Вярнуўшыся ў хату, ён гэтак жа, як быў, у ніжняй сарочцы прысеў да стала, па другі бок ад дзядзькі Паўлюка, закурыў. Запалка на хвіліну выхапіла яго твар у рыжаватай шчэці, калматыя бровы, прыліплыя да лоба рэдкія, ужо сівыя валасы. Потым свяціўся ў змроку толькі агеньчык цыгаркі, а калі бацька зацягваўся ёю, на кароткае імгненне выхопліваліся з цемры шчокі і кончык носа.
— Што рабіць, Пятровіч? — кашлянуў у кулак дзядзька Паўлюк.— Скора суд, кажуць, будзе.
— А ўжо нікуды не дзенешся, будзе,— адказаў бацька.
Дзядзька Паўлюк уздыхнуў, шмаргануў нагою па падлозе — пэўна, схаваў, як заўсёды тое рабіў, сваю кавялу пад лаву, прамовіў:
— Дык я ж і кажу...
Бацька маўчаў.
— Ты ж мяне, Пятровіч, ведаеш. І раслі разам, і як хлапцамі былі, і ў вайну во... Ну, ты ў лесе быў, я — тут, але ж не выракаўся, памагаў чым мог...
— Гэта я ведаю, Паўлюк...
— Ведаеш, Пятровіч, чаму ж не ведаеш,— дзядзька Паўлюк як павесялеў ці пасмялеў.— Ты ж, Пятровіч, братка ты мой, і мяне і Марылю маю... Ці ж я калі каліва чаго?.. А цяперака во, га? Суду чакаем, Пятровіч! Яна плача, а мне што рабіць? Што, Пятровіч, братка ты мой?
Бацька курыў, маўчаў. Доўга маўчаў. Ажно Яська наструніўся ўвесь у чаканні, калі бацька скажа што-небудзь. Урэшце ён, бацька, зноў высвеціўшы кончык носа і плямкі шчок з куточкамі вуснаў, сказаў:
— Храновае дзела, Паўлюк! Перамяніць тут што... Чаму ты адразу да Ксяневіча не пабег? Можа б, ён не так крута...
Дзядзька Паўлюк як махнуў рукой:
— Дык калі ж... Што да таго Ксяндза ісці, Пятровіч? Ці ж ён, як той казаў... Я да Волеся схадзіў, да цябе во...
— Што — я, што — Волесь! Ксяневіч мне сказаў тады, як паперы напісаў і падпісаў! Па закону ўсё, кажа! — бацька, бы забыўшыся на Яську і Зойку, адказаў грамчэй.
Дзядзька Паўлюк раптам усхліпнуў:
— Гэта я ведаю, Пятровіч... Па закону... А, не дай бог, здарыцца бяда тая, дык мне што? Як быць? З канюшняй, з дзецьмі, з усім?
Бацька падняўся з-за стала, пайшоў за шафу, узяў там гімнасцёрку. Нацягваючы яе праз галаву, глуха сказаў:
— Зразумей і мяне, Паўлюк. Гаварыў я з Ксяневічам. Ведаеш, што ён мне сказаў? Ні ў якую! Яшчэ і голас узвысіў. «Ведаем мы гэтую партызанскую ўсёдаравальнасць!..» Ведае ён яе, партызанскую ўсёдаравальнасць... Мы нічога нікому не даравалі. Падчас нават звычайнай чалавечай слабасці...
— Дык жа, Пятровіч, цяперака ж не вайна!
Бацька абарваў яго:
— А можа, і вайна, Паўлюк! Вораг як быццам невідочны, а перамагчы яго ці лягчэй?
— Які вораг, Пятровіч? Пра што ты, братка?
— Шмат ворагаў, Паўлюк. Голад той самы, рэзрух суцэльны, бядота наша... За што найперш брацца — галава кругам ідзе!
Дзядзька Паўлюк знячэўку ўскочыў з лавы, хапіў бацьку за руку:
— Дык гэта самае... Гэтага, як ты кажаш, Пятровіч, ворага трэба іначай адольваць. Злагадою, ласкаю, ядынасцю ўсіх...
Бацька, абцягваючы на жываце і клубах гімнасцёрку, сіплавата, глуха, як з грудзей, дадаў:
— І строгасцю, Паўлюк! І строгасцю. Ласкі на ўсіх не хопіць.
— А трэба, каб хапіла, Пятровіч! Пасля такой вайны трэба, каб хапіла... Каб акрыялі людзі, адагрэліся... Каб душа іхняя на месца стала, а не матлялася, надарваная... Эх, Пятровіч, братка ты мой!! Пайду я,— нечакана скончыў дзядзька Паўлюк.— Да коней трэба...
У хаце ўжо шарэла, і Яську ці відаць было, ці толькі здавалася, што на твары дзядзькі Паўлюка блукала нешта накшталт збянтэжанай усмешкі. Ён памуляўся троху, як не ведаючы, падаваць бацьку руку на развітанне ці не падаваць, і ўрэшце не падаў — пайшоў ціха да парога, валочачы па падлозе свой вывернуты, абуты ў чунь ступак.
Бацька ішоў за ім, быццам праходзячы. Ля парога, напаследак, сказаў: