Гэтым нямым крыкам іх лёгкіх, бы перына, схуднелых да слюдзяной прызрыстасці — наскрозь свіцяцца! — цел і была, пэўна, народжана славутая пасляваенная эпапея апусташальных набегаў на чужыя сады і гароды. Аскомная гарчэча парэчкавых ці агрэставых зялепух, мляўкая даўкасць яблыневай завязі, хрумсткая крамянасць бручкі і морквы, сыраватая елкаватасць гароху і бобу — усё гэта ведалі іхнія зубы, і нішто гэта не палохала іхнія жываты...
Садоў у Альхоўцы пасля вайны было мала. Ігрушы-дзічкі ці слівы яшчэ тарчэлі сям-там на гародах, дзе-небудзь на ўзмежках, а сады былі рэдка ў каго. Ды і то — якія там сады! Па пяць-шэсць яблыняў.
Купаціліся яны над градамі ў старога Смаркуля, у дзеда Волеся і ва Улімы. Найбольшай увагай памаўзоў карыстаўся Улімін сад. У яе і яблыкі былі лепшыя, смачнейшыя — чырванабокія, часам ажно рудыя «цыганы» і буйныя, жаўтлява-белыя анісы, і сцерагла свой сад Уліма пільней, чым іншыя.
Да дзеда Волеся Яська і іншыя хлопцы лазіць у сад не рашаліся — старшыня калгаса ён, не абы-хто. У Смаркуля ж раслі адно познія, заўсёды пабітыя чарнатой і дробныя антонаўкі, іх ён не пільнаваў, а калі выпадкова і высочваў каго-небудзь, дык не сварыўся і не кідаўся ўслед з дубцом ці крапівай, а толькі казаў:
— Чаго ж ты грады бэрсаеш, байструк? Я ж бы табе і сам натрос гарчэчы такой, калі табе так закарцела! От матцы скажў!
«Матцы», аднак, дзед Смаркуль ніколі нічога не гаварыў, і «байструкі» ўжо за адно гэта без пільнай патрэбы лішне яго не турбавалі.
А з Улімай у іх ішла сапраўдная вайна. Варожасць была ўзаемная, і ў сродках абодва бакі былі непараборлівыя. Уліма пільнуе сад ноччу? Добра! Яны аблатошаць анісаўку вечарам, на захадзе сонца, калі Уліма, пайшоўшы вады, загамоніцца ля калодзежа з якой-небудзь кабетай ці дзеўкай. Яна апляла плот калючым дротам? Ну, дык яны затое пакладуць той плот на зямлю, на ўзмежак,— усе шэсць праслаў. Яна насыпала пад крайняй «цыганкай» патрушчаных бутэлек? Няхай! Яны ўдараць па той «цыганцы» магутным кіёчным залпам, і хай тады Уліма сама ходзіць па тых шкляных аскалёпках і збірае ў кош іхнія абіванні. Уліма прынесла з Лішчыц шчанюка? Грэшна губіць жывую душу, яны гэта добра ведаюць, аднак жа не пабаяцца граху і накормяць шчанюка так, што назаўтра ён ужо і не цяўкне.
Уліма штораз пасля іхніх набегаў выбягала на вуліцу і крычала так, што было чуваць у абодвух канцах Альхоўкі:
— Людзі, ратуйце! Зноў гэтыя паліцаі яблыньку пахрабусталі!.. А мой жа ты татачка, а навошта ж ты іх садзіў, навошта ж паліваў-прышчэпліваў?..
Часам яна пазнавала каго-небудзь з «паліцаяў» і тады ішла сварыцца да яго маці. Прыходзіла яна і да Янкавай маці. Памятае ён. Яшчэ не адчыніўшы дзвярэй у хату, Уліма пачала крычаць у сенцах:
— Ты думаеш, схаваўся, уцёк? А мне хіба выслепіла, што гэта быў Паўлінін апоўзлік? Мала таго, што панёс цэлую запазуху, дык яшчэ і сук адваліў... Паўліна! — павышала яна голас у хаце.— Дзе твой вешальнік? Схадзі, паглядзі, што ён натварыў! Схадзі, схадзі! Такі сук на зямлі ляжыць, каб ён сам так па зямлі пластаўся!..
Маці, якая напачатку была настроена памяркоўна і гатова была ўжо паспачуваць Уліме («Ці ж я яго навяжу, Улімка? Упыну няма! І лупцую ж яго, каб ты ведала!..»), нечакана накінулася на Уліму:
— Гэта ж што ты кажаш? Гэта каб маё дзіця пласталася? Гэта табе яшчэ мала таго, колькі ён папластаўся? Ідзі, ідзі з хаты, Уліма, не ўводзь у злосць!
І Уліма ляпала дзвярамі і крычала ўжо на двары і на вуліцы:
— А каб вас разам папластала! І сынка такога, і матку яго...
Нягледзячы, аднак, на такі зыход візіту Улімы, маці ўсё ж адлупцавала Яську.
— Не лезь,— казала,— і ў той бок не глядзі! Не так ты таго яблыка наясіся, як звягі наробіш... А бацьку і без таго дастаецца...
Пра сябе маці ніколі не гаварыла, сама на сябе не зважала...
Зрэшты, Яська не належаў да самых заядлых памаўзоў-зялепушнікаў. У самога і думкі ніколі не было, каб налаташыць ва Улімы анісавак. А вось адмовіцца ад кампаніі — не мог. Там уступалі ў сілу іншыя законы. Адмаўляешся? Ага, значыць, баязлівец, мамчын сынок! Заслужыць такую абразу? Ды нізавошта! І Яська шчыраваў, можа быць, больш заўзята, чым той, хто яго падбіваў злазіць у чужы сад ці гарод, і лез туды ці не першым, выказваючы пры гэтым адчайную смеласць і нават нахабства.
Аднойчы гэтая яго дурная смеласць скончылася для Яські ў поўным сэнсе слова трагічна. У час чарговага набегу на Улімін сад ён адважыўся на тое, каб ускараскацца на яблыню і натрэсці сябрукам яблыкаў з верху — самых лепшых. Натрэсці ён натрос, ды злезці з яблыні не паспеў. Уліма спарола яго кіем. Ён ужо змірыўся з тым, што той кій добра паходзіць па спіне, калі Уліма абвіла яго руку сваімі сухімі, бы кіпцюры, пальцамі. Але біць яго Уліма не спяшалася. Яна нават, наўздзіў, і голасу не падала. Моўчкі прывалакла яна Яську ў свой двор, на дрывотню, сарвала з яго сарочку і, як ён ні бараніўся, штонікі, пасекла іх сякерай на калодцы і, падаючы яму ашмоцце, сказала:
— На, дзіцятка, занясі матцы!
Божа, каб на той час у ягоных руках была тая сякера, ён бы без жалю пасек бы яе самую на калодзе на дробныя кавалачкі! Так ён ненавідзеў Уліму! Ён вырваўся з яе рук, падхапіў тое, што засталося ад ягонай паркалёвай сарочкі і картовых штонікаў, і прыпусціў не на вуліцу — голы ж! — а на гарод, з гарода — на аселіцу, а там, хаваючыся за кустоўем, крадком прабраўся на сваё гумно і, ахінуўшыся посцілкай, у якой маці зносіла з абмежкаў траву, зашыўся ў пуні ў сена. Маці знайшла яго няскора — ён, сплакаўшыся, заснуў у сене. Яна не стала яго біць, моўчкі завяла ў хату, знайшла нейкія яго колішнія абноскі, падала надзець.
А цётцы Марылі, чуў Яська, сказала неяк пасля:
— Не баба ўсё-ткі Уліма, а гадаўка! Гітлерка! Няма таго, каб крапівай адсцёбаць — адзежу пасекла...
Аднак жа лазіць у чужыя гароды Яська ад таго часу зарокся. Не паддаваўся ні на якія ўгаворы, падбухторванні, кпіны і здзекі. І сябрукі адчапіліся, пакінулі яго ў спакоі...
З прыходам нашых малыя альхоўцы жылі яшчэ троху і вайною. Тыдні са два, пэўна, у лесе, у Паддубоўі, на аселіцах паабапал Альхоўкі, а то і ў чыёй-небудзь лазеньцы пры рэчцы лавілі немцаў, што трапілі ў акружэнне і бадзяліся наўкол, не спяшаючыся здавацца ў палон, баючыся ці ўсё яшчэ на нешта спадзеючыся. Адны з іх былі ўзброены, іншыя — без зброі. Лавілі іх, вядома, дарослыя, але і яны, дзеці, прымалі ў гэтым самы актыўны ўдзел. Прынамсі, калі злоўленых немцаў — аднаго, двух, а то і пяцёх — прыводзілі да сельсавета, каб пасля адправіць далей, у раён, Яська з кампаніяй тоўпся тут неадступна. Немцы ўжо былі зусім не страшныя — абарваныя, зарослыя шчэццю, брудныя, галодныя і надта ж пакорлівыя. Яны ляжалі альбо сядзелі на траве ля сельсавета, і дзеці падыходзілі да іх блізка і пазіралі на іх смела і пагардліва, а немцы стараліся не глядзець на іх, хавалі вочы, апускалі галовы. Цяпер альхоўцы лавілі немцаў, а не альхоўцаў немцы, і Яську, як і іншым хлопцам, было весела ад гэтага, і калі, пакуль немцаў вялі па вуліцы, сёй-той з хлапчукоў мог яшчэ шпурнуць у іх грудкай ці каменем, дык ужо там, ля сельсавета, калі немцы ляжалі ці сядзелі пад старой расахатай вярбой, Яську ўжо рабілася ці не шкада іх.
Вайна, што адсунулася ад Альхоўкі далёка на Захад, азывалася ў вёсцы і пісьмамі. Яны былі і радасныя і горкія, тыя пісьмы. Горкіх, здаецца Яську, было больш. Калі раптам у адным канцы вёскі — у гаранцаў — ці ў другім канцы — у канчанцаў — ці пасярод, паблізу ад Янкавай хаты, чулася жаночае галашэнне і плач дзяцей і вёска сцішвалася, аддаючыся ва ўладу таму горкаму, няўцешнаму галашэнню і плачу, Яська ведаў, што ў Альхоўку і яшчэ нехта не вернецца з тых мужчын і хлопцаў, што пайшлі на фронт неўзабаве пасля таго, як вярнуліся нашы.
І ў іх, дзяцей, быццам хапала такту адкінуць прэч дзіцячую неразумную порсткасць і хоць некаторы час ашчаджаць тых, у чые хаты прыходзілі гэтыя жахлівыя і апошнія пісьмы з фронту.
А пасля быў Дзень Перамогі. Быў мітынг у ДСК — у Доме сацыялістычнай культуры, як тады называўся Альхоўскі клуб, што месціўся ў левай палове будынка сельсавета, быў канцэрт, у якім прымаў удзел і Яська — спяваў песню, у якой былі не зразумелыя для яго словы: «с песнями боряси побеждая», якія ён зразумеў шмат пазней, а тады спяваў менавіта «боряси побеждая», а не «борясь и побеждая», і было кіно «Мы з Кранштата», і былі танцы, і быў плач. Удовы і маці тады яшчэ не саромеліся плакаць уголас на людзях, і толькі пасля ўжо яны пакрысе прывыкалі да горкага, ціхага плачу ўначы, прыхаванага ад дзяцей, ад сямейнікаў, ад суседзяў...
І было лета, першае сапраўднае пасляваеннае лета, няхай сабе галоднае, але ж такое спякотнае, ціхае і навальнічнае лета — з ягадамі, з каровінымі сцежкамі на выгане, з духмянымі копамі ў Будзе, з вясёлкавымі пырскамі на Бачылаўскім бродзе, з «пікарам» на брукаванай Альхоўскай вуліцы ля Маслючковых, з пульхнымі горамі залацістай саломы ля новай паветкі на новым калгасным гумне.