І гэта таксама чамусьці развесяліла людзей і зняло дарэшты першапачатковую напружанасць, і ў натоўпе ўжо весялей пачалі перашэптвацца, пераміргвацца, кпінкавацца — ад аднаго да аднаго перадавалася спадзяванне, што ўсё скончыцца добра.
І ўсе, ад малога да старога, былі ўражаны, не паверылі вушам сваім, калі са сцэны пачулася:
— ...заслугоўвае суровага пакарання... да двух гадоў пазбаўлення волі...
Цётцы Марылі далі год. Ксяневіч павёз яе ў раён...
Недзе праз тыдзень, познім вечарам, калі Яська ўжо лёг, бацька, седзячы за сталом у воблаку тытунёвага дыму, ціха сказаў маці:
— Зайдзі заўтра, Паўліна, да Паўлюковых, забяры дзяцей.
Маці, прыхінуўшыся спінаю да цёплай грубкі, нешта вязала кручком пры газоўцы. Яна падняла галаву ад вязання, паўзіралася ў бацьку ад святла ў прыцемак, дзе ён сядзеў, перапытала:
— Ты нешта сказаў, Сцёпа? Якіх дзяцей, ці я недачула?
— Тое, што чула. Трэба, Паўліна! Дзе двое, там і чацвёра. Вошы пойдуць, кароста абсядзе... Паўлюк не дасць рады...
Маці рашуча закруціла галавой:
— Не, Сцёпа! І не думай! Свае галодныя, а ты...
Бацька ўздыхнуў, ціха паўтарыў:
— Трэба, Паўлінка. Як ты не разумееш!
Маці загаварыла галасней:
— Я ўсё разумею! Але — і не думай! Гэта ж не ката ўзяць, Сцёпа! Ты падумаў, што кажаш? А захварэе, не дай бог, каторае? Ці яшчэ што якое... Ты пра гэта падумаў?
— Усё будзе добра, Паўлінка. Неяк пракідаюцца разам з нашымі. Хоць малака кубак будуць мець... Не мог я нічога зрабіць, каб Марылю ўратаваць, дык...
Адклала маці ўбок вязанне, пайшла да бацькі з газоўкаю ў руках, паставіла на стол, сама села насупраць, узлегла грудзямі на стальніцу, ашчаперыла рукамі галаву:
— Не, Сцёпа! Не магу! Не і не! Хай сваякі каторыя...
— Няма ў іх сваякоў, ты ведаеш.
— Ну, а мне што да таго? Чаму я?
— А хто?
Маці памаўчала. Маўчаў і бацька.
— Я ж не жадала Марылі зла. Памагала заўсёды чым магла. Але ж, Сцёпа, як гэта? Дзеці чужыя ў хаце... Не, Сцёпа! Пагарачыўся ты... А што людзі скажуць?
— Анічога, маці. Людзі зразумеюць. Інакш я не магу. У тым, што здарылася, і мая віна ёсць... Я ўжо сказаў Паўлюку...
— І што ён?
— Ні ў якую! Кажа: «Не буду цябе падводзіць, Пятровіч...»
Маці ўспляснула рукамі:
— А што я казала? Паўлюк і той разумее, а ты...
Бацька апусціў сваю руку на мацерыну руку, прыціснуў яе да стала:
— І мы разумеем, Паўліна. Мы з табой заўсёды разумелі адно аднаго...