— А бо, Тонечка! — гаворыць ёй услед дзед.— Іх жа ў нас хоць граблямі грабі, а ты — купляць. Людзям на смех! Пад'ехалі б калі, дык за паўдня па пуду насабіралі б.
Кажучы гэта, дзед робіць крок на хату, але яго затрымлівае бацька, шэптам кажа:
— Боты знімі. А то яна,— ківае на кухню,— не ўпадабае. Во, тэпці ўссунь.
Дзед таропка адступае назад, таксама шэпча:
— А бо... Ці ж не наслядзіў хаця? Забываюся я ўсё на гэтыя гарадскія парадкі. Старая перад ад'ездам наказвала: не едзь у ботах, як мядзведзь, чаравікі казала абуць, але дзе я буду ў клёшах тых выходжваць?
— Ладна, тата, не турбуйся,— кажа бацька,— не наслядзіў.
— То ж і я думаю! На дварэ сухмень, а пакуль да вас дабярэшся, дык калі і была якая пясчынка, дык абабілася.
— Якая там пясчынка! Але ж — баба! Ты, тата, не думай нічога такога.
— А бо, сынку! Хіба ж я не разумею!
Дзед улазіць нагамі ў тэпці, ідзе на хату, сядае ў крэсла, якое яму падсоўвае Эдзік, кажа ўжо ўголас:
— Ух-ха-ха! З непрывычкі дык аж захакаўся, пакуль усцягнуўся. Каб жа троху ніжэй. А то ж усё роўна, як на тую Ванькову гару. Ідзеш-ідзеш, а ўсё канца няма. І табе ж, сынку, мусіць, цяжкавата ўжо стала на гэтыя вышкі штодня падымацца?
— Прывык, тата. Яно, ведама, высакавата, але затое і выгодна. Шуму, пылу меней, над галавой ніхто не затупае,— адказвае бацька.
— Дык яно ж, як той казаў, цёнгле так, адно на адно. Эдзіку во толькі, мусіць, усё роўна. Яшчэ і зарадка раніцай бясплатная. Га, унучак?
— Не скарджуся, дзеду!
— Ты яшчэ і бягом сюды-туды злятаеш.
— І носяцца,— махае рукой бацька.— Аж дом хадуном ходзіць. Калі дык і прыкрыкнеш на каторага падшыванца. Узімку канькі начэпіць і, як той падкаваны жарэбчык, па прыступках — бух-бух! Аж звон увушшу стаіць.
— Ну, дык то, пэўна, меншыя. Эдзік жа кавалер ужо.
— А розум адзін. Рогі павыроствалі — не падступіцца!
— Што ты хочаш, сынку. Калі цяперака і ў сяле, як ты кажаш, рагатыя сталі. Ні бацькоў не слухаюць, ні настаўнікаў. А от да вучобы дык менш прыткія сталі.
— Што ім вучоба! Яны змалку вучаныя! Бацьку бяруцца павучаць.
— Тата, мы ж, здаецца, пагаварылі,— перапыняе бацьку сын.
— Знае кошка, чыё сала з'ела,— бурчыць бацька.
— Ну, ну, сынку, дарэмна хлопца не крыўдзь,— кажа дзед.— У ягоныя гады і ты не лепшы быў. У вас, праўда, у галаве адно было, у іх — другое, але ж... Адно каб нутро здаровае было. Успомні, сынку, Генуся Курашчупавага. Ад яго ж на сяле жыцця не было. Усе сады, бывала, абшастае, аблатошыць, ледзь толькі завязь завяжацца. Хто калі чакаў, што з яго чалавек будзе? А прыязджаў нядаўна да маткі На сваёй машыне, з жонкай і дзеткамі. Інжынерам стаў. От табе, сынку, і Курашчупаў Генусь!
— Яно ведама, тата. Але ж Генусь той не толькі па чужых садах лазіў. У чатырнаццаць ён ужо з коньмі ў калгасе рабіў.
— Чаму ж не помніць. Работа ў яго руках гарэла!
— Вось пра гэта і я кажу. І свайму пра гэта чаўплю, як Тоня кажа.
— Дык бо Эдзік зломак? Школу ж во не схацеў канчаць, каб толькі на завод хутчэй.
— Каб ведаў, на які завод яму хочацца, дык дзягу б зняў!
— Знімі цяпер! — кажа сын і, пакрыўджаны, ідзе ў спальню.
— Перастань, сынку. Чаго ты на яго так? — пытае дзед.