— Аднаму i пенсіі хваціла б,— кажа яна,— а на пяць ратоў дык i шнуркі гэтыя трэба шморгаць, вочы сляпіць.
— Ну, цяпер абы раток, а хлеба знойдзецца кусок. Але ж — трэба, Лазараўна,— памяркоўна адказвае дзядзька Андрэй, хоць я ведаю, што ён не любіць, калі хто напамінае яму пра яго пяць ратоў: дзядзьку Андрэю пад шэсцьдзесят, a дзеці — два хлопчыкі i дзяўчынка — зусім яшчэ малеча, адно пад адным.
— А не так жа ix пракарміць, як адзець-абуць,— сыпле цётка Вікця.
— Яно, ё-маё, ведама, малое — малым,— бубніць дзядзька Андрэй.— I то, Лазараўпа, праўда. З трыма малымі не пазагараеш. То там дзірка, то тут нешта трэба. От i пляту таму. Якая б капейчына нi была, але, як той казаў, свежая. Ты, Лазараўна, куды так рана?
— Куды ж я хаджу яшчэ?! Ні ён, ні яна не сходзяць, да гатовенькага прывыклі. Ад стала да стала. А ты i па магазінах палетай, i ў кулінарыі паштурхайся, i згатуй, i памый, i дзяцей дагледзь... Казалі ўчора, курэй будуць даваць, дзяшовых. Дык падбягу. Малым на булён. Сабе дык які той наедак з курыцы!
— Ну, але ж! A дзіцяці, ё-маё, добра!
— То, можа, i табе парачку захапіць? Я ж ужо хлопца туды паслала. Калі чарга будзе, каб пастаяў. Дык жа лянота! Ледзь успарола... Ты ўчора чуў ці не? Зноў жа ціятр быў. Ну, з Алікам вашым. Да поўначы ў хату не пускалі. Гадаўкі, а не бабы. Заездзілі чалавека. Точ, як прымак даўнейшы. Самі за яго гарбом трыбухі паадгадоўвалі, а яшчэ i здзекуюцца. I людзей не стыдзяцца, па ўвесь дом лямантуюць.
Не бачу, але адчуваю, што дзядзька Андрэй ад гэтых слоў хмурыцца — не любіць ён, ведаю, такіх гаворак. Пэўна, ніжэй схіліўся над сваёй сеткай, пасапвае, ківае галавой. Урэшце, чую:
— А табе, Лазараўна, тое бытта баліць найбольш?
— Каб мне яшчэ балела? Ды няхай яны там пазадушваюцца! Каб мне яшчэ балела...
— Чаму ж так злосна, Лазараўна? Да ўсяго табе дзела, усё табе трэба ведаць i асудзіць. A ці ведаеш, Лазараўна, як цябе клічуць от за гэтае самае?
— Як трэба, так i клічуць,— ужо крычыць лапатуха.— Ці не сам першы i наплявузгаў на мяне, га? Думаеш, сам добранькі? Го, сказала б я табе, ды людзей сорамна, няшчасны! Ліпіш во на балконе, дык i ліпі. Знайшоўся мне ўказчык! Жонцы сваёй, гаротніцы, указвай. А то яна, бедная, радачкі не знаходзіць, як з пятлі выбавіцца. Я старая, i то ніколі не рашылася б на такое. Цьфу на цябе!
Чутно, як яна пашлэпала па двары...
Счакаўшы крыху, выходжу хутка па балкон, кажу:
— Добры дзень, дзядзька Андрэй!
— Здароў, Раманавіч! — Колькі часу маўчыць, пасля падымае галаву, сіліцца ўсміхнуцца: — Чуў, ё-маё? От жа шкодлівая баба. Не проста абгаворыць, а яшчэ i ўкусіць. I за самае балючае месца... Ну, што новага?
Я дастаю з кішэні цыгарэты, не спяшаючыся прыпальваю.
— Не ведаю, дзядзька Андрэй. Нічога такога.
Сусед, відно, рады, забыцца на тое, што было, бо падхоплівае:
— А я ў шэсць слухаў радзіва. Апошнія ізвесція. Hiчога, як ты кажаш, такога. Непанятна мне, Раманавіч, толькі адно. Да якой гэта пары будзе тое, ё-маё, у В'етнаме? Гэта ж колькі гадоў ужо!
Дзядзька Андрэй, ведаю, не чакае адказу. Ён больш за мяне, відаць, чытае газет i слухае радыё, пытаецца проста так, дзеля таго, каб я падтрымаў яго гамонку. Таму я паціскаю плячыма:
— Цяжка сказаць, дзядзька Андрэй. Па ўсім відаць, не скора там ціха будзе.
— Я ж от сяджу, слухаю тое радзіва i думаю. Людзі цяпер не дурныя, вайну перажылі, ё-маё, паразумнелі. I не адны ж мы перацярпелі. Дык чаму ж гэта ўсім разам не сказаць: до — вайны, до — слёз, до — смерцяў? От хоць бы сабе тыя амерыканцы. Не ўсе ж яны фашысты, Раманавіч?
Я ківаю галавой.
— I я ж так лічу,— хуценька кажа дзядзька Андрэй.— Ведама, не ўсе. Сярод фрыцаў i то людзі трапляліся. Хоць рэдка, але трапляліся.
Я маўчу. Зноў прыгадаўся сон, а з ім — тая апошняя блакада, тое, як мы, ацалелыя, выходзілі пасля блакады з лесу, як натыкаліся на забітых i павешаных нашых людзей — жанчын, старых, дзяцей... «Трапляліся сярод ix людзі, дзядзька Андрэй, але вельмі i вельмі рэдка. А яшчэ радзей абуджалася людское ў тых людзях...» — думаю.
Сусед таксама маўчыць, адкладвае ўбок чаўнок, разблытвае шнурок, потым, беручыся зноў за работу, кажа:
— Ведаеш, Раманавіч, што мой Толік утора адчудзіў? Падыходзіць да мяне i пытаецца: «Табе, тата, на вайне ногі адарвала, праўда?» Праўда, кажу, сынок. Дык ён вазьмі ды скажы: «А ты, татачка, не пайшоў бы на тую ванну, ды i ўсё». Што ты скажаш? Ісці на вайну, кажу, трэба было, сынок. Ён зноў: «Чаму?» От, ё-маё. Кажу яму: «Трэба было, каб больш вайны не было, каб табе, сынку, не давялося ісці». Аціхла мае птушанё, прыхінулася да мяне, але бачу — думае аб нечым. I точна, Раманавіч. Бліснуў ён вачанятамі i гэтак хітра кажа: «А мяне ж, тата, яшчэ тады не было!» Разумны ўжо, жэўжык!.. Куды, куды ты лезеш? — закрычаў раптам дзядзька Андрэй.— Табе, табе кажу! Чуеш, Сяргейка?
Зірнуў — каму гэта ён? Аказваецца, на яблыньку, учарэпіўшыся за ніжнія сукі, лезе хлапчанё. Учуўшы дзядзьку Андрэя, жэўжык саскочыў на зямлю, сунуў рукі ў кішэні i, пасвістваючы, паволі пайшоў да крэсла-гушкалкі.
— Бач ты яго, лета ў сілу не ўвабралася, а ён ужо зялепухамі ласуецца. Жывот сапсуеш, памаўза! — крыкнуў дзядзька Андрэй.— От жа матка, можа, i бачыць недзе з акна, а, ё-маё, маўчыць. Гэта Грышы Ваўчка, з апошняга пад'езда. Ведаеш — чарнявы такі, з вусікамі, на шчотачнай фабрыцы робіць?