І ідзе. А Яська яшчэ колькі часу сядзіць на лаўцы адзін і стараецца ўявіць, як будуць яны — дзядзька Паўлюк, Калюня і Тоня — без цёткі Марылі, як будзе ў іх у хаце без яе, як яны з Калюнем будуць гуляць у той хаце,— стараецца і не можа ўявіць. І яму робіцца шкада ўсіх чатырох — і цёткі Марылі, і дзядзькі Паўлюка, і Калюні з Тоняй, хоць і ведае Яська, што красці — не можна, што гэта брыдка і сорамна, што крадзе толькі той, хто пазычыў у сабакі вачэй...
А ля Маслючковых чуваць гамонка, смех, воклічы. Там, на месцы спаленай фашыстамі школы, на колішнім падмурку сярод таполяў штовечар збіраюцца хлопцы і дзеўкі. Такіх «смаркатых кавалераў», як Яська ці Калюня, хлопцы бязбожна тураць дахаты, яны разбягаюцца пад іхнімі кухталямі хто куды, але неўзабаве зноў вяртаюцца туды ж, пад школьныя таполі, на цёплыя камяні падмурка — бо дзе яшчэ можа быць цікавей! — і разыходзяцца ўрэшце толькі тады, калі нейкае ўнутранае чуццё падказвае ім, што дома, затрымайся каторы яшчэ хоць на хвіліну, чакае нешта куды горшае, чым нязлосны хлапцоўскі пляскач па рэбрах ці па ніжэйшым месцы.
Падымаецца з лаўкі Яська, ідзе таксама туды. Цішком, каб не надта вытыркацца, прыцягваць увагу да сваёй яшчэ зусім кволай у месячным сяйве постаці, шыецца за дзявочыя і хлапцоўскія спіны, хутчэй нюхам учуўшы, чым убачыўшы, што яго «смаркатая гвардыя» менавіта там. Хлопцы і дзеўкі гавораць пра цётку Марылю і Васіліну. Не гавораць, а зубаскаляць. І найбольш выскаляюцца «лётчыцы» — Зінка Аленіна, Лёдзя Маслючкова, Вера Юстыніна.
— Праўду такі кажуць пра ціхае балота,— гаворыць, пацвельваючыся, Зінка.— Ціхая-ціхая, а за мяшэчак — і ў баразну!
Лёдзя, падхопліваючы, папявае:
— А я жыта не жала, у баразёнцы ляжала...
Верка з прыхліпам смяецца:
— Во ўмлела цётка, Ксяндза ўгледзеўшы!
— Не больш, чым ты ў самалёце! — азываецца хтосьці з хлопцаў.
Верка не крыўдзіцца, заліваецца галасней:
— Ты б і сам там умлеў... А Ксяндза я не забаялася б!
— А чаго табе баяцца! Перабаялася,— хіхікае Міця Кісель.
Хлопцы рагочуць, Верка кідаецца да Міці з кулакамі, але ён не чакае, пакуль яна яго дастане, сягае ў чарноту кустоў. Верка з рогатам бліскае лыткамі ўслед за ім і, пэўна, дагнала, бо стала чуваць, як штосьці па нечым гулка заляпала. Потым Міця, відаць, выкруціўся і аблапіў Верку, і ўжо яна вырывалася з ягоных клешчаў, з тым жа сваім прыхліпам заходзячыся смехам і войкаючы. Назад яны ўжо ідуць мірна.
Нехта ўспамінае Васіліну, і ўсе дружна загаворваюць пра яе — балазе самой Васіліны на падмурку чамусьці сёння няма.
— Убачыла і паперлася як падсмаленая!
— А чаго? І правільна зрабіла:
— Так ужо і правільна! Засудзяць Паўлючыху, дык будзе табе — правільна!
— Дарма да Ксяндза пабегла...
— Ага! Трэба было, калі на тое пайшло, Гэлі сказаць ці Волесю.
— А чаму і не Ксяндзу?
— Бо Ксёндз жа!
Зноў усе рагочуць.
Смяецца і Яська. Ён, як і Калюня, як і ўсе хлопцы, не любіць участковага Ксяневіча. Не любяць яны Ксяндза і пабойваюцца. Нешта ёсць у яго паглядзе, ва ўсёй яго доўгай, хударлявай і няўклюднай — як на шарнірах — паставе, што выклікае ці спараджае хлапечую боязь. Спачатку, вядома, Ксяневіч выклікаў у хлапчукоў вялікую цікавасць. Найперш — сваёй вінтоўкай, лёгенькай і кароткай — ледзь не ў пояс яму — «галандкай». Калі Ксяневіч паяўляўся з ёй дзе-небудзь, яны навыперадкі шыліся бліжэй, каб хоць калі не патрымаць вінтоўку ў руках, дык хоць бы дакрануцца да яе. Раней, у вайну, у першы год пасля вызвалення, вінтоўкі былі ў Альхоўцы ў многіх, у Яськавага бацькі быў нават рэвальвер, а цяпер ці не ў аднаго толькі Ксяневіча і засталася, дык як жа тут прайсці міма, не падплішчыцца да яе бліжэй? Але Ксяневіч не разумеў гэтага і так аднойчы адшыў назолаў — у Яські таксама доўга смылела сцягно ад ягонага выспятка, што яны пачалі абыходзіць яго. І неўзлюбілі. І адпомсцілі яму — прыдумалі трапную і злую мянушку: Ксёндз. Наколькі была яна злой, цяжка сказаць, што датычыць трапнасці, дык тут сумнення няма, бо неўзабаве ніхто ў Альхоўцы за вочы не зваў Ксяневіча іначай, як Ксёндз. Зрэшты, ён і праўда, казалі, быў падобны на колішняга лішчанскага ксяндза — такі ж доўгі, хударлявы і занудлівы.
А што да Яські, дык ён быў цвёрда ўпэўнены: калі ў іхняй Альхоўцы здарыцца нешта кепскае — вінаваты ў тым будзе не хто іншы, як Ксёндз. Чаму так здавалася, нікому не растлумачыў бы. Але калі спачатку на вуліцы, а пасля і ад бацькі пачуў, што Васіліна сказала пра цётку Марылю Ксяндзу, Яську асабліва стала шкада яе, цёткі Марылі.
— Цемната вы ўсе,— раптам кажа Мікола Iалак, па мянушцы Прафесар Мамлок — Сачыніцель ваксы.— Красці пагана? Факт! І Васіліна правільна зрабіла. А прыбегла яна да Ксяндза ці да каго іншага — якая розніца?
Міколу ніхто не пярэчыць. Хлопцы з яго хоць і пасміхваюцца, але паважаюць. Ну, а дзеўкі ці не моляцца на яго. Мікола паперачытваў усе кніжкі, якія толькі былі ў Альхоўцы і ў навакольных вёсках, дасылае ў раённую газету заметкі — і іх там друкуюць! — піша вершы. Нездарма ж яго празвалі Прафесарам!
Яська Міколу таксама паважае. Аднак сёння ён не можа пагадзіцца з Прафесарам. Хоць ён і Сачыніцель ваксы, але — проста не ведае цёткі Марылі. Бо каб ведаў, дык так бы не гаварыў!
І Яська кажа:
— Цётка Марыля не крала, а ўзяла!
— Гэта хто? Пісар прапішчаў? — паварочваецца да Яські Міця Кісель.