— А раптам? Карацей, вось што, брат. Бяры камандзіроўку і едзь у Вішанькі. Пісьмы, вершы пачытай, мо родзічы, сваякі таго хлопца жывуць, аднавяскоўцаў параспытай... Ды ці вучыць цябе?!
— Калі ехаць? — толькі і спытаў Мамойка.
— А хоць і сёння, калі цябе нічога не трымае,— рэдактар усміхнуўся.
Вось ён і паехаў. Не сказаць, каб з ахвотай. Лепш было б паехаць куды ў горад, а не ў нейкія Вішанькі. Што зараз, кастрычніцкаю парою, рабіць у тых Вішаньках? Гразь мясіць? Ды ліха з ім, неяк будзе...
Аўтобус шпарка каціўся па шашы. Імкліва, ажно пярэсціла ў вачах, адбягалі назад прыдарожныя маладыя прысады, а лес па небасхіле, наадварот, кружыўся ў карагодзе бы напярэймы. Мамойка, гледзячы ў акно, міжволі слухаў гамонку суседзяў ззаду і паперадзе. Ззаду сядзелі дзве дзяўчыны, амаль яшчэ дзеўчынёхі. Ён бачыў, як яны сядалі ў аўтобус. Абедзве ў кароткіх плашчыках, з-пад якіх матляліся вакол ног шырокія калашыны штаноў з манжэтамі, на плячах у іх віселі блішчастыя, спартыўнага крою сумкі. Цяпер тыя сумкі ляжалі ў дзяўчат на каленях, а дзяўчаты, схіліўшы галовы з доўгімі, рассыпанымі па плячах, валасамі, нямоўчна шчабяталі між сабою. Праўда, шчабяталі яны, відаць, зважаючы на яго, напаўголасу, каб тое, пра што гаварылі, не надта даходзіла да ягоных вушэй. Ён і сапраўды чуў пятае праз дзесятае, міжволі ўлоўліваў толькі асобныя словы. Затое дзве пажылыя кабеты, што сядзелі паперадзе, гаварылі гучна, мо аж занадта, іх каб і не хацеў, а даводзілася слухаць. Гаварыла больш адна, тая, што сядзела ля акна, насупраць Мамойкі, другая ж, ківаючы ў знак згоды галавой, толькі зрэдку прамаўляла сёе-тое.
«Маёй маме восемдзесят сёмы. Так яшчэ, дзякаваць богу, і нічога сабе. Але ж праўду, Ганначка, кажуць: старое — як малое. Памяць пачала губляць. Я прыехала неяк, пытаюся ў яе: «Што, мама, не пазнаеш?» А яна смяецца: «Чаму ж, кажа, не пазнаю? Ты дачка мая, Верка!» І рада, бачу, што прызнала, хоць і Веркай мяне назвала. А пасля заплакала: «Ты не думай, дачушка, што я ўжо саўсім знасілася. Я яшчэ і паем, і пасплю добранька. Толькі ножкі мяне ўжо не хочуць трымаць...» — «Дык яно ж так. Мы з табой, Валя, па столькі не пражывём...» — «Дзе ты бачыла, Ганначка! Цяперашні чалавек не раўня даўнейшаму. Стрыжань у нас не той. Узяць хоць бы нас з табой. Здаецца, бабы яшчэ як бабы, а крануць — трухля адна».— «Але ж...» — «Я ж, казала табе, ад дачкі еду. Праведала, а то ўлетку не магла вырвацца. Добра мая Нюра жыве. Гэта ж і граматы асаблівай не мела, а калі добры чалавек налучыўся, дык і без граматы той... Гэта ж, Ганначка, пахвалюся, і машыну сяголета купілі. Нядаўначка саўсім, яшчэ, лічы, і не каталіся. Троху самі сабралі, троху я памагла. Цяпер, казалі, і да мяне часцей будуць наведвацца...»
Слухаў Мамойка гамонку жанчын, глядзеў у акно, і нейкая заспакоенасць на душу сыходзіла. Ад чаго — і сам бы не сказаў, але нечакана злавіў сябе на тым, што думае пра Вішанькі, куды едзе. Уяўляліся яны невялікай, утульнай, у садах вёсачкай, з парослай травою вуліцай, па якой ля платоў улетку кешкаюцца куры, са старой — у аеры і чароце — сажалкай, з абымшэлымі палямі ад колішняга млына. Вёсачкай, дзе і цяпер яшчэ збіраюцца вечарамі дзе-небудзь на лаўцы альбо па выслізганым, сівым ад часу бервяне, пад якое падкладзены два пляскатыя камяні, дзяўчаты і спяваюць не абрыдлыя, зацяганыя па радыё да агоркласці песні, а нешта сваё, напеўнае і мілагучнае, мо нават трошачку самотнае, ды затое надзіва суладнае, суадпаведнае і гэтай ціхай, не надта раскалашмачанай машынамі вуліцы, і гэтай навісі вішнёвых садоў, і гэтай маркотнай сажалцы. Ну, можа, хоць бы песню пра зялёную вішню, што з-пад кораня выйшла. Песня прыгадалася, пэўна, таму, што Мамойка любіў яе, часам нават сам спяваў пад добры пастрой, хоць да спеваў быў не надта здатны, а мо таму, што ехаў у Вішанькі?
«Ай, Ірка, дурная ты! Я б нікада не пацярпела такога нахала!»
Гэта, забыўшыся, пэўна, на яго суседства, гучна сказала адна з дзяўчат, што сядзелі ззаду, і Мамойка ўсміхнуўся. Усміхнуўся з самога сябе, са сваіх блазенскіх трызненняў пра незнаёмыя Вішанькі. Дзе ім быць, у якім такім кутку захавацца?! Мо вось гэтыя шыракаштанныя і проставалосыя стрынадкі і едуць якраз у тыя Вішанькі. Вось і чакай, што яны праспяваюць табе ўвечары на тым выслізганым сівым бервяне тваю любімую «Зялёную вішню»!..
За Лішчыцамі — прачытаў па прыдарожным указальніку — пачаўся дождж. Ціхі, дробны, надакучлівы. І ці то з гэтае прычыны, ці таму, што вось так нечакана збеглі ад яго зялёныя, ціхія і ўтульныя Вішанькі, Мамойка засумаваў. Ён па-ранейшаму глядзеў у акно, на тое, як беглі назад мокрыя, ужо амаль голыя кусты, як кружыліся ў карагодзе на дальнім лузе стагі, няўцямна слухаў гамонку пярэдніх суседак (яны гаварылі пра нейкую Уліму, якая паддобрывалася пад брыгадзіра, каб памог перад выхадам на пенсію ўладкавацца па больш грашовую пасаду), а думкі яго плылі ў іншым кірунку.
Думаў пра сябе. Пра тое, што жыццё ягонае ўсё яшчэ коціцца неяк само па сабе, без высілку, без разгону, нават без перашкод і, акрамя ўсяго таго, без належнага накіроўніцтва. Бярэцца пад трыццаць, а ён усё яшчэ нішто. Чалавек — галава і два вухі! Нават сям'і не завёў. Халасцякоўствам сваім, якое ж, канечне, зацягнулася, тут маці праўду кажа, ён, аднак, не засмучаўся. Дзяўчына, якую кахаў, пахінулася да іншага і неўзабаве выйшла замуж. Ён доўга не мог у тое паверыць... Надараліся іншыя дзяўчаты, але таго ранейшага, трымклівага і шчаслівага пачуцця не ўзнікала, а без яго — у тым быў перакананы — ні пра што сур'ёзнае думаць нельга. Так і жыў, так неўпрыкмет і беглі год за годам. Горш было тое, што пакрысе гэтакім жа самацёкам пайшло і другое яго жыццё — яго работа.
Пасля універсітэта трапіў ён у рэдакцыю рэспубліканскай газеты. Аднакурснікі ці не зайздросцілі яму. Напачатку ён, бадай, і сам сабе зайздросціў. З якім душэўным хваляваннем пісаў ён свае першыя рэпартажы, нарысы, замалёўкі, з якой бояззю, мо нават і не з бояззю, а з нейкім унутраным трымценнем здаваў ён свае журналісцкія спробы загадчыку аддзела! Дзе ж яно падзелася, куды прапала тое хваляванне, тое трымценне?
Тады, па першым часе, ён не мог выседзець у рэдакцыі і месяца, усё рваўся ў камандзіроўкі, не выбіраючы месца, не чакаючы нейкай асаблівай пнагоды. Чаму ж цяпер ён ужо выбіраецца ў дарогу толькі тады, калі папросяць ці падгоняць? Раней, вярнуўшыся з камандзіроўкі, ён мог па некалькі начэй не спаць, пішучы нарыс ці артыкул, пакутліва думаў над кожным словам, цярпліва высноўваў радок за радком. Цяпер жа з чыстым сумленнем проста «адпісваўся». Пра большае ўжо не думаецца. Газета жыве адзін дзень. Дык ці ёсць патрэба, ці можна ўвогуле ствараць шэдэўры-аднадзёнкі?..
«Вось, Ганначка, і прыехалі...»
Мамойка схамянуўся. Сапраўды, пад'язджалі да райцэнтра. Пэўна, сотню кіламетраў адлічылі колы, а ён, бач, усё корпаўся ў самім сабе. Занятак, аказваецца, не дужа прыемны. І што раптам найшло на яго? Здаецца ж, не было прычыны. Відаць, проста паўплываў восеньскі настрой: счарнелае ржышча, сіратлівая буслянка, што прамільгнула ля нейкай вёскі, рагі дажджу на шыбах, масляністыя лужыны на асфальце ды яшчэ вось гэтыя, ужо зусім «гарадскія» суседкі-стрынадкі, што едуць, можа быць, таксама ў Вішанькі...
У гарадку Мамойка перш за ўсё зазірнуў у гасцініцу. Як заўсёды, вольных месцаў не было. Дзяжурная спачувальна паківала галавой, сказала без асаблівай надзеі ў голасе:
— Падыдзіце ўвечары, мо хто выедзе.
Колькі разоў чуў ён падобныя фразы ў маленькіх, без асаблівых выгод, аднак чамусьці заўсёды ўтульных і цёплых раённых гасцініцах! Незалежна ад таго, ці выязджаў хто, ці не выязджаў, вечарам месца знаходзілася. Калі не ў пакоі з горача напаленай грубкай, дык на калідоры, спрэс застаўленым раскладанкамі. Пэўна, знайшлася б раскладанка і тут, але Мамойка парашыў не чакаць вечара, не выпрабоўваць сваё шчасце, а адразу падацца ў Вішанькі, калі яшчэ можна сёння туды даехаць. Разважыўшы так, зноў пайшоў да аўтастанцыі.
Яму пашанцавала: неўзабаве ў кірунку Вішанек выпраўляўся маленькі, з аднымі пярэднімі дзверцамі аўтобусік. Людзей у яго набілася — як зачыніць. Уплішчыўся неяк і Мамойка — ці не апошнім, стаяў на прыкупцы, прываліўшыся плячамі да дзверцаў.
Ехаць так, на шчасце, было нядоўга, прытым па шашы-асфальтоўцы. Ён не паспеў нават і прыцерціся сярод спін, як аўтобус, скрыгатнуўшы тармазамі, спыніўся. Мамойка павярнуў галаву і праз шкло дзверцаў убачыў на ўзбочыне драўляны слупок з шыльдачкай: «Вішанькі, 0,5 км». Дзверцы расчыніліся, і Мамойка задам ледзь не вываліўся на ўзбочыну. Следам за ім выпхнуліся з аўтобуса, наўздзіў Мамойку, і стрынадкі са спартыўнымі торбамі. Ён не стрываў, усміхнуўся. «Вось так, брат, як у ваду глядзеў»,— сказаў сам сабе і ў нейкай бы злосці, нават не зірнуўшы на іх, пакрочыў да вёскі.
Да Вішанек вяла прамая і шырокая, не надта даўно пракладзеная — яшчэ не ўсюды паспелі зарасці травою адхоны — дарога-насыпанка. Уздоўж яе ў тры рады былі высаджаны (таксама нядаўна, мо сёлетняй вясной, бо яшчэ не паспелі пачарнець калочкі, да якіх прывязаны дрэўцы) бярозкі, на іх сям-так трымаліся яшчэ дробныя, скурчаныя лісточкі. Дажджу тут, мусіць, не было — пад чаравікамі шаргацеў сухі жарсцвяк, ішлося бадзёра і спорна, і Мамойка праз нейкую хвіліну быў у вёсцы.
Вішанькі паўсталі перад ім зусім не такімі, якімі мроіліся ў аўтобусе. Паабапал шырокай чыстай вуліцы стаялі новыя, ашаляваныя і пафарбаваныя хаты пад шыферам. Платы ад вуліцы таксама былі пафарбаваны — светла-зялёнай фарбай, і не проста пафарбаваны, а размаляваны ўзорамі — сінімі і жоўтымі ромбамі.
Пасярод вёскі было нешта накшталт плошчы. Тут, справа, стаяў двухпавярховы цагляны будынак дырэкцыі саўгаса (Мамойка здалёк прачытаў шыльду), а злева — аднапавярховы, але таксама цагляны, з калонамі, клуб. Пры клубе стаяў невялікі акуратны дамок з белай сілікатнай цэглы. Над дзвярыма дамка Мамойка прачытаў кароткае слова: «Музей». Ён міжволі зрабіў некалькі крокаў да яго, але, угледзеўшы на дзвярах замок, завярнуў да саўгаснай канторы.
Аднак і тут яму не пашанцавала. Дзяўчыпа-сакратарка ў прыёмнай дырэктара сказала:
— Дырэктар і парторг у раёне. А вы па якой справе і адкуль?
Дзяўчына, даволі сімпатычная, у чырвонай кофтачцы, якая шчыльна аблягала грудзі, і ў сініх, з маланкай наперадзе, таксама ў абцяжку, штанах, падобная на ўсіх сакратарак, якіх ён пабачыў нямала, паднялася з крэсла, выйшла з-за стала і пазірала на Мамойку сваімі падсіненымі вачамі з непрыхаванай цікавасцю. Яму гэта не спадабалася, і ён буркнуў:
— Ды так...
— Не хочаце — не гаварыце.— Дзяўчына быццам не заўважыла яго няласкавасці.— А чым жа магу памагчы?
Мамойка, крыху патаптаўшыся ў нерашучасці, нечакана таксама ўсміхнуўся:
— Калі можаце, адчыніце мне ваш музей. Альбо падкажыце, дзе я магу знайсці загадчыка.