Я не ведаю Грышы Ваўчка. Дзіўна, але за тры гады, што жыву тут, я ведаю зусім нямногіх сваіх суседзяў. А можа, так яно i павінна быць? Горад, кажуць, адначасова і згуртоўвае людзей, раз'ядноўвае. Але ж ці так гэта? Вось жа дзядзька Андрэй, бязногі чалавек, які рэдка калі пакідае сваё куросанне на балконе, каб пасядзець з мужчынамі ў двары, ведае ў доме ўсіх, нават от гэтага падшыванца, сына Грышы Ваўчка, чарнявага, з вусікамі, які робіць на шчотачнай фабрыцы.
— Ну, ты-то можаш i не ведаць яго. Раніцой пойдзеш, увечары прыйдзеш. А я ж тут, ё-маё, ад усходу да захаду...
Я слухаю дзядзьку Андрэя, а сам чамусьці пачынаю думаць пра іншае. Пра тое, што люблю нашу гарадскую ўскраіну. Люблю за тое, што тут шмат прасторы, шмат сонца, паветра i маладой зеляніны. А яшчэ за тое, што людзі, якія жывуць тут,— той жа дзядзька Андрэй, Алік, Франак, нават цётка Вікця — не страцілі, не разгубілі — нi ў гаворцы, ні ў паводзінах, ні ва ўяўленнях — таго, што было вынесена імі з вясковай хаты, з роднага бацькавага кута. Няхай сабе гэта падасца каму смешным i наіўным, але — вельмі ж шчымліва затрымціць душа, калі раптам паплыве з расчыненых насцеж вокнаў недзе на пятым паверсе любая матчына песня, аж страпянешся часам, калі гарадская бабулька прыкрыкне раптам на ўвішнага гарадскога ўнука цюцелька ў цюцельку так, як крычала калісьці на мяне бабка-нябожчыца: «Угамонішся ты ці не? Дальбог жа, злаўлю i крапівою так зжыгаю, што ўжо не сядзеш, дык не сядзеш!..»
— Ты што, не чуеш? — кажа раптам дзядзька Андрэй.— Дык от я i кажу: як пасядзіш тут, ё-маё, цэлы дзень, дык i наслухаешся, i пагамонішся. I што я табе, Раманавіч, хачу сказаць. Часам мяне одум бярэ. Вазьмі вайну. Табе тады колькі было? Гадоў сем-восем? Ну, то ты, хлопец, мала чаго i помніш. А маю жызню, ё-маё, вайна напалам пераламала. З хрустам, Раманавіч, з болем...
Я крыху ведаю лёс дзядзькі Андрэя. Да вайны ён жыў у вёсцы, рабіў у калгасе конюхам. Меў жонку i двое дзяцей. I матка старая з ім жыла. A вярнуўся — нікога не знайшоў. Суседзі расказалі, што ў адзін дзень карнікі ўсіх паклалі. Паўвёскі загінула. Усе, хто не паспеў уцячы ў лес. Каб яшчэ не калецтва, то, можа, i вытрываў бы Андрэй. А так — махнуў на ўсё рукой, запіў. Гадоў дзесяць жыў, не ведаючы, дзе спаў, што з'еў. Зімой ля вакзалаў, ля сталовак аціраўся, летам — ля базараў. Аж пакуль не стрэлася жанчына адна. I маладзейшая за яго, i здаровая, а от сталася так, што прывяла Андрэя да сябе, вымыла, апранула, сказала: «Жыць трэба». Так i жывуць. Траіх дзетак нажылі. Жонка на заводзе робіць, а ён, дзядзька Андрэй, у камбінаце надомнай працы. Пляце сетачкі для дзіцячых ложкаў, авоські, тэнісныя i валейбольныя сеткі... Пра ўсё гэта я чуў ад той жа цёткі Вікці. Можа, што i не так было, хто ведае — дзядзька Андрэй сам гаварыць пра тое не любіць...
— Дык слухай. Я не пра сябе. Цяжка людзям жылося — не давядзі бог! I ў вайну, i пасля. А от жа не азвярэлі. Чуеш, Раманавіч? У самога каторага гора, але i другому паспагадае, падзеліцца апошнім. А цяпер, здаецца, не тое.
— Што, горшыя сталі?
— Не, я таго не скажу. Людзі розныя былі. I добрыя, i благія. Але от здаецца мне, што мы бытта пачалі забывацца. На гора пачалі забывацца, Раманавіч. На тое, што было, што перажылі. Мяккасці, спагады ў людзей бытта паменела, ці што. Абнадзеіць, паспачуваць чалавеку, слова добрае сказаць — дробязь гэта, а не кожны з нас i на гэта здатны. Яно, бытта ў горадзе гэта i не прынята, людзі з усяго свету пасабіраліся, але ж, ё-маё...
— Вы ж, дзядзька Андрэй, не забыліся...
Сказаў я гэта i пашкадаваў, бо сусед мой нейк схіліўся раптам, быццам яму пільна спатрэбілася ўгледзецца ў толькі што завязаны вузел, потым шумна выдыхнуў паветра i сказаў, не падымаючы галавы.
— Я, хлопец, не забыўся. Не магу забыцца, каб i хацеў. Во,— ён паварушыў сваімі кульцяпкамі,— не даюць забыцца. Ледзь што якое — смыляць, спаць не даюць.
— Даруйце, я не тое хацеў...
— Нічога, што ж тут крыўдаваць,— дзядзька Андрэй зняў з кручка гатовую сетачку, разгарнуў яе, агледзеў, шпурнуў у кашолку. Асноўваючы новую, знячэўку спытаў: — Ты, Раманавіч, з-пад Загорска? Быў я некалі ў вашых мясцінах. У сорак чацвёртым. Як немца гналі. Драпаў фрыц — угнацца не маглі... Помню вёсачку адну. От як цяпер вуліцу бачу, доўгую, дажджамі размытую. Каменняў на вуліцы шмат было. А на скрыжаванні, пасярод вёскі, царква. Адна сцяна ад яе ацалела...
У маёй роднай вёсачцы вуліца таксама вечна размывалася дажджамі. I на ёй таксама, нібы свінні, ляжалі вялікія белыя камяні. I царква ў нас таксама была. Пасля вайны ад яе засталася адна толькі сцяна. Яна стаяла доўга, аж пакуль старшыня калгаса не запрасіў аднекуль сапёраў, i тыя нейк пад вечар узарвалі сцяну... Можа, пра маю родную Карпілаўку гаворыць дзядзька Андрэй?
— Назвы, хоць забі, не помню. А от саму вёску добра запомніў. Спыніліся мы ў ёй на некалькі хвілін. Якраз каля царквы. Пасаскоквалі з машыны, людзі нас ураз акружылі. Пэўна, усе збегліся, хто на той час дома быў. Плачуць, смяюцца. Ашчаперыла мяне бабулька адна, а слова сказаць не можа, слязьмі заліваецца... Ты помніш хаця той час, Раманавіч?
Я спахопліваюся, адказваю:
— Помню, дзядзька Андрэй. Той час я ўжо добра помню.
— Дык от слухай. Адышоўся я крыху ўбок, прысеў на камень пад той царкоўнай сцяной — пераабуцца, бо нешта ў боце муляла...
Я пасцярожыўся. Нешта раптам гарачае хлынула пад грудзі, хутчэй затахкала сэрца, а галаву свідравала адно: «Няўжо?»
У той дзень мы выйшлі з гнілога куп'істага лесу на сухі пясчаны Барок да сваіх зімовых зямлянак — блакада скончылася. На старым месцы, сярод чатырох абсмылелых слупкоў, неўзабаве западала вогнішча. Посцілку на тыя слупкі не нацягвалі — быў яркі цёплы дзень. Над вогнішчам у вялікім чорным катле варылася мяса — ненадалёк ад зямлянак знайшлі забітую карову. Яна была падстрэлена, відаць, пару дзён назад, бо паспела ўжо засмярдзець, а на разарваным бруху была плойма мух. Але цётка Юстына сказала:
— А што, бабы, можа, паспрабуем? Гэта ж не ад хворасці, не падла. Усмажыцца, упрэе, дык i пах той адаб'е.
Цётка Юстына i аднарукі дзядзька Тодар былі над усімі намі начальнікамі. Асабліва цётка Юстына. Яе слухаўся нават дзядзька Тодар. Адмовілася свежаваць тую карову толькі цётка Волька, матка Пецькі Рабатага:
— Не, я ўжо лепш галодная буду, a есці не буду. Не магу, бабачкі. Ванітуе мяне. Паспрабую схадзіць дадому. Можа, у каго хлеба расстараюся, пакуль вы тут будзеце валаводзіцца.
I яна, пакінуўшы Пецьку сярод нас, пайшла ў вёску. Жанчыны ж хуценька ўправіліся з каровай, нарэзалі лепшых кавалкаў, накідалі повен кацёл.
У нас, дзяцей, быў свой занятак. Спачатку мы аблазілі спаленыя зямлянкі, спадзеючыся там што-небудзь знайсці. Пасля памагалі дзядзьку Тодару цягаць яловую кару — ён майстраваў вялікі, адзін на ўсіх, будан, каб можна было ўкрыцца ад дажджу. Але скора нам тое надакучыла, i мы разбрыліся, хто куды.
Я з Толікам Кантуром пайшлі да старога калодзежа, з якога бралі ваду да блакады. Цяпер браць з яго ваду не рашыліся — баяліся, што калодзеж атручаны. Цётка Юстына з маёй маткай выкапалі другі. Месца, дзе капаць, паказаў дзядзька Тодар,— там, дзе канчаўся соснік i пачынаўся ельнік. Калодзеж атрымаўся гэткі ж, як i стары — квадратная яма глыбінёй з метр, i вада ў ім была амаль такая ж, як i ў старым, хоць дзядзька Тодар i спадзяваўся, што тут, бліжэй да грудка, яна будзе лепшая.
Стары калодзеж быў паўнюсенькі — з берагамі. Вада — чорная, бяздонная, з рудымі масляністымі пацёкамі поверху. Па ёй бегалі-мітусіліся чорна-бліскучыя жучкі. Нам вельмі карцела даведацца, атручаны ён ці не. Але як? Толік даўмеўся праверыць гэта на жабе. Ён умудрыўся злавіць вялікую зялёнуіо рапуху i ўкінуў яе ў ваду. Жаба няўклюдна выбралася на другі бераг. Мы зноў спіхнулі яе ў калодзеж — жаба зноў вылезла. Некалькі разоў мы спіхвалі жабу ў ваду. Нарэшце Толік заявіў:
— Ага, я ж казаў, што не атручаны. Жаба во набралася вады, аж раздуло яе, а хоць бы хны. Давай нап'ёмся.
Але піць мы не сталі: i не хацелася, i не было як падступіцца да вады — бераг быў сыры, балоцісты, непрыступны, нельга было не толькі прылегчы, але i апусціцца на калені. А тут яшчэ Толік успомніў, што перад блакадай ён закапаў пад сасной некалькі кавалкаў слюды. Неяк старэйшыя хлопцы хадзілі на Падлужжа, дзе ўпаў фашысцкі самалёт, i прынеслі адтуль шмат розных цацак i слюды. Увечары мы запальвалі кавалкі гэтага гаручага шкла i насіліся з сіненькімі агеньчыкамі па лесе. Таму цяпер, калі Толік успомніў пра свой клад, мы адразу забыліся i на стары калодзеж, i на тоўстую зялёную рапуху. От здорава будзе, калі знойдзем! Нікому не скажам, пакуль не ацямнее. А тады...
Але апаролі мы пясок, пэўна, вакол пяці сосен, ды слюды не знайшлі. Я ўжо злавацца пачаў на Толіка — мусіць, выдумляе ён усё, ніякай слюды ён не хаваў, можа, у яго i зусім яе не было, але Толік бажыўся, што закопваў, i гробся ў пяску яшчэ старанней.