Ляжала моўчкі, сцішана, похапкам, бы рыбіна тая, дыхаючы, аж пакуль Зоня не паднялася. Але адразу да дачкі не азвалася — счакала, пакуль тая на двор схадзіла. А як зайшла ў хату, падала Гануля голас:
— Нешта мне, дачушка, зноў не тое. Усё баліць, і бакі і грудзі, як быццам мяне бык пакачаў рагамі.
— Я ж казала, мама, паляжаць трэба было. А табе ўсё не церпіцца... Чаго было на вуліцу цягацца? І хто цябе прасіў Лысуху даіць? Ці ж бы сама не ўправілася? — Зоня, апранаючыся за перагародкай, гаварыла, як заўсёды, зласнавата.
— Хто ж бо ведаў, дачушка? Здаецца ж, адпусціла было,— Гануля як апраўдвалася.
— «Адпусціла, адпусціла...» — перадражніла дачка.— Як малая! — Зоня выйшла ўрэшце з-за перагародкі, зірнула ў баковачку за грубку, дзе спала маці.— Мо Соньку схадзіць паклікаць?
— Хто ж яго ведае. Мо і дала б якіх кропель ад дыхаўкі... Але ты не рупся, дачушка. Рабі што снедаць, парсюку занясі, курам дай... А Соньцы скажаш, як на работу пойдзеш. То ж не к спеху. А мо і так аддыхаюся.
— «Аддыхаюся, аддыхаюся!» — зноў перадражніла матку дачка. — Не надарвецца твая Сонька, калі і прыйдзе! Схаджу ўжо.— Зоня крутнулася, каб выйсці.
— Не рупся, кажу! — Гануля быццам таксама ўсердавала.— Рабі во па хаце, а то, як заўсёды, паснедаць не паспееш, на хаду будзеш дакусваць. А да Сонькі і Кастусь сходзіць, як падымецца. Чуеш, сынок?
Кастусь, нечакана для Ганулі, адгукнуўся адразу ж:
— Чую, не сплю ўжо...
Зоня, нічога больш не сказаўшы, пайшла ў першую хату. Гануля чула, як яна бразнула вядром, як пасля рыпнулі дзверы і ляпнулі веснічкі — дачка, пэўна, пайшла да калодзежа. Некаторы час у хаце было ціха. А потым нечакана прарэзліва рыпнулі і застагналі спружыны — падняўся, абуваў боты, седзячы на ложку, Кастусь. Ён цяжка пратупаў па хаце, прарыпеў маснічынамі ў сенцах, выходзячы на двор. Да маці больш не азваўся, і Гануля, лежачы ў лонжу, думала, ці сын зоймецца чым-небудзь у двары, ці адразу пойдзе па Соньку...
На душы трывогі ці страху не было. Ці ж яна і праўда малая? Сонька, хоць і фельчарка ўсяго, а не дакторка, дзяўчына сур'ёзная. Нездарма ж людзі кажуць, што не горай за якога доктара лечыць. Той раз прыйшла, паслухала, на руку анучку чорную наматала, таблетак дала і піць нешта, дык ёй, Ганулі, аб дзень палягчэла. Хай і сёння прыйдзе, мо таксама паможа.
Але ведала Гануля і іншае: што ёй ужо тыя лекі і трэба, і не трэба. Прыйшла, мусіць, і яе пара. Міхаліна вунь — яшчэ летась прыбралася. А яна ж, Гануля, ці не старэйшая за яе. Ды пэўна ж старэйшая! Як Міхаліна за Тодара свайго ішла, дык яна, Гануля, ужо з Васілём пабраўшыся была. А бо, ці ж яна не помніць! На вяселле да Міхаліны яна ўжо з Алёшкам на руках прыходзіла, і Алёшку ўжо ці не гадкі два было. А Міхаліне, як памерла, было, казалі, семдзесят восем. Дык жа ёй тады ўжо ўсе восемдзесят. І так, дзякаваць богу, пажыла. І на здароўе не жалілася.
Яно, вядома, усяго было, але яна не прывыкла скардзіцца. Ды і не было каму. Васіль і замалада не надта шанаваў яе, як іншы мужык жонку. І да гаспадаркі не вельмі каб упадаў — усё больш стругаў-габляваў. Ці граблі каму трэба былі, ці касу асадзіць — усё да яго ішлі. Праз гэта мо і да чаркі лішні раз прыкладваўся. А яна і з сярпом, і з канём. А пасля, пры калгасах ужо, дык ён і зусім ад дому адбіўся: брыгадзірам зрабілі. Дняваў і начаваў то ў полі, то на канюшні, то на таку.
Мо ён, Васіль яе, і не быў бы такім, калі б не бяда тая чорная, што як трасца якая прыслепілася да іх: дзеткі адно за адным паміралі. Алёшка, першынец яе, на пятым годзіку зайшоўся з крываўкі. А за ім і Толічак, і Антоська, і Васілёк. Не памагло і тое, што далі сыну бацькава імя: гэта ж кажуць, што на жыццё. Ацалелі во толькі апошнія — Кастусь і Зоня.
Яна ўжо была і душой акрыяла — і Кастусь вышэй бацькі вымахаў, і Зоня ў нявесты бралася. Дык, як на тое, другая бяда звалілася. Васіль у самай сіле памёр. За год да вайны. Прыйшоў неяк абедам з поля. Якраз на другі дзень спасу. Яна хлеб у той дзень пякла. Улад з новага жыта. Васіль і дарваўся да тога хлеба. Некалькі лустаў — яшчэ гарачага, пара ішла — з маслам з'еў, паверх конаўку малака перакуліў. А надвячоркам жывот яго ўзяў. Памучыўся ноч і памёр. Ад завароту кішок. Гэта стары Мароз так сказаў. А іншыя баялі, што ад свежага хлеба. Быццам той хлеб кішкі Васілю парваў — бы рошчына, што, падыходзячы, з дзяжы лезе. Тады ж не ведалі, як зараз, каб «хуткую помач» з раёна вызваць. Забалеў жывот, дык што ж там такога? Пабаліць і пройдзе. А яно і не прайшло...
Засталася яна ў хаце з Зоняй, бо Кастусь, пры бацьку яшчэ, але тым жа годам, у армію служыць пайшоў. На смерць бацькаву не прыязджаў. Старшыня, Сымон Баўтрукоў, казаў адбіць тэлеграму, але што з тае тэлеграмы, калі Кастуся так далёка заслалі, ажно ў Сібір недзе, што ехаць тыдзень трэ было, а гарачыня стаяла, каб і хацеў, дык не ўтрымаеш нябожчыка столькі часу ў хаце.
Не паспела яна звыкнуцца з доляй удовінай — як вайна. Гаварылі пра яе ўсё, гаварылі, але ж як папраўдзе, дык ніхто і не чакаў. Нават той Сымон Баўтрукоў хоць і ведаў, пэўна, болей, чым хто-небудзь, а і ён да апошняга дня супакойваў людзей. Усё казаў: «Дадуць немцу па зубах, дадуць...»
Яшчэ ў той дзень, як немцы ў сяло прыйшлі, Сымон зранку казаў, што быццам затрымалі, спынілі немцаў, што сюды, да старой граніцы, яны не дойдуць. А граніца да вайны была ад іх зусім недалёчка, каля Вяпратаў. Ды, пэўна, нічога не ведаў і Сымон, дарма што старшыня. Пад абед пабачылі людзі, быццам нешта запыліла ў тым баку, дзе Вяпраты. Няйначай як машыны пыл паднялі. Ва ўсіх усярэдзіне ўсё абарвалася: немцы пруць! Адзін Сымон толькі і не верыў. Яшчэ і пасміхаўся: «Якія немцы! Гэта наша жалезная дывізія манеўры робіць...»
А праз нейкую гадзіну на вуліцы немцы гергеталі. Пасля, як праехалі яны, мужчыны кпілі з Сымона: «Вось твая і жалезная...»
У той жа дзень, помніць Гануля, і калгас падзялілі. Не надта, праўда, яго і дзялілі. Сымон паспрабаваў быў гаварыць, каб па-людску, без спеху абрахаваць усё, дык дзе там! Знайшліся гарладзёры, што і слова сказаць яму не далі. Так і сталася, што хто спрытнейшы і дужэйшы, дык той і ўрваў.
І з крамай тое самае. Яе, праўда, спачатку немцы абчысцілі — якраз з таго боку ехалі, дзе крама за сялом стаяла. А як паехалі з сяла, дык ужо і людзі, каторыя больш прагавітыя, туды рынуліся. Паспелі і солі некаторыя нацягаць, і газай заліцца. Яна, Гануля, прыбегла туды ў свіныя галасы. Адно што комінак да лямпы знайшла. Несла яго дадому і ўсё дзівавалася, як яго не раструшчылі — там жа столькі ног перабывала.
Той комінак ляжаў у яе на паліцы ці не гады са два, ажно пакуль партызаны не папрасілі. Гэта ж, пэўна, ужо ў сорак трэцім, пасля першай блакады. Казалі, што ніводнай лямпы ў іх не ацалела, пры «смаркачках» сядзяць.
Хай яе людцы ніколі больш не ведаюць, вайны той! Гэта ж цяпер, як столькі гадоў мінула, дык ужо быццам і не верыцца, што ўсё тое было. Маладыя, каторыя пасля вайны нарадзіліся, дык і зусім як дурныя. Для іх каторых тое — смешачкі. Бабы пачнуць на вуліцы ўспамінаць пра вайну, дык каторае дзяўчо адно выскаляецца-рагоча. Надта ж ёй смешна, што нябожчыца Антаніна, пералякаўшыся, уцякла ў лес з калаўротам — так ашалела баба... Ды што хацець з таго дзяўчаці, калі і стары каторы быццам забыўся ўжо, як людзі ў лясах хаваліся, як хаты, бы свечкі, палалі, што і галавешак не аставалася, як стары і малы пад смерцю хадзіў.
Цяпер загамоняць бабы, а часам і мужчыны, пра тое, дык усе здзіўляюцца, чаму гэта тады так сабакі па вёсках вылі. Ужо быццам і няўцям тое. А вылі ж, бо гарэла ўсё наўкол. Гэта ж ці была калі ноч спакойная, каб без зарыва. А сабакі ж заўсёды па пажар выюць. І на смерць людскую...
Іх сяло неяк выстаяла ў вайну, толькі некалькі хат згарэла, тыя, што за рэчкай стаялі. Хаты ацалелі, дык затое ўсё іншае немчура пападчысціла. Дзе якая адзежына была прыхавана ці дабро якое, усё папазнаходзілі, павыпорвалі, з-пад зямлі павыкалупвалі. Але ж вось дзіўна! Цяпер баба каторая анучыны пашкадуе, не выкіне, а на плот павесіць — мо прыдасца калі, а тады нічога, здаецца, не шкадавалі. Ліха з ім, з дабром, самім бы ацалець! Як пройдзе чутка, што немцы едуць, дык уцякалі ў лес, у балота адно ў чым былі. Калі хто і хапаў што з сабой, дык зрэдзь часу — абы-што, як тая Антаніна калаўрот...
Уцякала ў лес і яна з Зонай. Укінуць у торбу акраец хлеба, конаўку якую — і бегма напрасткі, праз аселіцу, у Банадысёў расцяробаў а адтуль, балотным хмызом, у Панізоўскі лес. Сёй-той і не ўцякаў, спадзеючыся, што неяк абыдзецца. Сусед іхні, Дамянік Папкоў, казаў: «А чаго я ўцякаць буду? Я ў начальства ніякае не лез, што яны мне зробяць? А забяруць што з жыўнасці ці з дабра, дык і так забяруць...» А яна, Гануля, не рашалася аставацца. Адно што брыгадзірства Васілёва помніла — а раптам хто звягне пра тое? — і проста так баялася. Найперш — за Зоню. І немцам тым, і паліцаям веры няма. Звяры, а не людзі. Як, звера стрэўшы, не ўгадаеш, што ў галаве ў яго, так і гіцляў тых. Ёй, старой, трасцу яны зробяць, не ўкусяць, адно — забіць могуць, а з дзеўкай маладой? Не, лепей далей ад іх. Вось яны і ўцякалі. У лесе было неяк надзейней. А нашто разумны Дамянік даседзеўся аднойчы, што абодвух яго хлопцаў — Грышку і Анціпа, пагодкаў, аднаму пад шаснаццаць бралася, а другому пад семнаццаць — злапалі і ў Германію пагналі.
Аднаго разу, думала, і Зоню яе той жа лёс напаткае. Тады немцы знянацку сяло ачапілі, ніхто не паспеў нікуды адбегчыся. Яны: з Зоняй сунуліся былі за гумно, а на іх з-за пуні немец з аўтаматам: авэк, цурук!.. Сагналі ўсіх на выган, пад капліцу, і пачалі сартаваць: маладых у адзін бок, а старых з дзецьмі — у другі. Усе ўжо і прашчацца пачалі: вядома, маладых у Нямеччыну пагоняць, а старых і дзяцей тут жа, ля капліцы, паложаць з кулямётаў.
Ды неяк на той раз бяда прайшла бокам. Маладых, хлопцаў і дзевак, пагналі, праўда, у Гіневічы, у гарнізон, каб адтуль у Мінск на машынах везці, але ўвечары на Гіневічы наляцелі партызаны і ўратавалі ўсіх. Хлопцы тыя ці не ўсе, а за імі і дзеўкі каторыя, у лес разам з партызанамі падаліся, а Зоня яе дадому прыйшла. Надта ж нясмелая дачка была. Без маткі — ні кроку. Праз тое і ў дзеўках, пэўна, асталася. Бо каб жа не ўцякла тады з горада, дык, можа, і чалавек які б знайшоўся...
Ачомалася Гануля ад думак, учуўшы ў першай хаце галасы. Прыслухалася — Соньку пазнала. Значыцца, схадзіў Кастусь, наказаў. Хацела падняцца, каб хоць валасы троху прыгладзіць, а фельчарка ўжо і тут, у яе баковачцы-закутку.