- І святло ў нашых душах ёсць. Ты ж сам казаў...
Каганецкі асцярожна - як прыручаюць лясное кацяня - правёў рукой па яе шчацэ, адсунуў чорную пасмачку валасоў.
- Ніколі не думаў, што да мяне ў клетку аднойчы падсадзяць пару...
- Ной знайшоў жа па пары кожнай тварыне Божай...
Яна сама наблізіла свае вусны да ягоных... А потым... потым было ўсё роўна, што вакол - сталёвыя прэнты, вільготныя камяні сутарэння, напоўнены чужым злом маёнтак і чорны лес, што страсаў апошнія залатыя лісты, быццам раскаяны грэшнік, які рыхтуецца прыняць схіму і адмаўляецца ад зямной любасці і прыгажосці.
Вось яно як бывае... Аказваецца, і так бывае - калі... кахаеш, хаця пра каханне не было сказана ні слова... Проста пасля такога ніколі больш не захочаш інакшых дотыкаў і ласкаў, бо гэта будзе такая мана, ад якой памрэ сэрца.
- Думаю, больш гатычнай шлюбнай ночы не было ні ў кога, - задыхана прамовіў Шымон, раскінуўшы рукі так, што адна высунулася праз краты за межы клеткі, а другая абдымала атынкаваную сцяну з вільготнымі рагамі. - Ніводны раманіст не прыдумае!
- Ты і праўда збіраешся ўзяць са мной шлюб? - адсланёна папыталася Багута, чыя растрапаная галава ўтульна ўладкавалася на аголеных грудзях няздзейсненага ваўкалака.
- Панна Багуслава, вы згодны выйсці за мяне?
Прагучала так урачыста, што фатографка не стрымала смеху:
- Нешта наш раман з табой раскручваецца ў адваротным напрамку. Прапанова рукі і сэрца пасля ночы кахання... Цяпер, напэўна, будзем знаёміцца?
- Някепская ідэя... - ягоная рука слізганула па яе плячы, пад расшпіленую кашулю, перашкаджаючы думаць пра штосьці іншае... - І як вас, ясна панна мая, насамрэч завуць?
Багуслава страсянула галавой ад казытлівага шэпту над вухам:
- Багуслава Кленчыц.
- Хутка ты станеш графіняй Каганецкай, - ён уладна прыціснуў яе да сябе. - Не таму, што мяне змушае слова, дадзенае пану Ніхелю. А таму, што не хачу цябе адпускаць. Я так вырашыў яшчэ тады, перад камінам, калі ты мяне ледзь не зарэзала. Але ж хіба я думаў, што ў мяне з’явіцца сэнс жыць? Цяпер - ён у нас абодвух ёсць.
На хвілю ў гэта паверылася... Але дзяўчынка са светлай касой, з пукатымі блакітнымі вачыма, у карычневай гімназічнай форме ўстала з травы і пагразілася пальцам, шыя яе была ненатуральна скрыўленая.
Не забывайся, хто ты!
- Мяне не так лёгка затрымаць, Шымон, - Багуслава выслізнула з ягоных абдоймаў і паднялася, зашпіляючы кашулю. Гарсэтаў рэвалюцыянерка не прызнавала, але на жаночым адзенні ўсё роўна мелася, як на яе густ, зашмат гузікаў, аплікаў і шнурочкаў, так, што часам хацелася іх паабрываць, як цяпер. - Я не з тых, каго можна пасадзіць ля агменю і пакласці на калені вышыванне.
- Я ведаю... - ён таксама ўзняўся і абхапіў яе за плечы. - Зразумей, мне ўсё роўна, хто ты, што зрабіла і мяркуеш зрабіць. Нават калі аднойчы зноў палічыш патрэбным забіць мяне. Я таксама не анёл. Але калі ваўкі абіраюць сяброўку, гэта на ўсё жыццё. Я буду з табой. Захочаш ты ці не, дазволіць гэта Ніхель, ваша арганізацыя, паліцыя, Трэцяе аддзяленне, міжнародная ліга суфражыстак і хто заўгодна, ці не.
Ён няўважна сунуў рукі ў рукавы змятай кашулі, не клапоцячыся пра зашпільванне гузікаў, падняў з падлогі сваё шматпакутнае чорнае паліто і глыбока ўздыхнуў, быццам наважваўся на страшнае.
- Ну што, час выйсці з клеткі... І прызнаць, што ўсё-ткі Боўнары - навалачы, а я - даверлівы дурань. Да таго, як развіднее, яшчэ колькі гадзінаў. І хаця для нас абоіх, як я разумею, не ў навіну праводзіць ночы на голай зямлі і камянях, усё-ткі прапаную перабрацца ў больш традыцыйны ложак.
Раздзел восьмы. Пачвары местачковага жыцця
Гадзіннік на камодзе графскага пакоя, у выглядзе паравоза, які дарэмна срабуе спыніць атлет, празвінеў ажно дзевяць разоў. Неба за вакном пачало з чорнага рабіцца сумна шэрым, як мокрая тынкоўка альбо радно, якім мастак завесіў сваё палатно.
Таму што неадольна хацелася верыць, што за гэтай шэрасцю, варта тузануць за яе краечак, адкрыецца каляровы святочны пейзаж.
Толькі ніхто не мог знайсці, дзе ж край панылай завесы.
Багуслава млява разглядала сябе ў пачэпленым на сцяне невялікім авальным люстэрку, якое нібыта было закрапанае дажджом - адслаілася амальгама.
- Напэўна, ты ўсё-ткі звер, вось, пакусаў мяне, нягоднік...
Каганецкі гнутка ўзняўся з ложка, падышоў са спіны, правёў па яе шыі
рукой, потым вуснамі:
- Гэта пацалункі, а не ўкусы, мадам. А ў вас такая неверагодна пяшчотная... м-м-м... скура... што на ёй павінны заставацца сляды ад найлёгкага дотыку.