— Баюся, маладзіца, каб не давялося рэзаць... Не падабаецца мне рана, хоць я ўсяго толькі фельчар...
Рана не падабалася і маці: яна гнаілася, з яе ўвесь час сачылася нейкая сукравіца. Аднак жа фельчар Сянкевіч памыліўся. Урэшце перастала яна гнаіцца і пачала зацягвацца. І на мітынгу, прысвечаным дваццаць сёмай гадавіне Кастрычніка, бацька ўжо быў без павязкі цераз плячо, хоць рука ўсё яшчэ балела, рабіць ёй што-небудзь ён не мог. Балела яна ў яго доўга. Яшчэ і зараз, заўважае Яська, яна бацьку баліць, ные, асабліва на перамену надвор'я, і тады бацька ходзіць неяк бокам, левай рукой асцярожна падтрымліваючы правую — параненую.
На фронт бацьку не ўзялі. Ён зноў, як і да вайны, стаў старшынёй сельсавета. Будынак сельсавета ацалеў. Пэўна, таму, што стаяў наводшыбе, у самым канцы вёскі, за мастком цераз плыткую і вузенькую Бачылаўку. Было ў ім, праўда, несамавіта — многія шыбкі застаўлены фанеркай ці кардонам, у падлозе былі дзіркі, тынкоўка ў многіх месцах адсырэла і паадвальвалася, аднак жа гонтавы дах не працякаў, і працаваць можна было.
Першую восень бацька сам грэў у сваім кабінеце грубку, сяк-так абмазаўшы яе, каб не сачыўся дым, белай глінкай, і сам жа насіў туды на плячы, ідучы з дому, бярэмца дроў, перавязанае раменным паскам. Часам яча гэты клопат — занесці дроў і хоць збольшага прапаліць настылую будыніну — ляжаў на Яську. І ў тыя дні, калі яму выпадаў такі клопат, ён падоўгу аціраўся ў сельсавеце, бачыў людзей, што прыходзілі сюды з розным сваім клопатам, слухаў іх гаворкі з бацькам, і яму было прыемна, што людзі прыходзяць менавіта да ягонага бацькі, пачціва называюць яго Пятровічам, і лічыў Яська, што так і трэба, што іначай і быць не можа, бо яго бацька — не абы-хто, а палітрук роты, адважны партызанскі камандзір.
І як бы ні любіў Яська таго ж дзеда Волеся ці дзядзьку Паўлюка, аднак жа ніколі і думкі не дапускаў, што іх можна параўнаць з бацькам. Ні дзед Волесь, ні дзядзька Паўлюк у партызанах не былі. І хоць яны, бацька неяк казаў, памагалі партызанам, і па гэтай прычыне іх таксама, бадай, можна залічыць да партызан, але Яська з гэтым не пагаджецца. Што б хто ні казаў, а Яська пэўна ведае, што ў калоне партызан, якія выпраўляліся са Стаек граміць фашысцкі гарнізон у Лядах, ні дзеда Волеся, ні дзядзькі Паўлюка не было, а бацька — быў, і ішоў паперадзе, а не плёўся ззаду, у хвасце. Гэта — раз! А другое — ні дзядзька Паўлюк, ні дзед Волесь ні разу не былі паранены, а бацька — два разы. І, нарэшце, не каго-небудзь, а бацьку паставілі старшынёй сельсавета. Не, бацькаў аўтарытэт для Яські — непарушны!
Дык чаму ж цяпер ён нібыта засумняваўся ў бацьку? Што змушае Яську думаць, быццам дзед Волесь і дзядзька Паўлюк ведаюць і разумеюць нешта большае, нешта важнае і істотнае, чаго не можа ці не хоча зразумець бацька? З ім самім загаварыць пра гэта Яська не рашаецца. Ні з ім, ні з маці. Як ён можа адкрыцца ім, калі сам палохаецца такіх думак? Ён адчувае смутную, але неадступную неабходнасць разабрацца ва ўсім самому. Гэтае адчуванне спараджала надзею, спадзяванне на тое, што павінна здарыцца нешта такое, што прыадчыніць перад ім заслону, высветліць усё да драбніц, расставіць па месцах, і тады ён, Яська, паспавядаецца і перад самім сабой і перад бацькам...
А пакуль што нічога не здаралася. Дарослым хапала клопатаў і ў калгасе і дома: дакапаць апошнія барозны бульбы, давесці да ладу гароды — перабраць кучкі буракоў на градах, пасцягваць з платоў і парканаў ахапкі шапаткой, добра падсохлай фасолі і занесці пад застрэшкі, каб пасля вечарамі пералушчыць яе ў торбачкі ці гарнушкі, засыпаць апалым лісцем ці мяленнем прызбы вакол варывенек. А яны, дзеці, бегалі ў школу, а надвячоркамі гойсалі па вуліцы, лупячыся ў «пікара» ажно да той пары, пакуль ужо не стане відаць таго каменя, які ты павінен збіць сваім кіем.
Ім, Яську і ягоным сябрукам, было па малу гадоў. Палічыць іх яны маглі на пальцах, і яны, вядома, былі ўсяго толькі дзецьмі. Найперш — дзецьмі. Дзецьмі яны былі і ў вайну. Але тады ў іх не было нават «пікара». Было адзінае — страх. Жахлівы, пякельны, недзіцячы страх. Ён аднойчы сціснуў іх сваімі жалезнымі кіпцюрамі і не адпускаў ні на хвіліну — нават уначы, у сне. Пазбыцца гэтага страху, гэтай неадчэпнай жуды — ці было ў іх іншае жаданне? Яны былі дзецьмі ўжо новага часу, іх не вучылі малітвам, аднак жа яны — маліліся. Маліліся моўчкі і ўголас, маліліся раніцамі і вечарамі, і малітва гэтая была кароткая, адзіная і шчырая, як іхнія сэрцы:
— Каб хутчэй прыйшлі нашы!
— Вось прыйдуць нашы...
— А як прыйдуць нашы...
— Хай бы толькі прыйшлі нашы...
— Нічога, нашы прыйдуць, і тады...
— Пабачыш, прыйдуць нашы...
Нашы не маглі не прыйсці!
І яны прыйшлі...
Уранку таго гарачага ліпнёвага дня, як яны прыйшлі, Яська з маці і Зойкай сядзелі ў лесе. Яшчэ ўчора паблізу стралялі. Уначы неба крывавіла зарыва. А ранак наступаў ціхі, сонечны, цёплы. Але Яськава маці, як і маткі іншых дзяцей, ужо не верыла гэтай цішыні. Яны развучыліся верыць нават сонцу, бо вельмі часта наплывалі на сонца чорныя клубы ад пажарышчаў. І разам са сваімі маткамі не верылі той ранішняй цішыні і яны, дзеці.
Учора надвячоркам яны выбраліся з гнілога, балоцістага лесу сюды, на сухі сасновы груд. Іх, некалькі жанчын з дзецьмі, прывёў сюды дзед Цімох са Стаек. Ён згубіў дзесьці ў лесе сваю старую і, блукаючы ў пошуках яе, набрыў на іх. Яськава маці і яшчэ сёй-той з жанчын ведалі дзеда Цімоха і ўпрасілі яго не пакідаць іх — пры мужчыне ім было спакайней. Дзед бедаваў па сваёй старой, не хацеў важдацца з іх «цыганскім табарам» (так досыць зласнавата ахрысціў ён іхнюю зборню), але пасля як зачапіўся:
— Ладна, так і быць, завяду вас на Пыталеву грыву. Мо і мая авечка даўмеецца туды выйсці. Там гіцлі прайшлі ўжо, другі раз наўрад ці вернуцца...
І яны паціху пабрылі гуськом за дзедам, скачучы з купіны на купіну, раз-пораз зрываючыся нагой з асклізлай патырчакі і па пояс правальваючыся ў затхлую балотную рудаўку. І чым далей ішлі, тым вусцішней рабілася ім.
Там, дзе канчалася дрыгва і пачыналася сушэйшая імшарына, пачалі яны натыкацца на тое, што пакінулі пасля сябе карнікі. Спачатку ўгледзелі некалькі застрэленых кароў. Яны паўздзімаліся ад спякоты і ляжалі бы копы, і над імі віліся плоймы мух.
Потым убачылі чалавека. Жанчыну. Твар яе закрывалі сівыя паклычаныя валасы.
Яська ціснуўся бліжэй да маці і стараўся не глядзець у той бок, а галава ўсё адно паварочвалася туды, і маці сярдзіта тузала яго за руку, каб ён не азіраўся...
Маці адной рукой — на другой руцэ сядзела Зойка — абняла яго, прытуліла да сябе, зашаптала:
— Я ж казала, сынок, не глядзі... Не трэба глядзець, дзіцятка. Ідзі і не азірайся. Не азірайся, сынок, не трэба...
І ён ішоў, тулячыся да маці, і не падымаў вачэй — стараўся глядзець сабе пад ногі.
Нa Пыталевай грыве дзед Цімох пайшоў ад іх.
— Тут, бабы, блізка да Лозак. Вунь на тую сасну кіруйцеся, не збочвайце, дык і Лозкі будуць. А Стайкі ў тым баку,— махнуў ён рукою ў другі бок.— Да Стаек таксама недалёка. Туды дык і сцежка ёсць. З таго боку грывы... А я пайду, пашукаю старой,— сказаў ён і знік у сасонніку.
Ужо сутоньвалася, і ні ў Лозкі, ні ў Стайкі ніхто з жанчын не пайшоў. Стома валіла ўсіх з ног. Парашылі тут заначаваць, а раніцою будзе відаць, што рабіць.
Спалі яны на сасновых лапках, ахінуўшыся хто чым мог. І неяк пракідаліся да раніцы. А раніцою адны жанчыны пайшлі ў Лозкі, а рэшта — у Стайкі. Яськава маці таксама наважылася падавацца ў Стайкі — там былі знаёмыя, свае людзі, мо і хата дзедава ацалела.