— Выбачай, Паўлюк, сам разумееш...
— Разумею, Пятровіч, разумею,— ківаў галавой дзядзька Паўлюк, і цяжка было Яську даўмецца, што прагучала ў ягоным голасе — крыўда, расчараванне ці, сапраўды, гэтае самае разуменне.
Заснуць Яську ўжо не выпадала. Ляжаў у ложку з заплюшчанымі вачамі і слухаў, як бацька галіўся ў першай хаце — тупаватая, пэўна, брытва не хацела зразаць пругкую шчэць і шастала па шчоках, бы вехаць па гаршку, як пасля ён мыўся, плюскочучы і фыркаючы над вядром, як яшчэ пасля маці цадзіла малако, налівала яго ў конаўку — на сняданак бацьку, як яны аб чымсьці ціха гаманілі між сабою,— і ў другі раз за апошнія дні падумалася Яську пра бацьку з нейкай незразумелай, але, тым не меней, асязальнай крыўдай. Хутчэй нават не з крыўдай, а з горыччу. Упершыню такая недарэчная думка прыйшла да Яські колькі дзён назад, тады, калі бацька гаманіў за сталом з дзедам Волесем. І вось сёння — зноў. Што асаблівага сказаў дзядзька Паўлюк? Чаму Яську хочацца пагадзіцца з ім, а не з бацькам? Было боязна такіх думак. І рабілася да млоснасці горача ад сораму, ад трымклівай згадкі пра тое, што іх, гэтыя думкі, нейкім чынам можа падслухаць ці ўгадаць бацька,— і, бы на самой справе палохаючыся, Яська міжволі ўціскаўся ў падушку і нацягваў на галаву коўдру...
Не, думаць пра бацьку блага Яська не мог. Ён жа любіць бацьку!
Даваеннага яго Яська не памятае. Амаль не памятае. Як праз сон, прыгадваецца яму нешта іншае, звязанае з бацькам...
Прыгадваецца доўгае, чорнае, з надта ж глыбокімі кішэнямі бацькава паліто. Яно, халоднае, з намерзлымі ледзянымі крупкамі на крыссях, вісіць на сцяне ў першай хаце. Потым пад ім на падлозе ўтвараецца невялікая лужынка — калі таялі ад хатняга цяпла і сцякалі вадою тыя ледзяныя крупкі. Бачыць Яська гэтае паліто і чуе голас: «Пашукай там у кішэнях, сынку, мо што знойдзеш...» Да кішэняў з падлогі Яська не дастае. Валачэ, высільваючыся, табурэтку, узлазіць на яе з нагамі і, абапіраючыся адной рукой аб сцяну, другой лезе ў кішэню. Рука апускаецца ўніз, як у бяздонне, ажно пакуль не намацвае там шаматкі папяровы пакуначак. «Знайшоў!» — крычыць Яська. Пальцы яго ўчэпіста хапаюць пакуначак і выцягваюць на святло. Тут жа, стоячы па табурэтцы, Яська разгортвае паперу. У ёй — прыгаршчы рознакаляровых духмяных падушачак. Яська спаўзае з табурэткі, бяжыць у другую хату, узлазіць на мацерын ложак, з ложка — на ляжанку. Там высыпае падушачкі на посцілку, якой заслана ляжанка, і раскладвае іх па кучках: у адну кучку — жоўценькія, у другую — ружовенькія, у трэцюю — чырвоненькія, у чацвёртую — беленькія. З якой кучкі пачаць? З жоўтай? З ружовай? Не, так няможна. Шкада! Ён будзе браць з кожнай кучкі па адной падушачцы... Канчаецца тым, што неўзабаве на посцілцы не застаецца ніводнай цукерчыны.
А потым над Яськам схіляецца нешта вялікае — яно засланяе лямпу — і цёплае і крыху калючае, яно пахне нечым зусім іншым, чым маці, і Яська зноў чуе той жа голас, які падказваў яму пашукаць чаго-небудзь у кішэнях: «Усе з'еў? І маме не пакінуў, і бацьку ніводнай на закуску?» Яська смяецца. Хіба маці трэба цукеркі? Хіба маці ядуць цукеркі? А пра яго, вялікага і калючага, і казаць няма чаго. Ён жа вёз іх! Яны ляжалі ў кішэні яго паліто! Дык няўжо ён за дарогу ніводнай не з'еў? Не, гэта ён жартуе, няйначай лічыць Яську зусім малым і дурным...
Прыбягае з туманнай далечы і вузкая пакручастая дарога-сценка з дзвюма каляінкамі ад калёс, яна паўзе па полі ўсё ўгору і ўгору. Гэтай сценкай Яська з бацькам кудысьці ідуць. Пячэ сонца. Яськавы ногі не хочуць ісці. Бацька штораз азіраецца, падбадзёрвае яго, а то і пасміхваецца. Ад яго насмешак Яську крыўдна і балюча, ён ужо зусім не можа ісці — вось зараз сядзе ў цёплы пульхны прысак і будзе сядзець. Але ён не сеў. Не паспеў. Яго рука раптам апытваецца ў вялікай, гарачай і сухой бацькавай руцэ, бацька моцна сціскае яго руку і кажа: «Давай паспрабуем так. Я цябе буду цягнуць, а ты толькі ножкі перастаўляй. Паспрабуем?» Яська ківае галавой, і яны спрабуюць. Атрымліваецца здорава! Яськавы ногі ледзьве дакранаюцца да зямлі, невядомая сіла імкліва ўзносіць яго на вяршыню пагорка, а там дарога бяжыць-звіваецца ўніз, да кучаравага лазняку, сярод якога блішчыць-ззяе пад сонцам сажалка...
Куды яны і чаго ішлі з бацькам — Яська не ведае. Засталася ў памяці адна дарога, а яшчэ — спякотнае сонца, сухая і шурпатая бацькава далонь і тое шчаслівае адчуванне — трымаючыся за бацькаву руку, можна ісці і ісці далёка-далёка, не толькі да саджалкі, што адкрылася ўнізе, у каёмцы кучаравага лазняку, але ажно за той сіні лес на небакраі, і ісці будзе лёгка і радасна...
І яшчэ адна згадка.
У іхняй хаце — госць. Мацерын брат, а яго, Яськаў, дзядзька. Камандзір. Памятае Яська бліскучыя боты, шырокі рэмень, на рукаве — залаты вугольнік. Дзядзька ехаў да іх пятнаццаць сутак. Адтуль, дзе канчаецца зямля і пачынаецца мора. Называецца тое месца Далёкім Усходам. Чаму Усходам? Дзядзька зусім сур'ёзна кажа, што там з мора ўзыходзіць сонца. Ён прывёз Яську падарунак — шапку-кубанку. Такіх шапак ён ні ў кога дагэтуль не бачыў. Яна круглая, справа і злева ў поўсці намацваюцца кручкі. Калі гэтыя кручкі расчапіць, ззаду апускаецца заслонка, якая прыкрывае вушы і патыліцу. Шапка чорненькая, мякенькая, уся льсніцца, ажно блішчыць. Дзядзька кажа, што пашыта шапка з марскіх коцікаў. Яська не верыць. Хіба ёсць марскія каты? Дзядзька весела смяецца і кажа, што — ёсць. І малюе Яську нейкага смешнага, дзіўнага звера — з маленькай мордачкай, без вушэй і без хваста, з нейкімі кульцяпкамі замест лап. Хіба ж гэта кот? «Марскі кот»,— кажа зусім сур'ёзна дзядзька. Няхай сабе, пагаджаецца Яська, галоўнае — шапка прыгожая. Праўда, крыху яму велікаватая, але ж то не бяда: Яська падрасце. Маці ім не замінае — яна бегае то з хаты, то ў хату, грыміць на прыпеку патэльняй. А бацькі — няма, ён — на рабоце. Раптам дзядзька пытае: «А ці не схадзіць нам да твайго бацькі? Госць прыехаў, а яго няма. Дарогу ведаеш?» Яська ледзь не плача. Каб ён ды не ведаў дарогі да сельсавета, дзе робіць бацька! І праз хвіліну яны ідуць па вёсцы. Яська, нягледзячы на лета, у новай шапцы-кубанцы — хай усе бачаць, хай усе зайздросцяць! Шапка ж не абы-якая, а з марскіх коцікаў!..
Бацька сядзіць за сталом:. Угледзеўшы іх на парозе, падхопліваецца, выскоквае з-за стала. Дзядзька абдымае яго, яны цалуюцца. А Яська стаіць побач і тузае бацьку за штаны: чаму ён не бачыць, што ў яго на галаве?..
І — усё! Далей — правал. Як ішлі дадому ўтрох — не памятае. Ці доўга гасцяваў у іх дзядзька — таксама не памятае...
А па-сапраўднаму ён памятае бацьку партызанам. З той першай начы, калі бацька пастукаўся ў акно, ля якога і тады стаяў, і цяпер стаіць Яськаў ложак. Аднак жа першай ад таго стуку прахапілася маці, а не ён, Яська. Ён выскачыў з-пад коўдры ўжо тады, калі бацька ўжо быў у хаце і маці ў белай сарочцы вісела ў яго на плячах. Бацька ўхапіў і Яську на рукі, паказытаў яго шорсткімі, абсіверанымі вуснамі.
Потым, калі маці завесіла акно ў першай хаце посцілкай і запаліла агонь, Яська ўбачыў, што бацька прыйшоў не адзін, а з таварышам. Яны не распранаючыся пераабуліся — маці падала ім свежыя пакачаныя анучы, потым, зняўшы шапкі, селі за стол, маці сабрала на скорую руку вячэру. І бацька і ягоны таварыш елі прагна, на поўніцу, і Яська, мусіць, з нейкім страхам і здзіўленнем глядзеў на іх, і ці не ўпершыню тады ён скалануўся ад нечакана зробленага адкрыцця: яны былі галоднымі! І не проста галоднымі, як можа быць галодным чалавек, якому штосьці пільнае перашкодзіла своечасова паабедаць, а — згаладалымі...
Потым яны — Яська, маці і малая Зойка — яна нарадзілася ў вайну — жылі, ў лесе, у так званым цывільным лагеры, за пару кіламетраў ад лагера партызанскага, і бацьку яны бачылі часта. Ён забягаў, праўда, заўсёды ненадоўга, то адзін, то не адзін, з іншымі партызанамі; забягаў, ідучы на заданне, а часцей — вяртаючыся з задання,— стомлены, зарослы, выкачаны з ног да галавы то ў гразі, то ў снезе, і на яго шапцы-кубанцы (пасля дзядзькавага падарунка Яська ўжо ведаў, што такія шапкі завуцца кубанкамі) заўсёды трымцела шыгалле, а то альховы ці вузкі лазовы лісток. Кожнаму бацькаваму прыходу Яська бясконца радаваўся, кідаўся паліць бацьку на рукі з конаўкі, непрыкметна дакрануцца да яго вінтоўкі, а пасля і да рэвальвера — з кабурой бацька стаў хадзіць тады, як яго прызначылі палітруком роты. А маці штораз плакала, і бацька то цішком супакойваў яе, то часам злаваўся — тады, калі ён прыходзіў не адзін, калі ля ўваходу ў зямлянку яго цярпліва чакалі таварышы. Аднаго разу бацька вярнуўся паранены, і тады, памятае Яська, маці ўжо не ціха хліпала, а плакала ўголас, наўзрыд, а бацька прысядаў на параненай назе і казаў, што ў яго не рана, а драпіна, якая да заўтрашняга дня загоіцца...
Узімку, памятае Яська, яны жылі ў прылеснай вёсачцы Стайкі, у апусцелай дзедавай хаце: усю дзедаву сям'ю фашысты пагналі ў Нямеччыну. Аднаго вечара перапалохаліся ад гаманы на вуліцы. Выскачылі з хаты. Уся вуліца была запруджана партызанамі.
Сядала сонца — зыркае, няйначай на мароз, ад коней і ад людзей ляжалі па снезе доўгія блакітныя цені. І панавала наўкол нейкае радаснае, святочнае ўзбуджэнне. Людзі гучна перагаворваліся, перагукваліся, смяяліся.
Партызаны былі ў вёсцы да ночы: ва ўсіх хатах паліліся печы — варылася бульба, сквірчэла сала, ва ўсіх дварах, а то і проста на вуліцы, пры варотах, коні хрупцелі сена з вазкоў і саней. Вёска позна не лягала спаць: ажно пакуль — недзе за поўнач — партызаны не рушылі далей. Яны пакідалі Стайкі некалькімі калонамі, і паперадзе адной калоны ішоў Яськаў бацька — у белым кароткім кажушку, у белых валёнках, у белай аўчыннай кубанцы. І Яська бег поруч з ім да апошняй хаты, дзе бацька выпусціў яго руку са сваёй і загадаў вяртацца дамоў, да маці і Зойкі, а то яны будуць непакоіцца. Яська слухмяна памчаўся па прытаптанай вуліцы дахаты: там, канечне ж, хвалюецца маці! А за бацьку ён не хваляваўся. Не асмеляцца фрыцы зрабіць бацьку што-небудзь благое — вунь якая партызанская сіла пайшла разам з ім! Людзі казалі, што партызаны пайшлі граміць гарнізон у Лядах, аднак праўда гэта ці няпраўда — ніхто дакладна не ведаў. Адно ўсе разумелі, што пайшлі партызаны не на пагулянку...
Яська моцна спаў, калі ўранку партызаны вярталіся назад. Старэйшыя хлопцы расказвалі пасля, што везлі яны вялікія трафеі. Везлі і параненых. А на двух апошніх санях ляжала пяцёра забітых партызан. Яськаў бацька забягаў на хвіліну ў хату, але будзіць сына не дазволіў...
А потым яны доўга не бачылі бацькі. І нашых сустрэлі без яго. Без яго вярнуліся ў Альхоўку, у родную хату. Бацька паявіўся ў ёй на трэці, здаецца, дзень. Яська не адразу і пазнаў яго, убачыўшы ў двары: быў бацька страшэнна худы, правая рука вісела на марлевай павязцы.
Маці купала бацьку сярод хаты ў ночвах, пасля, бы малога, на руках занесла яго ў ложак і пакарміла з лыжкі. Яна ж скруціла яму цыгарку, прыпаліла яе і няўмела падала ў рот. Бацька некалькі разоў прагна зацягнуўся, а потым з няможана падаў левай рукой цыгарку маці:
— Затушы, Паўліна, не магу... Галава кружыцца, у вачах усё плыве...
Яны ўтраіх — маці, Яська і Зойка — сядзелі ля яго, а ён, часта і неглыбока дыхаючы, расказваў:
— Сілы ўжо не было. Тры дні назад з'елі па апошняй жменьцы аўса. Вусны засмяглі, запякліся, патрэскаліся, па горле нібы хто таркай дзярэ... Санлівасць апанавала. Адно — каб легчы і не ўставаць... А зверху самалёты... Многа яшчэ пагінула там, на Паліку... Ну, і пайшлі на прарыў. Усе беглі, і я бег. Адно думаў — каб не ўпасці. Бо калі ўпаду — не падымуся...
Там бацьку параніла. У руку ніжэй локця трапіла разрыўная куля. Болю, пакуль бег, не чуў, казаў, адно толькі млоснай гарачынёй залівала вочы.
Яго пасля, як партызаны сустрэліся з нашымі, хацелі адправіць у шпіталь — настолькі быў знясілены і хворы. Але бацька ўпрасіў адправіць яго дадому. Просьбу ўважылі. Агледзелі рану, перавязалі, і бацька на машыне даехаў з байцамі да Лішчыц. Адтуль, адпачываючы, прыбрыў пешкі...
Сіла да бацькі вярталася марудна. Маці з ног збівалася, каб расстарацца чаго пакарміць яго. А яшчэ бяда — не хацела загойвацца рана. Некалькі разоў, памятае Яська, прыязджаў да іх з Лішчыц стары фельчар Сянкевіч, глядзеў бацькаву руку, цмокаў языком і гаварыў, смешна круцячы галавой:
— Я ўсяго толькі фельчар, усяго толькі фельчар...
А аднаго разу зусім быў напалохаў маці: