- А я і не гуляю ў праведніка, - жорстка адказаў Каганецкі. - Мае продкі пакаленнямі трымалі прыгонных, сцябалі іх на стайні, садзілі ў рагаткі... У экспедыцыях я міжволі выконваў “місію белага чалавека”, і колькі заўгодна можна спачуваць непісьменным бедным плямёнам, але калі ад сквапнасці, падлючасці і баязлівасці наймітаў можа загінуць экспедыцыя, калі бачыш, што тубыльцы вось-вось ператворацца ў гіенаў, а падлай станеце вы, белыя, сытыя, багатыя, уладальнікі такіх каштоўных бліскучых прадметаў... Я не саромеўся ўжываць сілу, якую некаторыя неразвітыя розумы толькі і шануюць. - Граф сціснуў кулак, і Багуслава ўявіла, як у стэпу ці ў гарах у ім заціснуты пісталет, шабля ці нагайка.
- Людзі не павінны так абыходзіцца з людзямі, згодны. Я ведаю, што самадзяржаўе мусіць абрушыцца, што так, як цяпер - нельга, ганебна... Але што прапануеце вы, Багуслава? Бомбы? Раздзяленне на прыгнятальнікаў і прыгнечаных, і першых усіх - пад нож? Каму сталася лепей, калі забілі Аляксандра Другога? Ён рыхтаваўся да ліберальных рэформаў, а пасля ягонай гібелі прыйшоў час цемрашальства, падазронасці...
- З-за такіх, як вы, і пануе цемра! - Багуславу калаціла ад гневу. - Па вашаму, трэба сядзець, чакаць, пакуль усё само зменіцца? Не чапаць катаў, няхай яны нас вешаюць, б’юць бізунамі, ссылаюць у Сібір?
- Ёсць іншыя шляхі дзеля зменаў у грамадстве, акрамя брутальных забойстваў, якія толькі даюць падставу для ўзмацнення рэпрэсій, - упэўнена сказаў Каганецкі.
- Агітацыя, прапаганда, мірныя мітынгі, несупраціў... Вы, можа, талстовец, ваша светласць? Ну, напісаў Леў Талстой ліст Аляксандру Трэцяму з просьбай памілаваць царазабойцаў, і што, цар прыслухаўся? Ненавіджу “пакутнікаў за народ” на словах! Някрасаў сачыніў кранальны верш пра тое, як бедны хлопчык пакутліва загінуў, калі ўскочыў на запяткі карэты, дзе па звычаі былі насованы цвікі дзеля абароны ад такіх спрытных мальцоў. На наступны ж дзень верш абляцеў увесь горад, усе павыдзіралі са сваіх карэтаў гэтыя злашчасныя цвікі... Раптам людзі бачаць - едзе адна, з цвікамі на запятках. Абураны натоўп спыніў шыкоўны экіпаж, і з яго выйшаў... Хто б вы думалі? Аўтар згаданага верша Мікалай Някрасаў!
Каганецкі паківаў галавой.
- Вы самі здзівіцеся, калі пераканаецеся, колькі фарысеяў у вашых жа колах. Людзі паўсюль аднолькавыя, Багуслава. Дарвуцца да ўлады - і пачнуць ператварацца ў такіх самых дэспатаў, якіх звалілі, ці яшчэ горшых. Вы вельмі мала бачылі ў жыцці добрага, і мала ведаеце жыццё. Праўда, мне і самому не выпадае асабліва чым тут пахваліцца... Але ўсё ж - не толькі я сяджу зараз у клетцы, але і вы. Не толькі я жыў дасюль пасярод маны - але і вы. Каб было не так - вы не мелі б таго пачуцця віны, якое пячэ вас знутры і змушае да цынізму. У вас самой няма перакананасці ў справядлівасці таго, што робіце, і вас гэта прыгнятае.
Як чорта ні хрысці, усё адно: “У балота пусці”.
- Граф Шымон Каганецкі, ягоная светласць! - здзекліва прасіпела Багуслава скрозь зубы. - Ніхель мае рацыю, вы сапраўды - наш вораг.
- Ну дык забіце мяне. Зброя ў вас пад рукой, - сур’ёзна прамовіў заолаг. Багуслава, калоцячыся ад гневу і незразумелай тугі, наставіла на яго пісталет. Каганецкі не зварухнуўся, трымаючыся абедзвюма рукамі за краты і не апускаючы нахабных шэрых вачэй, у якіх адбівалася цьмянае святло лямпы.
- Прычакаю, калі ў вас хвост адрасце, - рэзка кінула дзяўчына і ўселася на скрыню, паклаўшы пісталет на калені. Пасля ўспышкі гневу па скуры, як заўсёды, прайшлася марозная хваля.
- Што ж, хутка поўнач, - прамовіў Каганецкі і таксама ўсеўся на старое месца, падпершы спінай вільготную сцяну. - Магчыма, мне не доўга ўдасца падтрымліваць... чалавечую гаворку.
Багуслава пастаралася выраўняць дыханне - Ніхель вучыў гэтак вяртаць кантроль над эмоцыямі. А ён жа баіцца... Граф сапраўды баіцца - гэтай ночы, сябе, таго, што можа адбыцца... Магчыма, таму і завязаў гэткую гарачую дыскусію! Падобна, што ён гатовы быў справакаваць заўчасны стрэл!
- Вы што, сапраўды верыце, што ў вас вырастуць поўсць і хвост? - усё яшчэ злосна прамовіла Багута. Каганецкі стамлёна заплюшчыў вочы і адкінуў галаву.
- Не ператварайце мяне зусім ужо ў дурня. Зменіцца не фізіялогія, а паводзіны. Свядомасць. І як гэта будзе выглядаць...
Так, яму сапраўды страшна. Злосць адпусціла Багуславу.
- Вы ж заолаг, біёлаг, павінны быць знаёмыя і з псіхалогіяй не толькі жывёлаў. Спраўджваецца тое, чаго чакаеш, чаго баішся. Пераадолейце свой страх - і пазбавіцеся ад фобіі!
- Я ведаю, - апусціў галаву граф, валасы неахайна звесіліся на сіратліва падняты каўнер паліто, так, што можна было прыняць заолага за жабрака.
- Але больш за ўсё мы баімся таго, чаго не ведаем. Сведчанне - экспанаты нашай сямейнай калекцыі. А я з дзяцінства жыву сярод аповедаў пра ваўкалакаў. Бачылі наш герб?
- Так... - ускінулася Багута. - І доктар згадваў пра нейкія родавыя паданні. У вас што, сапраўды былі ў продках ваўкалакі?
- Былі, - сур’ёзна сказаў Каганецкі. - Магчыма, гэта проста водгулле паганскіх часоў, калі хтось з прапрадзедаў быў жрацом або правадыром у племені, дзе татэмам прызнаваўся воўк. Герадот апісваў, быццам у тутэйшых лясах жылі неўры, якія маглі ператварацца ў ваўкоў. Магчыма, мае продкі валодалі дарам берсеркерства - як скандынавы. У беларусаў такое апантанне падчас бойкі таксама было распаўсюджанае, і таксама лічылася, што чалавек ператвараецца ў звера. Толькі звярыныя здольнасці ў сямейных сагах падаваліся як станоўчыя - яны прачыналіся ў нас, калі трэба было бараніць радзіму ад чужынцаў. Нібыта як толькі ворагі спыняліся побач на начлег падчас поўні, старэйшы ў нашым родзе ператвараўся ў ваўка і забіваў прыхадняў.
- Сапраўды, карысная здольнасць, - згадзілася Багуслава. - Магчыма, вам варта ...як гэта модна цяпер гаварыць? - прымірыцца са сваім унутраным зверам? Тым болей - вы заолаг, у вас гэта лёгка атрымаецца... І замест таго, каб баяцца сваёй другой натуры - зможаце яе выкарыстаць. Уяўляеце, спатрэбіцца вам паназіраць за якой рэдкай жывёлінай - раз, на чатыры лапы сталі - і падкрадайцеся, колькі ўлезе... І прыпасаў не трэба ў экспедыцыю браць. Дачакаліся поўні, выраслі іклы - і па здабычу... А як рамантычна можна выгульваць свайго мужа, такога чатырохлапага, у шыкоўнай пухнатай скуры, на ланцугу!
- Спадзяецеся выдрэсіраваць ваўка? - фыркнуў Каганецкі, які, на шчасце, не зазлаваў на чорны гумар рэвалюцыйнай нявесты. - Няўжо вы з тых эмансіпэ, якія прымаюць мужчын толькі пасаджанымі на ланцуг і ўтаймаванымі?
Багуслава задумліва пакруціла ў руках пісталет - свой улюбёны, з інкрустацыяй з зялёнага перламутру ў выглядзе ліста папараці.
- Я чытала кніжачку адной такой паэткі, што ходзяць у шалях і капелюшах і робяць выгляд, быццам пад іхнімі нагамі камяні Вальгалы, а не местачковая запляваная шалупіннем семачак брукаванка. Ну, вы самі ведаеце такую паэзію, манерна-містычную, дзе ў кожным радку Дыянісіі да Цытэры, Даэроны ды Тамрыелі. Але адзін верш цудоўненька можа пакласціся на нашу сцэну... Ён напісаны на аснове антычнага падання: калі пры сустрэчы воўк першым пабачыць чалавека, чалавек знямее.
Багуслава страсянула стрыжанымі валасамі, быццам яны яшчэ былі светлымі і доўгімі, і прадэкламавала, напачатку па-блазенску, але потым усё больш сур’ёзна:
Фатографка як бы мімаволі ўстала і наблізілася да клеткі, адкуль на яе глядзелі ўважлівыя шэрыя вочы.
Багуслава наблізілася ўшчыльную да клеткі і ўзялася за краты. Пісталет адцягваў кішэню кардыгана.
Словы злавесна гулка раздаваліся пад нізкімі зводамі сутарэння, быццам гучала старажытная замова.
Апошнюю страфу Багута прагаварыла амаль шэптам, углядаючыся ў свайго звера: