Ён ўстаў і паклаў гарачыя далоні паўзверх ейных, што сціскалі халодныя прэнты.
- Я ж табе гаварыў, не набліжайся... Гэта небяспечна...
- Я ведаю.
Пацалунак скрозь краты, з якіх ты вольны выйсці - усё роўна што ананасы ў шампанскім... Прыгожа да манернасці...
- Нагадвае сцэну з оперы... - з некаторай няёмкасцю прамовіў Каганецкі, які, адарваўшыся ад вуснаў сваёй магчымай забойцы, адразу ж адыйшоўся, прытуліўся спінай да халоднай сцяны. - Прабачце... Сам парушыў правілы бяспекі. Думаю, лепей будзе памаўчаць, каб не правакаваць нешта падобнае.
- Добра, давайце памаўчым, - нягучна згадзілася Багуслава, якой таксама было няёмка. Урэшце, яна не сентыментальная дзяўчынка, і не такое яшчэ бачыла ў жыцці, каб перажываць з-за неўрастэнічнага арыстакрата, які спрабуе вызначыць, вар’ят ён ці не. Няшчаснаму жаўнеру, якога прыгаварылі з-за нязначнай правіны да шпіцрутэнаў, такія б праблемы!
Багуслава зноў уселася на сваю скрынку, прытулілася спінай да калоны... Тут было так ціха... Як у чэраве біблейскага кіта, які праглынуў прарока Іова за тое, што не хацеў ісці прарокаваць смерць грэшнаму гораду. Дзесьці ішлі дажджы, выў вецер, злодзеі задумвалі свае нядобрыя подзівігі на пагібель добрым людзям - а тут было ціха... Так, што Багуслава нават задрамала.
Пабудзіў яе стогн... Ці рычанне?
А-ёй, гэта ж не адна гадзіна прамінула... Што там робіцца з яе паднаглядным?
Багута зняла з крука лямпу, падкруціла як мага болей кнот, каб дадаць святла, і паднесла да клеткі. Граф ляжаў на спіне, проста на камянях, павярнуўшы набок галаву, заплюшчаныя вочы пад павекамі круцяцца... Вось - зноў стогн скрозь зубы... Нейкі... нечалавечы?
А раптам ён сапраўды ператвараецца ў звера? У пачвару? Багуслава разумела, што гэта глупства, забабоны, графская манія, але... На хвілю нават захацелася, каб тут быў Ніхель, рацыянальны, рашучы, нязломны... Што ж рабіць? Зразумела, Варакса строга наказаў - што б ні здарылася, графа не прыстрэльваць... Пакуль не ажэніцца. Вось ажэніцца, выправіць пашпарт - тады хоць скуру з яго лупі на дыванок.
І ўсё-ткі... Раптам...
Пакуль яшчэ не лапа, рука: роўна падстрыжаныя пазногці, пальцы прыгожай формы, але не слабыя, і здрапаныя па-пралетарску - ясна, столькі стодаў пасек граф уласнаручна за апошнія суткі... У куточках вачэй намеціліся зморшчынкі... Адна, глыбейшая - між броваў, густых і прамых - такія бываюць у людзей, якія не ўмеюць хітрыць. На ўпартым падбароддзі ўжо, здаецца, прабіваецца шчэць... Ці поўсць?
Каганецкі зноў застагнаў-захрыпеў і адвярнуўся да сцяны. Спіць? Перакідваецца ў звера? Ці... памірае? Мінулай ноччу ледзь не памёр жа! А раптам і сёння трэба даць яму ўкол? Ну чаму Ніхель пра гэта не падумаў...
Нешта зусім ціха ляжыць... Дыхання амаль не чутно... Не чутно?
Багуслава доўга не раздумвала, ключ двойчы павярнуўся ў замку, і вось яна ўжо ў клетцы са зверам.
Фатографка паставіла лямпу на камяні падлогі і нерашуча схілілася над мужчынам. Зноў яна разглядае яго, вывучае з нейкай хваравітай цікаўнасцю... Быццам першы раз у жыцці ўбачыла іншага чалавека. Здавалася, за сузіраннем гэтага зусім не класічнай прыгажосці аблічча Багуслава магла праседзець вечнасць... Як углядаючыся ў плынь вады ці ў танец полымя.
Вядома, чалавек заўсёды знойдзе, як сябе апраўдаць. Я гэтага хачу, значыць, мне гэта трэба, а раз мне гэта трэба, я гэтага дамагуся.
Багуслава апраўдвала сваю прагную цікаўнасць... ну, скажам, медыцынскім наглядам.
Та-ак, поўсць не расце... І кіпцюры не вылазяць - а Багуслава ўжо так ярка ўявіла, як гэта адбываецца, і яе хапае за горла страшная лапа...
За руку яе ўсё-ткі схапілі, але не лапай, а рукой. Граф глядзеў у яе светлыя, як лёд, вочы сваімі шэрымі вачыма, у якіх не было, на шчасце, вар’яцтва:
- Вырашылі ўсё-ткі прыстрэліць мяне?
Трэба ж, калі яна паспела прыставіць пісталет да ягонай галавы? Цела зноў само спрацавала...
Багуслава павольна апусціла зброю.
- Вы стагналі. Мне падалося, што...
- Што перад вамі воўк? - Каганецкі сеў - у клетцы было занадта мала месца для дваіх, і яны апынуліся непатрэбна блізка адно ад аднаго. - І вы не прыдумалі нічога лепей, чым залезці сюды?
- Праспявалі трэція пеўні. Поўня страчвае сваю сілу, - прашаптала Багуслава, чамусьці не робячы спробы вызваліць руку.
- Першыя пеўні пяюць, калі ўзыходзіць зорка Канопус, - таксама шэптам сказаў Каганецкі, не адводзячы вачэй. - Другія пяюць - калі зорка гэтая хаваецца за далягляд. Трэція - на золку, але насамрэч - у чатыры гадзіны ночы... У кастрычніку ў гэты час да сонца яшчэ далёка.
- Але пеўні праспявалі, і цемра больш не мае над табой моцы.
- Наша цемра ў нас. - яго вусны здрыгануліся, і Багуслава зразумела, што зараз зноў пачнецца спектакль пад назовам “я пачвара, прэч ад мяне”.