І пачала яна хадзіць у брыгадзірах. Цяпер успамінаць тое і горка, і смешна — ужо як і не верыцца, што была яна брыгадзіркай. Але ж — была! Хто можа забыць, а толькі не яна. Гэта ж не было за што рук зачапіць. Ні ўзараць, ні пасеяць. Жыта па зернейку збіралі той першай восенню. А вясной зноў па хатах хадзіла, упрошвала жанчын, каб адшкадавалі бульбы хоць па кошыку...
Ат, што цяпер тое ўспамінаць! Каму гэта ўсё цікава? Хіба што такім, як сама яна, Тацяна. Бо маладзейшым іншае ў галаве. Ім што? Было дык было, даўно быллём парасло. Ці казку ім расказвай, ці праўду кажы — пасміхваюцца толькі. Алёшка во — усё дурыў галаву з матацыклам: вось добра б было, не трэба ў аўтобус ціснуцца, калі захацеў, тады і падскочыў у сяло... І купіла ж! Думала, каб дзешавейшы які, а ён сваё:
— Не, мама, калі ўжо купляць, дык каб машына была, не драндулет...
Шэсцьсот, здаецца, вылажыла. Гэта ж і нядаўна зусім было, вясной леташняй, а во ўжо, Рыта кажа, на машыну паквапіўся. Няўжо праўда?
Не ішоў сон да Тацяны. Ніяк не ішоў...
Чацвер, 29 чэрвеня
Але ж і світае хутка ў чэрвені! Толькі, здаецца, пашарэла ў хаце, а ўжо, глядзі, і сонца выкаціцца. Гэта ж нейкіх хвілін пяць назад не магла даўмецца, што там вісіць, між шафай і вушаком, нічога ж, здаецца, не вешала, узіралася ў ранішнюю ці то яшчэ начную бялёсасць, што панавала ў хаце, і не магла разгледзець, а вось ужо зусім добра відаць — халацік Рыцін. Вунь, гузікі нават відаць — матава-беленькія, з дзвюма дзірачкамі, і жоўценькія кутасікі на кішэнях, і такая ж жоўценькая аблямовачка на каўнерыку, на крыссі.
Адкінула яна коўдру, спусціла ногі на падлогу, намацала тэпці. Адчула нагамі мяккі, цёплы ворс і ў каторы ўжо раз падумала-пасміхнулася сама сабе, што гэтая гарадская завядзёнка з тэпцямі зусім і неблагая. Гады, мусіць, са тры назад купіла сабе гэтыя тэпці — скураныя, на тоўстай мяккай падэшве і з ворсам усярэдзіне. Добра ў іх і па хаце тупаць, і можна ўлетку, як суха, на двор выйсці.
Зірнула на нявестку, на Алачку. Рыта спала, па-дзіцячы падлажыўшы руку пад шчаку. Унучка ж з-пад коўдры вылузалася, на жывоціку спіць, абняўшы падушачку ручкамі. Падышла Тацяна да ложка, малую прыкрыла, ціхенька ўздыхнула. Падумала была пра Рыту: вось спіць сабе і не чуе, што дачушка побач акалела ўся, голенькая. Ды зірнула зноўку на нявестку, і нейкая цёплая хваля падкацілася да сэрца:
— Матачка ты матачка! І сама яшчэ дзіця горкае. Прыехала пажаліцца, і не да мамкі роднай, а да...
І варухнулася ў яе, Тацянінай, галаве думка: не дасць яна Рыты ў крыўду! Як яно будзе, што там на самой справе ў яе з Алёшкам зрабілася, а — не дасць!
З гэтаю думкаю выйшла ў першую хату, асцярожна прычыніўшы за сабою дзверы: хай паспяць яшчэ.
Раніца пачыналася для яе звыклымі, заўсёднымі клопатамі. Падаіла Падласку і прагнала яе ў поле, малако працадзіла, з Шулячыхай троху пастаяла, як вады хадзіла, пасля бліны ўчыніла — і Рыта, і Алачка любяць іх з маслам, бульбы саганок наабірала — «мо з'ядуць з кіслым малачком», схадзіла пад паветку, прынесла дроў, у печы злажыла, нават трэсак падклала — пасля астанецца толькі сярнічку паднесці, урэшце, абуўшы гумовікі, пайшла ў гарод — пакуль спаць будуць яе госці, прабяжыць яна па барознах, аправіць бульбу па ранішняй волкасці.
Гэта ж самае рабіла яна і ўчора, і заўчора, гэтым былі заняты ўсе яе ранкі,— да той пары, калі будуць ісці на работу жанчыны і гукнуць яе з вуліцы, і тады яна, Тацяна, укусіўшы што на скорую руку альбо і так, нашчаком, укіне ў праводчык сяней замок, ключ ад якога згубіўся яшчэ ці не пазалетась, кінецца іх даганяць. Аднак сёння рабіла яна ўсё як няўцямна, без адчування таго, што гэта трэба рабіць, а з нейкаю не то абыякавасцю, не то роспачнасцю — трэба ж нешта рабіць! Непрыемна, надакучліва паколвала ў скронях — бы там хто малаточкамі стукаў, смактала пад грудзямі. Мо ад таго, што амаль не спала? А мо ад думак гэтых неадчэпных? Без ахвоты і смаку, а так, з надзеяй, што будзе лепш, сербанула колькі льжак сыраквашы — перад тым як ісці ў гарод, але ўсё адно было млосна, усярэдзіне як пякучка пякла. Рачкавала ў бульбе, кідала ў кошык, абрываючы карэньчыкі, зелле і паламанае каліўе бульбоўніку — будзе ў абед што свінчаці даць, корпалася ў пульхнай і цёплай з начы — ажно дзіўна — зямлі, а ў галаве доўжыліся-снаваліся тыя ж, што і ўначы, думкі-згадкі...
Брыгадзірства яе пачалося са... школы.
Да вайны ў іхніх Жылічах была добрая школа. Перад самай вайной і збудавалі яе — вялікі, прасторны будынак на месцы былой воласці, сярод старых, высачэзных таполяў. Яна, Тацяна, ужо і не хадзіла ў тую новую школу, у старой адвучылася, дзе было ўсяго тры класы, а ў новай — ці не ўсе сем і настаўніцкая. Добрая школа была! Надта па-людску і дарэчы ўсё было даведзена: і выфарбавана, і выбелена, вакол нізенькі штыкетнічак пастаўлены, вапнай пабелены, масткі драўляныя ад вуліцы да ганка і на двары школы пракладзены. Тацяне здаецца, што і ва ўсім раёне лепшай школы не было.
І трэба ж — згарэла новая школа. У першы ж дзень, калі праз сяло немцы ехалі. Спыніліся яны ў школе ці на адпачынак, ці на нараду якую, ненадоўга, мо на гадзіну, а як паехалі, дык пакуль людзі на вуліцу павылазілі, пакуль агледзеліся, школа палала — не падступіцца. Амаль нічога і не ўратавалі. Адно — парты ацалелі. Іх павыносілі на лета ў двор, каб дзе каторую падрамантаваць і перафарбаваць. Неўпрыкмет людзі парасцягвалі парты па дварах. Хто ў гародчыку цэлую паставіў, а хто, адрэзаўшы і пашчапаўшы на дровы сталы з вечкамі, пакінуў для якой патрэбы толькі лаўкі са спінкамі. Памятае яна, Тацяна: тады, у вайну, ледзь не ля кожнага ганка стаяла лаўка — ці вядро вады паставіць, ці калі і самому прысесці.
Ну, а тады, у сорак чацвёртым, як нашы прыйшлі, вырашылі адкрыць школу ў хаце Данілы Лобіка. Быў у Жылічах кулак такі — Даніла Лобік. Як калгас арганізоўвалі, яго з сям'ёй вывезлі — казалі, у Котлас. Яна добра помніць, як забіралі з Лобікавага двара дабро. Шмат вазоў было ўсяго: і жыта, і бульбы, некалькі панарадаў новых і саней, вопратка розная, палатно. Але найболей запомнілася, як рагаталі людзі, калі з гарышча Лобікавай хаты знялі ці не тры капы пяньковых і лыкавых лапцяў. Цэлы панарад з коптарам накідалі! І яна, Тацяна, рагатала разам з усімі, а чаго — дык і не ведае. Мо ўжо і тады разумелі людзі, якое гэта багацце — лапці, няхай іх і тры капы?
Лобікава хата была вялікая, на дзве палавіны. Між імі былі сенцы — без падлогі, але з печчу. Зрабілі ў хаце пасля калгасныя яслі. У сенцах была кухня, на адной палавіне дзеці абедалі і гулялі, а на другой — спалі: уздоўж сцен пароблены былі тапчаны-палаці.
У вайну хата ацалела. Нават і страха не надта каб цякла. Адно што лежакі на гарышчы папрэлі, паразвальваліся. Вось у ёй, былой Лобікавай хаце, і надумаліся адчыніць школу. Часу да верасня аставалася мала, а на падлогу дзяцей не пасадзіш. І тады нехта ці не з падлеткаў успомніў лаўкі са спінкамі, што стаялі ледзь не ў кожным двары. І то праўда! Сабраць тыя лаўкі, пазбіваць з дошак сталы-казлы — хай яно і не вельмі, але вучыцца можна.
Чаму даручылі сабраць па сяле тыя лаўкі ёй, Тацяне, яна і сама не ведае. Пэўна, не было каму. Дырэктар школы, калі не забылася, быў прызначаны ўжо — хворы на сухоты Антон Трухан, па мянушцы Квочка. Які там настаўнік быў з яго. Да вайны скончыў у суседняй Гайнаўцы дзевяць класаў. Ну, але ж тады і такіх няшмат было. Хлопец ён, праўда, быў начытаны, болей за яго ці прачытаў хто тых кніжак у Жылічах. Ён і ў вайну кніжкі чытаў. Пайшоў быў у партызаны, але прабыў там нядоўга — прастудзіўся ў лесе, і яго, ледзь жывога, прывезлі да маткі. Ён, мусіць, і павінен быў збіраць тыя лаўкі, але ўсё ў раёне прападаў, каб кніжак якіх ды сшыткаў расстарацца. Мусіць, таму і сказаў ёй Качан:
— Запражы Дэраша, ён дужэйшы і спраўнейшы, і праедзь па сяле. У каго ўгледзіш — забірай! Раз яны казённыя, дык, дзела такое, не цырымонься.
Яна і паехала. Памочнікаў у яе сабралася — ці не цэлая рота: ад пяцігадовых жэўжыкаў, якім яшчэ і не да школы было, да падлеткаў, што і яе, Тацяну, перараслі. Дык яна сама нават і на двор ні да кога не заходзіла. Хлапчукі навыперадкі адзін перад адным усё абшныпараць: і двары, і дрывотні, і загуменні. Ды людзі і самі выносілі тыя лаўкі.
Адзін толькі Гэрц гвалт падняў. Калі дзеці панеслі з яго двара лаўку, ён выскачыў на вуліцу, размахаўся перад Тацянай кулакамі:
— Ты мне, гэрц, свае партызанскія замашкі не паказвай!
Яна сумелася ад неўспадзеўкі такой, але не стрывала:
— Гэта ж не тваё, дзядзька, школьнае!
Але Гэрц разышоўся:
— Ведаю, што школьнае, але на маім двары стаіць, і ты без спросу не руш! Начальніца мне, гэрц!
Што з таго Гэрца возьмеш? Гэрц і ёсць Гэрц. Змалада хваробу сабе займеў — грыжу — і насіўся з ёй, як дзіця з цацкай. Праз гэта, пэўна, і дзеўкі яго ганьбілі, бо ажаніўся Гэрц позна, ці не пад сорак гадоў, і прывёз сабе жонку аднекуль здалёк — маўклівую, быццам рыба, і непрыгожую, рабатую Марылю. Яе ў сяле, пэўна, на здзек, Лялькай ахрысцілі. Іначай ніхто і не зваў. Адно яны самі сябе па імёнах звалі: яна яго — Алісейкам, ён яе — Манюняй. А ўсе — Гэрц і Лялька. І за вочы, і ў вочы. А яны і не крыўдавалі, адгукаліся. Яна, Тацяна, спачатку спрабавала была зваць яго дзядзькам Алісеем, ды часта забывалася і, бачачы, што яму тое ўсё роўна, перастала пільнавацца. Гэрц, як яна памятае, ніколі нічога ў калгасе не рабіў. Ды і дома болей адседжваўся, каб калі вядро вады Ляльцы прынёс. Калі што хто казаў часам, чаму ў калгас на работу не ходзіць, Гэрц уздыхаў і ледзь не са шкадаваннем казаў: