Мы перайшлі да шостай сасны, як раптам пачулі крык. Паднялі галовы — па сцежцы з боку вёскі бегла цётка Волька, бегла, колькі сіл мела, аж матлялася, i крычала:
— Людцы, ратуйцеся! Немцы-ы!
Цётка Юстына таўханула нагой кацёл. Вочапка сарвалася, ён асунуўся на вогнішча i перакуліўся. Вогнішча затрашчала, зашыпела, задыміла густа i смярдзюча...
Апомніўся я ўжо тады, калі бег поруч з маці, якая трымала мяне за руку. Побач бег Толік з маткай, цётка Волька з Пецькам Рабатым, з вялізным хатулём на плячы чвякаў босымі нагамі па гразкай балотнай сцежцы дзядзька Тодар. Беглі ўсе. Беглі туды, адкуль прыйшлі некалькі гадзін назад — туды, дзе па пояс у вадзе пераседжвалі блакаду.
Ці доўга мы беглі, я не памятаю. Памятаю толькі цяжкае дыханне маці (у яе за спіной быў ладнаваты клунак, а на руках трохгадовы Сашка, мой меншы брат), глухое звяканне трох лыжак i дзвюх медных конавак у хатульку, якія я трымаў у руцэ, а яшчэ памятаю, як дзядзька Тодар усё паўтараў на бягу:
— Нам бы, бабы, толькі да пунькі Хвэлькавай... Толькі б да пунькі... Далей яны не палезуць...
А потым мы зусім нечакана i вельмі ўжо блізка пачулі стрэл. Праз мінуту прагрымеў другі, пасля трэці. Усе пападалі долу, проста на хлюпатную балотную сцежку. I тады пачулі знаёмы жаночы голас:
— Стойце! Куды вы прэцеся. Стой, такую вашу маць!
А яшчэ праз хвіліну, з-за елак выскачыў конь. На кані мы ўбачылі цётку Паліну, жонку камандзіра партызанскага атрада. Перад блакадай атрад пайшоў на поўнач, на злучэнне з іншымі атрадамі (так тлумачыў нашым маткам дзядзька Тодар), а цётка Паліна засталася разам з намі, з бабамі i дзецьмі. Учора ўвечары яна некуды знікла, а от цяпер сядзела перад намі на кані. Валасы ў яе былі раскудлачаны, у руцэ быў пісталет, а рот смяяўся.
— Бабы! Тодар! Адурэлі вы, ці што? Нашы ж прыйшлі! Чуеце, нашы! Чырвоныя ў Карпілаўцы!
Яна ўзмахнула рукой, бабахнула з пісталета — аж спудзіўся, ледзь не ўпаў на калені конь,— закрычала:
— Ура, бабы!
Першай апрытомнела цётка Юстына. Яна паднялася, абцягнула мокрую, усю ў балотнай твані спадніцу, закінула за спіну клунак. Колькі хвілін яна тапталася на сцежцы, пераступаючы з нагі на нагу. А потым шмякнула аб мох клункам, успляснула рукамі i, закрычаўшы нешта незразумелае, кінулася па сцежцы назад. За ёю сарваліся з месца ўсе.
Я вырваў руку з матчынай. Поруч са мной апынуўся Толік. I мы панесліся па сцежцы, распырскваючы твань — адкуль толькі сілы ўзялося. Мы імчаліся i колькі моцы было крычалі:
— Ура! Нашы прыйшлі! Нашы! Ура-а-а!
Беглі мы аж да дарогі, што вяла з лесу ў вёску — пакуль духу хапіла. Тут мы на хвіліну прыпыніліся — аддыхацца. I тут жа вырашылі, што пойдзем не па дарозе, а па сцежцы, што вілася ўздоўж рэчкі — так будзе бліжэй. A галоўнае — сцежка выходзіла якраз на скрыжаванне, дзе i павінны быць «нашы».
Мы звярнулі на сцежку i зноў пабеглі — праўда, ужо не так шпарка: не хапала дыхання. А тут яшчэ штаны перашкаджалі: калашыны былі мокрыя, цяжкія, каляныя. Перад кладкай, што каля Юркавай лазні, мы зноў прыпыніліся — падкасаць штаны. Толік збочыў ca сцежкі пад куст i там згледзеў гняздо, a ў гняздзе птушанят, чацвёра, ужо ў пер'і, на вылёце. Мы, не згаворваючыся, ухапілі па птушаняці i зноў паджгалі да вёскі. Нашто мы ix бралі — не ведаю...
На скрыжаванні сабралася ўся наша Карпілаўка. Мы з Толікам ледзь праціснуліся між спадніц i сукенак наперад. Па вуліцы адна за адной ішлі машыны. Велізарныя, з высачэзнымі бартамі-драбінкамі, з дзвюма восямі ззаду. Куды да ix той палутарцы, якая была да вайны ў нашым калгасе i якую мы з Толікам крышачку помнілі. За машынамі цягнуліся «пушкі» i розныя прычэпы на двух колах. Некаторыя з гэтых прычэпаў былі з круглымі жалезнымі комінамі, з якіх цягнула дымком. Нашаму здзіўленню не было канца: дым на колах! Толькі пасля мы ўжо даведаліся, што гэта былі паходныя салдацкія кухні.
За адной з машын беглі сабакі. Ды каб жа адзін ці два, а то добрых дваццаць. I кожны быў на асобным ланцужку. A сабакі! Такіх мы i не бачылі раней. Як ваўкі: вушы тырчаць, хвост трубою, спіны цёмна-сівыя, а бруха святлейшае. Мы з Толікам аж прабеглі крыху за той машынай...
A людзі нашы як ні пашалелі. Усе махалі рукамі, нешта крычалі, кідалі ў машыну кветкі. Тут жа, узбоч вуліцы, стаялі сталы, а на ix — вёдры з вадою, жбанкі з малаком, яйкі i букеты кветак. Усё гэта было вынесена на вуліцу для байцоў. Але машыны не спыняліся. Толькі час ад часу падымаўся ў кузаве то адзін баец, то другі, перагінаючыся цераз борт, кідаў пад ногі бабам кавалачак мыла, карабок сернікаў, пачку махоркі.
Цётка Юстына i тут была быццам галоўнай. Яна выбягала на дарогу, лезла пад самыя колы машыны, крычала:
— Малачка, хлопчыкі, папіце, халодненькага!
З машын ёй усміхаліся, махалі пілоткамі, адказвалі:
— Спасіба, мамаша, некагда!
У адным з байцоў, што цесненька сядзелі адзін каля аднаго ў кузаве машыны, цётка Юстына «пазнала» раптам свайго Аркадзю. Машына тая ўжо мінала крыжавыя, калі яна кінулася за ёю i нема закрычала:
— Аркадзя-а!
Машына не спынілася, i цётка Юстына бегла за ёй аж да мастка, а потым упала тварам у пясок. Помню, як яе вялі назад жанчыны, трымаючы пад рукі, i маці мая ўгаворвала:
— Супакойся, Юстынка. Не было там твайго Аркадзі. Памылілася ты, прытрызнілася табе. Ці ж я твайго Аркадзю не пазнала б...
Адна з машын звярнула з дарогі да царквы i спынілася. Усе кінуліся туды. Бабы абдымалі байцоў, плакалі, дзеўкі сарамліва совалі ім кветкі, старэйшыя i смялейшыя чмокалі ix у няголеныя, запыленыя шчокі, дзядзька Тодар падыходзіў да кожнага i моўчкі падаваў кожнаму сваю адзіную левую руку.
Пасля, калі крыху аціхла мітусня першых хвілін сустрэчы, мы ўбачылі, што адзін з байцоў адышоўся ў цень, пад сцяну царквы, прысеў на камень i пачаў разувацца. Мы акружылі яго, моўчкі, не зводзячы вачэй, глядзелі на яго.