладвалі. Дык ён і кажа: «Будуюць у нас, бацька, шмат, але паршыва...» Чаму гэта, кажу, паршыва? А ён: «А хіба ў нас кватэра? Квадратныя метры, а не кватэра. Катух, кажа, з санвузлом, а не кватэра». Не сцярпеў я. А з зямлянак, кажу, трэба было вылазіць? Гарады, вёскі з папялішчаў падымаць трэба было, заводы і фабрыкі адбудоўваць? «Трэба, кажа, але — досыць, вылезлі, адбудаваліся, а мы па-ранейшаму карабкі складаем...» Адкуль гэта ў яго, Тоня?
— Не сам жа дадумаўся. Мо прачытаў дзе што... А можа ж, Андрэй, і праўду кажа?
— Можа, і праўду, маці, ды я не пра тое... Эх, маці, маці! Мусіць, мы і праўда з табой састарэлі, адсталі ад веку. Вось і ты ўжо мяне не разумееш. Прачытаў, пачуў, сам дадумаўся... Якая, Тоня, розніца? Ты мне скажы лепш, чаму ён так думае? Чаму гэта мы, калі ўсяляліся ў гэтыя квадратныя метры, у гэтыя няшчасныя катухі, нарадавацца не маглі, не верылі, што гэта мы з табой будзем жыць у такім палацы? Помніш, не забылася? А ён...
— Ну, яй-бо, Андрэй, нешта сёння з табой робіцца! Ну, блазнота яшчэ, балбоча абы-што, а ты ўжо ліха яго ведае што думаеш. Дурноцце яшчэ! Пасталее, пасур'ёзнее...
— Эх, Тоня, Тоня! Будзе яму і пяцьдзесят, а для цябе — усё адно блазноцце-дурноцце.
— А хай цябе, Андрэй, з тваім бурчаннем! Убіў сабе нешта ў галаву і чаўпеш, чаўпеш... Чытай лепей сваю газету! А мне на кухню пара, бо не паранее.
Ідзе маці на кухню, а бацька ўнурваецца ў газету. Толькі не турбуе яго ўжо тое, што на нейкім інданезійскім востраве, назву якога і вымавіць цяжка, знайшлі ў джунглях велічны каменны храм і што ў шматпакутным Ольстэры англійскія салдаты застрэлілі вадзіцеля грузавіка. Пра сваё думаецца. Пра Эдзіка, Люду з Расціславам, пра сябе з Тоняй. Дзіўна і не надта зразумела атрымліваецца. Тады, як дзеці малыя былі, як яны з Тоняй маладыя былі, хапала ім клопату і гора — гэта ж колькі гадоў пад чужой страхой жылі! Але ж — спадзяванкі мелі: атрымаюць сваю хату, дзеці падрастуць... З гэтым спадзяванкам і жылі і працавалі. Сумленна працавалі — і ён і жонка. Сваё што не зроблена — такой бяды, а на рабоце, сярод людзей, трэба, каб усё добра было. Ці быў за трыццаць гадоў хоць адзін дзень, каб ён на работу праспаў ці прагуляў? Не, не было такога! Затое і шануюць яго на заводзе. Даўно ўжо ён Андрэем Кузьмічом ходзіць, не інакш. І ўзнагарод, званняў розных шмат мае — усіх адразу і не ўспомніць. І Тоня яго — такая ж. Ужо і да пенсіі абодвум недалёка, а вось жа як не было, так і няма таго чаканага спакою, ціхамірнасці. Праўду людзі кажуць: малыя дзеці — малы клопат, а падрастуць... Бегалі ў школу, дык які там і клопат быў? Абы не хварэлі ды вучыліся. А цяпер да галавы не дабраць, як Людцы памагчы і якую Эдзіку раду даць...