Не магу, пэўна, перадаць тое, што адчувалі мы, дзеці, гледзячы на таго байца. Гэта быў ён, адзін з тых, каго мы звалі «нашы» i каго чакалі так, як, пэўна, нікога i ніколі на свеце. Хай толькі прыйдуць нашы!.. З гэтым мы звязвалі ўсё. Перш-наперш яны, вядома, прагоняць немцаў. А пасля... А пасля будзе такое, чаго мы i ўявіць сабе по маглі. Што пачнецца, як яно будзе пасля таго, як прыйдуць нашы, мы, канечне, не ведалі, але былі ўпэўнены: прыйдуць нашы i ў нас будзе ўсё-ўсё, што захочам. Будзе хлеба — многа-многа хлеба, столькі, што пачнеш есці i ніколі яго не з'ясі; будуць штаны — сінія, з кішэнямі i з рамянём; будуць чаравікі — скураныя, чорныя, бліскучыя, са шнуркамі; у мяне i ў Толіка будзе па ножыку-складанчыку — з двума лязамі, з шылам, з касцянымі тронкамі... Го, хай толькі прыйдуць нашы!..
I вось яны прыйшлі, i адзін з ix сядзіць перад намі на камені i разуваецца...
Баец зняў пілотку, запхнуў яе над рамень, падняўся, прайшоўся босымі нагамі па траве.
— Вы ведаеце, як гэта здорава — ступаць босай нагой па зямлі? Га, жэўжыкі? — сказаў ён, усміхаючыся.
Мы паглядзелі на свае босыя, парэпаныя ногі i таксама ўсміхнуліся. Што ж тут такога — хадзіць босым? Мы во ўжо ад снегу босыя бегаем! Па траве добра гойсаць, мякка, a ў лесе босай назе, дзядзька, i не вельмі здорава: то шышка сухая падаб'ецца, то сучок які ўпорацца — аж прысядзеш...
Не ведаю, ці думаў я так тады, ці гэта падумалася цяпер, праз дваццаць з гакам гадоў. Можа, i не думаў тады нічога такога, бо ніхто з нас не прамовіў ні слова. Зрэшты, мусіць, увогуле не дайшоў да нас сэнс таго, што сказаў баец. Мы проста стаялі вакол i елі яго вачыма. Яго пілотку, зорачку на ёй, бліскучыя цацкі на грудзях — мы тады яшчэ не ведалі, што тыя цацкі завуцца ордэнамі i медалямі. А вось твару байца я не помню. Не ведаю, быў ён чарнявы ці русявы, з вусамі ці без вусоў... Гэтага нічога не помню. Помню толькі, што быў баец, што сядзеў на камені босы, што ногі ў яго былі нязвычна белыя, апрэлыя...
— Дык ты слухай, Раманавіч. Перакруціў я анучы, а заадно i перакусіць вырашыў. Дастаў хлеб, тушонку адкрыў. А вакол мяне — падшыванцы. Абступілі i глядзяць. Насцярожана глядзяць, баязліва. Помню двух. Па гадоў сем-восем. Худзенькія, у штоніках са шлейкамі, мокрыя калашыны падкасаныя да калень. A мурзатыя — страхоцце! Бытта ў балоце выкачаліся. Адно — вачаняты. I ведаеш, Раманавіч, што запомнілася? Гэта да мяне не адразу дайшло... Што галодныя былі тыя вачаняты. От ем i бачу, што i яны кожны мой кавалак адкусаны да рота праводзяць... Ё-маё, думаю: вось вам i радасць найбольшая ад вызвалення — кавалак хлеба... Я пальцам тым двум паківаў — падыдзіце, ё-маё, бліжэй. Падышлі. Што, кажу, есці хочаце? Маўчаць мае чарцяняты. Адрэзаў я ім па скібцы хлеба. Узялі. I ведаеш, Раманавіч: адразу не накінуліся. Стаяць, маўчаць. Гляджу я на ix, ажно бачу, нешта ў ix у кулачках ёсць. Пакажыце, кажу, што там у вас? Паказваюць. Паверыш, Раманавіч, ці не — па птушаняці. Па птушаняці ляснога канька. Узяў я ў рукі аднаго, сэрцайка так i б'ецца, ледзь не выскачыць. I так я, Раманавіч, расчуліўся, ё-маё. Лixa яго ведае, ад чаго, але — аж сляза нагарнулася... А пасля пытаюся ў ix: «Дзе ўзялі?» Там, кажуць. Дзе гэта там, кажу? А ля кладкі, адказваюць. Навошта ж вы ix, кажу, бралі? Маўчаць мае героі. Потым адзін смялейшы, відаць, кажа: «Вам, дзядзя!» Ах вы, чарцяняты мае, дадумаліся — такі падарунак байцу паднесці! Дзе гняздо, кажу, запомнілі? Запомнілі, кажуць. Дык вось вам, кажу, мой загад: бягом туды, адшукаць гняздо, палажыць птушанят i далажыць. Ясна? Павесялелі чарцяняты. Ясна, кажуць, i з месца сарваліся...
Так... Значыць, то i праўда быў дзядзька Андрэй. Значыць, гэта яму падаваў я тым ліпеньскім днём сорак чацвёртага года птушаня? Значыць, гэта ён даў нам з Толікам па лусце хлеба з тушонкай? Тады мы, канечне, не ведалі, што то была тушонка, мы звалі яе халодным мясам, але ж смаката была — аб'ядзенне. Мы ўтрубілі той хлеб у мінуту, як толькі пабеглі выконваць загад. Няўжо мы былі такія галодныя? Няўжо дзядзька Андрэй пабачыў па нашых вачах, што мы хацелі есці? Мы, здаецца, i не глядзелі на той хлеб. Мусіць, памыляецца дзядзька Андрэй. А астатняе — усё праўда. Я таксама памятаю, як ён хадзіў босы па траве, i як выняў з брызентавай торбы паўбуханачкі хлеба (такога хлеба мы i не бачылі раней— быццам паўцаглінкі), i як ножыкам-складанчыкам адкрываў бляшанку з той смачнай тушонкай, i як распытваў нас, дзе мы ўзялі тых птушанят, i як загадаў аднесці ix назад, пакласці ў гняздо...
Дабеглі мы тады да Юркавай лазні, перайшлі па кладцы на другі бок рэчкі, а дзе той куст — не ведаем. Адзін абшасталі — няма, другі, трэці — таксама нідзе.
— Можа, адцураліся? — выказаў я здагадку.— Дзядзька ж Тодар казаў, што калі зачэпіш яйкі, то птушка таго гнязда адцураецца. Помніш?
— Адцураецца, адцураецца! — Толік зазлаваў на мяне.— То ж птушаняты, а не яйкі. Ад птушанят не адцураюцца.
— Дык, можа, яны астатніх птушанят звялі?
— Дурань ты! Ну, хай птушанят звялі, а гняздо куды падзелася?
Ну i праўда дурань! Гнязда ж птушкі з сабой не маглі ўзяць.
Мы зноў пачалі шукаць. I трэба ж — знайшлі яго ў кусце каля самай-саменькай кладкі. У гняздзе сядзелі i астатнія птушаняты. Мы пасадзілі да ix сваіх двух i — галопам у вёску: далажыць, што заданне выканана.
Але на крыжавых ужо нікога не было. Толькі на пяску засталіся сляды машын ды ў паветры яшчэ стаяў пах перапаленага бензіну.
Помню яшчэ, што, калі я прыйшоў дадому, мне папала ад маці: яна хапілася, што мяне нідзе няма, i спалохалася — ці не ўмудрыліся мы з Толікам убіцца ў машыну i паехаць з салдатамі...
— От i ўсё, Раманавіч. Больш я нічога не бачыў. Праз некалькі хвілін мы пайшлі далей. A жэўжыкі i вёсачка тая засталіся ў памяці. Дай ты веры — птушанят салдату прынеслі, га, Раманавіч? Жэўжыка аднаго як цяпер помню. Дужа ж на майго Алёшку змахваў. Нe на гэтага, на таго Алёшку — першага майго таксама Алёшкам звалі. Канапаценькі такі ж, рыжанькі, i шчэрбіна наперадзе... Недзе ж, пэўна, жывуць птушаняты. Раз выжылі, дачакаліся нашых, дык жывуць, канечне. A ці помняць салдата таго, што сядзеў на камені пад сцяной царквы, i ці палажылі ў гняздо птушанят ляснога канька? Як думаеш, Раманавіч?
— Помняць, дзядзька Андрэй. Канечне, помняць. I птушанят на месца аднеслі. Толькі...
А болей я нічога не сказаў, хоць, можа, i трэба было нешта сказаць. Але — што? Што то была мая веска i што адзін з тых мурзатых, галодных падшывапцаў — вось ён, перад ім? Што Толік — канапаты, рыжы, са шчэрбінай наперадзе, Толік Каптур, мой сябрук дзіцячых ваенных гадоў, Толік, які нагадаў дзядзьку Андрэю яго Алёшку, таго Алёшку, ад першай жонкі,— што ён таксама стаў ахвярай вайны, падарваўшыся тым жа летам сорак чацвёртага на міне?
Сказаць пра гэта я чамусьці не рашыўся... Мо калі іншым разам...
Дзядзьку Андрэя жонка паклікала снедаць. Ён на руках перанёс сваё грузнае цела цераз парожак i знік у пакоі. Я застаўся на балконе — дасмактаць цыгарэту.
Двор ажываў. Унізе, пада мной, занялі ўжо сваё звычнае месца — на сонечнай лаўцы — бабулі-пенсіянеркі, маладзіца з чацвёртага пад'езда выкаціла ў садок i паставіла ў засені яблыні дзіцячую каляску, прыкрыўшы яе зіхатліва-белай карункавай накідкай — хай спіць малое, хай дыхае свежым ранішнім паветрам...
Ну, а мой сон? Меў ён якое-небудзь дачыненне да таго, што пачуў раніцою ад дзядзькі Андрэя? Не ведаю. Ведаю толькі адно: тое будзе прыходзіць у мае сны: неаднойчы...
СТАРАЯ ЯБЛЫНЯ
Яшчэ з зімы старой Ганулі нядужылася. І сама не ведала, чаго раптам тая хвароба прыслепілася. Ды каб жа і хвароба як хвароба, а то...
Праўда, перад тым была яна застудзілася. Пэўна, як з лазні ішла. Заўсёды брала з сабой ватнічак, каб пасля, як памыецца, грудзі ахінуць. А на той раз не ўзяла. І думала ўзяць, ды пасля паленавалася лезці па яго на печ, падумала: ат, абыдзецца, зіма як і не зіма ўсё адно, даўно каляды мінуліся, а снегу так і не падсыпала. І не чула, здаецца, каб да грудзей той холад пракраўся, як ішла з лазні паўз гароды, але ж от, мусіць, праняло ўсё ж. Назаўтра кашаль прыкінуўся — сухі, дзяркаты, спадыспаду недзе, як бы і не з грудзей. Як зойдзецца, дык, здавалася, нутро выварочваецца і ў левым: баку паколвае.
Ну, але папіла яна разы са тры нанач чаю з малінай, прапацела, і, здаецца, адлягло, мінулася ўсё тое: і кашаль прапаў, і між лапаткамі перастала ціснуць. Яна ўжо і на вуліцу выходзіла, каб з бабай каторай словам перакінуцца, і Лысуху колькі разоў даіла, і дроўцаў, каб увечары ў грубцы прапаліць, прыносіла. На прастуду тую і забылася.
Ажно праз нейкія тыдні са два ці тры прачнулася раніцаю Гануля, паднялася, як заўсёды, борздзенька, каб ногі долу спусціць, і знячэўку ў вачах у яе пацямнела, млосна зрабілася, у грудзях нешта цёплае разлілося, дыханне перахапіла. Не сказаць, каб яна спалохалася. Ці мала што можа быць? Мо з'ела што благое, а мо ляжала кепска. Но ўпершыню так. Колькі разоў здаралася, яшчэ і тады, калі маладзейшая была, што цямнела ў вачах. Бывала, рачкуе пад баразной разоранай бульбы, грэбаецца, а разагне спіну — і ледзьве ў баразну тую не абсунецца: у вачах свет так і счарнее. І як ля каровы, доячы, на дыбачках пасядзіць, то таксама было — устане, і раптоўна тая халодная гарачыня ў грудзях разліваецца, да галавы падкочваецца, а ногі бы ватовыя робяцца.
Адвалілася Гануля зноў па падушку, паляжала, аддыхалася. Думала, што мінецца слабасць, што ачомаецца яна, ажно — не! Паспрабавала зноў сесці, быццам і асцярожна, памаленьку, на локцях падымалася — і зноў млоснасць адчула. Але ўсё ж села. Павяла вачамі на хату, а хата кружыцца, плыве. І сэрца так хуценька б'ецца, няйначай як у курыцы, калі яе знянацку ля карыта ўловіш. Прыклала далонь да грудзей, паслухала хвіліну — скача, б'ецца сэрца, і так, нібыта блізенька, пад самаю рукой, бы не ў грудзях, а толькі пад скураю. Хацела Гануля нешта сказаць сама сабе, ды не змагла — языком варухнула, а па словы дыхання не хапіла. Пахаркала раскрытым ротам седзячы, а пасля нямогла зноў абсунулася на падушку.